«Зялёны бор» — пітная крыніца Мінска

Общество

45766Месяц чэрвень — святочны для калектыву водазабора №11 з прыгожай назвай «Зялёны бор», які знаходзіцца ў вёсцы Рудня. Вось ужо на працягу 25 гадоў помпы станцыі дабываюць ваду для жыхароў і прадпрыемстваў Мінска. Кожныя суткі і ўдзень, і ўночы, не спыняючыся, напаўняюць яны жыватворнай вільгаццю шматкіламетровыя трубы.

— На балансе Руднянскага водазабора 19 свідравін, — расказвае начальнік водазабора № 11 Аляксандр Толкач, — Пастаянна працуюць 3-4, астатнія ў рэзерве. Захаванню грунтовых вод водазабора спрыяе каскад штучных азёр, створаных у руднянскай зоне: Праходка, Рудня, Уборкі, Раваніцкая Слабада. Расход вады за суткі — 20 — 22 тысячы кубоў, у месяц — ад 600 да 700 тысяч кубоў. Вакол Мінска працуе 11 водазабораў, якія забяспечваюць вадой сталіцу нашай краіны. «Зялёны бор» — самая аддаленая станцыя, працягласць водавода — 40 кіламетраў. Санітарны кантроль — звышстрогі. Вада вельмі высокай якасці. Кожны тыдзень лабаранты Мінскай арганізацыі адбіраюць пробы вады, праводзяць аналіз, пры неабходнасці раяць дабаўляць спецыяльныя дэзрэчывы. Асабліва ў спякотныя летнія дні. Бесперабойную работу забяспечваюць 16 чалавек. Сярэдняя заработная плата — 5,5 мільёна рублёў. Сярэдні ўзрост работнікаў — 49 гадоў.
Аляксандр Толкач узначаліў водазабор толькі год таму. Да гэтага часу працаваў таксама на станцыі. Спачатку слесарам, трактарыстам, а пасля атрымання вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці — майстрам. Цяпер начальнікам. А прыняў ён эстафету ад мудрага і вопытнага былога кіраўніка Уладзіміра Галіеўскага, які ўзначальваў станцыю з дня яе заснавання 3 чэрвеня 1991 года. (У памяць аб гэтай даце на тэрыторыі ўстаноўлены памятны знак).
Усе самыя лепшыя чалавечыя якасці перанялі ў Уладзіміра Юльянавіча яго падначаленыя. З шаснаццаці чалавек пяць працуюць з першага дня заснавання станцыі. Гэта машыністы Наталля Алейнік, Наталля Малец, Наталля Салодкая. Заслужанай павагай карыстаюцца электрык Васіль Даўгаполаў, слесар-рамонтнік Сяргей Толкач. З належнай адказнасцю адносяцца да службовых абавязкаў машыніст Анатоль Жыгімонт, абходчык Сяргей Жыгімонт, электраманцёр і брыгадзір Сяргей Канапацкі. З нядаўняга часу аператарам працуе і жонка Сяргея Зінаіда. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС яны пераехалі ў вёску Рудня і вельмі задаволеныя такім выбарам лёсу. Дарэчы, яшчэ дзве сямейныя пары працуюць на станцыі: Малец Юрый і Наталля — абодва машыністы, Шукан Васіль і Алена. Васіль — слесар-рамонтнік, па сумяшчальніцтву зваршчык. А яшчэ ён — воін-інтэрнацыяналіст і грамадскі інспектар па ахове працы. Алена Канстанцінаўна амаль дваццаць гадоў працуе на станцыі прыбіральшчыцай, з’яўляецца прафгрупоргам. Уся арганізацыйная, культурная, забаўляльная, інфармацыйная работа на яе плячах. Правядзенне сходаў, паездкі, экскурсіі, наведванне сталічных тэатраў і канцэртных пляцовак, пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры для дзяцей — вось кола абавязкаў прафсаюзнага лідэра калектыву.
Заўсёды напагатове аварыйная аўтамашына вадзіцеля Генадзія Дзяркача. Дагледжаная тэхніка працуе, як гадзіннік. Самы малады работнік трактарыст Алег Толкач таксама вызначаецца добрасумленнымі адносінамі да працы. У такім калектыве інакш нельга.780
Не забываюцца тут і пра ветэранаў працы. Па добрай традыцыі заўсёды запрашаюць на розныя святы сваіх былых саслужыўцаў: Ірыну Міхайлаўну Анікееву, Васіля Аляксеевіча і Веру Аляксандраўну Гарох, Уладзіміра Юьянавіча і Софью Іванаўну Галіеўскіх, Валянціну Аляксандраўну Знак і Святлану Іванаўну Станкевіч.
Тэрыторыя станцыі літаральна патанае ў прыгожых кветках. Тут і газаніі розных колераў, і львіны зеў, і петуніі, і ліліі, ружы і рамонкі, і шмат іншых цудоўных раслін. Найпершая заслуга ў гэтым дворніка Марыі Шыдлоўскай. Толькі заўзяты аматар сваёй справы можа стварыць такую прыгажосць. А паглядзець тут ёсць на што: раўчук з жывых кветак, клумбы ў выглядзе зоркі, кракадзіл, драўляныя скульптуры, утульныя зялёныя альтанкі.
Хочацца пажадаць гэтаму калектыву далейшага росквіту, плённай працы, сямейнага дабрабыту і добрых заробкаў.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *