Серада, трынаццатага…

Общество

с3Гэты дзень надоўга застанецца ў памяці тых, хто стаў сведкам праходжання магутнага навальнічнага фронту па тэрыторыі Чэрвеньшчыны. І найперш — тых, хто ў большай ці меншай ступені пацярпеў ад стыхіі.

с4
Машынны двор ААТ «Крыніца Ігуменшчыны»

…Пасля абеду, бліжэй да чатырох гадзін, нельга было не звярнуць увагу на калматую чорна-шэрую хмару, якая, здавалася, завісла дзесьці над Мінскам. Пагрозлівы цень ад яе ператвараў дзень у позні вечар. Мяркуючы на накірунку ветру, бура павінна была абмінуць Чэрвень. Але неўзабаве ён змяніўся і пачаў узмацняцца.
І вось ужо дзіка зашумела-загуло ў вяршалінах дрэў. У нейкі момант лавіна дажджу накрыла наваколле так шчыльна, што праз акно нельга было разгледзець амаль нічога. Забарабаніў па шыбах град…с5
«Канец свету» доўжыўся ўсяго некалькі хвілін. А вось яго наступствы нарабілі людзям клопату не на адзін дзень.
Паводле першапачатковых звестак раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, на Чэрвеньшчыне было адключана 288 трансфарматарных падстанцый, 17 ліній электраперадач па 10 кілавольт, без электрычнасці засталіся 105 населеных пунктаў, 19 малочнатаварных фермаў. На ліквідацыю абрываў накіравалі 6 адзінак тэхнікі і 12 работнікаў электрасетак.
с1Пашкоджаны дахі 200 будынкаў, з якіх 160 домаўладанняў і 40 аб’ектаў дзяржаўнай прыналежнасці. Зафіксаваны падзенні больш за 100 дрэў на праезную частку, аўтамагістраль М4 «Мінск-Магілёў». На ліквідацыю завалаў прыцягвалася 5 адзінак тэхнікі і 13 чалавек асабовага складу раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Адбылося падзенне воданапорнай вежы ў вёсцы Натальеўск. Ад насельніцтва на нумар «101» раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях за лічаныя хвіліны паступіла больш за 50 званкоў з паведамленнямі аб падзенні дрэў і пашкоджанні дахаў…
У 17 гадзін адбылося першае пасяджэнне раённага штаба па надзвычайных сітуацыях. На ім былі вызначаны папярэднія маштабы стыхійнага бедства, аб’ёмы ўзнаўленчых работ і адказныя за іх выкананне, прыняты аператыўныя меры па ліквідацыі наступстваў урагану.
У яшчэ адным пасяджэнні штаба, якое адбылося апоўначы, узяў удзел старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра. Ён, у прыватнасці, паставіў задачу забяспечыць працу малочнатаварных фермаў раёна, якія засталіся без электрычнасці. Для гэтага на Чэрвеньшчыну аператыўна былі накіраваны перасоўныя электрагенератары з шэрагу рэгіёнаў вобласці.с2
Раніцай у чацвер ратавальнікі абнародавалі новыя звесткі пра наступствы стыхіі ў раёне: 43 населеныя пункты — без электрычнасці, 8 дзяржаўных аб’ектаў і 400 жылых дамоў — з пашкоджанымі дахамі.
На працягу дня ва ўзнаўленчых работах бралі ўдзел 10 брыгад электрычных сетак з Чэрвеня і Маладзечна, 15 адзінак тэхнікі Чэрвеньскага лясгаса, 6 будаўнічых брыгад (у тым ліку 3 — камунгаса і 1 — ПМК-237), 10 аўтавышак з Салігорска.
На раніцу ўчарашняга для наступствы стыхіі па аб’ектах сацыяльнай сферы ліквідаваны ў поўным аб’ёме. Без электрычнасці заставалася 14 населеных пунктаў раёна.
…Пашкоджаныя дахі дамоў, паваленыя платы, абарваны электрычны дрот, вырваныя з коранем або паламаныя дрэвы — такі знак пакінуў пасля сябе ўраган, які надарыўся на Чэрвеньшчыне хаця і не ў пятніцу, але трынаццатага чысла, якое спрадвеку лічыцца нешчаслівым. Акрамя райцэнтра, моцна дасталася прыгараднаму Натальеўску, дзе, у прыватнасці, цалкам сарвала дах аднаго са шматпавярховых дамоў. Месцамі зачапіла Лядзенскі і Раваніцкі сельсаветы.
Але, бадай, найбольш пацярпеў Руднянскі сельсавет.

с6
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік і сакратар Раваніцкага сельвыканкама Жанна Мар’юшыч гутараць з жыхаркай вёскі Навадвор’е Вольгай Берасневіч, падворак якой пацярпеў ад стыхіі.

Навальнічны фронт абрынуўся на вёскі Рудня, Чарнава, Уборкі, Дубовы Лог, Праходка. Вялікія разбурэнні — на машынным двары філіяла «Аграбокс» СП «Унібокс», у суцэльных руінах малочнатаварная ферма «Рудня» і машынны двор ААТ «Крыніца Ігуменшчыны».
— Толькі ў Рудні пашкоджаны дахі будынкаў на больш чым васьмідзесяці падвор’ях, — распавёў старшыня Руднянскага сельсавета Мікалай Нахамчык. — Стыхія закранула амаль кожнага жыхара вёскі. Калі не на хаце шыфер сарвала, дык на гаражы ці хляве…
Шквалістым ветру таксама пазрывала толькі напярэдадні ўстаноўленыя купалы на царкве ў Рудні, паваліла дрэвы на мясцовых могілках.
Жахлівы малюнак разбурэнняў у Руднянскім сельсавеце дапаўняе пашкоджаны лес у наваколлі Чарнавы, Рудні, Уборак. Асабліва дасталося хвоям, якія віхура папераломвала, нібыта запалкі. У цэлым лясны фонд раёна атрымаў цяжкі ўрон. Як распавёў дырэктар Чэрвеньскага лясгаса Андрэй Галкоўскі, па самых сціплых падліках знішчана 2500 гектараў лесу. Паводле яго слоў, дапамогу ў ліквідацыі наступстваў урагану нашаму раёну будуць аказваць лясгасы з усіх абласцей Беларусі…

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *