У вёсцы Праўда — Брыльянтавая вяселле

Общество

IMG_2346Яны вельмі падобныя гэтыя сталыя прывабныя людзі — Мая Мінаўна і Васіль Міхайлавіч Калтовічы. Перш за ўсё сваёй гасціннасцю і добразычлівасцю, дабрынёй і спагадай. Нездарма сцвярджаюць, што доўгае сумеснае жыццё робіць падобнымі мужа і жонку нават знешне.  А сумеснае жыццё ў іх і сапраўды доўгае —  учора сям’я адзначыла 60-гадовы юбілей.
Ведалі Васіль і Мая адзін аднаго з дзяцінства — жылі па  суседству. Толькі Васіль старэйшы на шэсць гадоў. Як з войска вярнуўся, здаваўся Маі дарослым мужчынам. А яна тады была яшчэ зусім дзяўчынкай. Неўзабаве падрасла, стала прыгожай дзяўчынай. Вось і ўпадабаў яе Васіль.  Сам — прыгожы, статны, высокі. Таксама спадабаўся Маі.
Заляцаўся да дзяўчыны сціпла, па-вясковаму. Раней на вёсцы хлопцаў і дзяўчат было шмат, часта ладзіліся вечарынкі. Дамоў заўсёды Васіль і Мая вярталіся разам. Неўзабаве і ў сваты прыйшоў.
Бацькі ў абодвух — калгаснікі. У Праўдзе жыло не адно іх пакаленне.  У Маі быў яшчэ старэйшы брат, ваяваў на фронце, памёр рана. Былі і меншыя дзеці ў бацькоў, памерлі маленькімі.
Васіль рана застаўся без маці. Ледзь памятае яе. Неўзабаве бацька ажаніўся на мацярынай сястры, якая да таго часу таксама засталася ўдавой. І ў Васіля быў брат,  старэйшы на дзесяць гадоў. Яго ўжо няма.
Працавіты Васіль Міхайлавіч з дзяцінства. Усё ўмеў рабіць, што неабходна мужчыне на вёсцы. Асабліва вабіла яго тэхніка. Спецыяльнай  адукацыі атрымаць не давялося, але здольнага хлопца заўважыла кіраўніцтва гаспадаркі — прапанавалі рамантаваць абсталяванне на жывёлагадоўчай ферме, пазней — працаваць механікам па рамонту сельгасмашын, тады загадчыкам майстэрні. У гэтай пасадзе і да пенсійнага ўзросту дапрацаваў. Пасля яшчэ дзесяць гадоў токарам.
Мая Мінаўна заўсёды цягнулася да ведаў. Любіла чытаць,  расказваць сяброўкам розныя гісторыі. Марыла стаць настаўніцай. Мару сваю ажыццявіла — скончыла педагагічнае вучылішча. Накіравалі на работу ў Маладзечанскі раён. Як замуж выйшла, пераехала дамоў. Працавала з таго моманту і да пенсіі ў Новазелянкоўскай школе настаўніцай пачатковых класаў. Раней вучняў было шмат у школе, не меней за 23 у класах. Колькі іх, маленькіх гарэзаў, прайшло праз рукі настаўніцы!
Дом маладыя будавалі самі. Тады яшчэ былі жывыя бацькі з двух бакоў, дапамагалі з будаўніцтвам.
Заўсёды трымалі гаспадарку: карову, цялят, свіней, курэй. Працаваць даводзілася шмат. Можна толькі здагадвацца, калі Мая Мінаўна клалася спаць і калі ўставала. І карову падаіць трэба, і астатнюю жывёлу пакарміць, і снеданне прыгатаваць, і дзяцей у школу сабраць. А яшчэ ж да ўрокаў у школе падрыхтавацца. Ды і за навінкамі педагагічнай літатаратуры прасачыць. І сябе не забыць. Настаўніца павінна заўсёды выглядаць добра. І ўсё атрымлівалася ў бойкай няўрымслівай жанчыны.
Дзяцей у сям’і нарадзілася трое: дачка Ала — старэйшая, замуж выйшла таксама за мясцовага хлопца, жывуць у Мінску, на пенсіі ўжо. Дзве дачкі ў яе. Другая дачка Таццяна працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Новазелянкоўскай школе. У яе дачка. Сын Юрый жыве ў Мінску, працуе на заводзе колавых цягачоў. Жанаты. Дачка яго скончыла медыцынскі ўніверсітэт, пакуль не замужам. Тры праўнучкі і праўнучак у дзядулі з бабуляй.
Васілю Міхайлавічу 88 гадоў. Нягледзячы на ўзрост, ён  і зараз любіць пакорпацца з трактарам, які зрабіў сам. Машына «Масквіч» заўсёды на хаду. Да апошняга часу нават за рулём ездзіў. Сёлета не сеў ужо за руль. А за тэхнікай сваёй сочыць добра.
Дагледжаны дом, падворак і агарод. Радуюць вока шматлікія кветкі, прыгожы газон. Ёсць дзе адпачыць, калі ўся сям’я збіраецца разам. Увесь гэты парадак зараз падтрымліваюць дзеці і ўнукі. Мая Мінаўна і Васіль Міхайлавіч толькі дапамагаюць ім па меры магчымасці.
Склалася ў сямейнай пары сумеснае жыццё — заўсёды жылі ў згодзе. Узаемапавага, любоў і падтрымка — пастаянныя іх спадарожнікі.
Жадаем вам, шаноўныя Мая Мінаўна і Васіль Міхайлавіч моцнага здароўя і доўгага сумеснага жыцця!
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *