Наведалі памятныя мясціны

Общество

IMG_0557«ГЭТЫ ДЗЕНЬ МЫ НЕ ЗАБУДЗЕМ НІКОЛІ». Так назвалі невялікую літаратурна-турысцкую вандроўку, прысвечаную 75-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якую па ініцыятыве раённага Савета ветэранаў сумесна правялі работнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, музея, члены Савета ветэранаў вайны і працы. Маршрут вандроўкі прапанаваў старшыня Савета ветэранаў Іван Фёдаравіч Ладуцька. Яе мэта — прайсці па месцах былых баёў першых партызанскіх атрадаў на Чэрвеньшчыне (Чэрвень — Кукушкіна — Іванічы — Клінок — Чэрвень), наведаць воінскія пахаванні, помнікі, прыгадаць загінуўшых у баях, замучаных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод, ушанаваць памяць аб усіх, хто цаной свайго жыцця, выканаў свяшчэнны абавязак, абараніў ў тыя суровыя гады нашу Бацькаўшчыну.

Сімвалічна, што прайсці па маршруту запрасілі непасрэдных удзельнікаў ваенных дзеянняў у гэтых мясцінах, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Іванавіча Путрыка, Івана Парфёнавіча Паца (жыхароў вёскі Клінок і ўдзельнікаў першых баёў), Мікалая Аляксандравіча Лашука і Мікалая Фёдаравіча Козырава, а таксама ветэранаў працы і моладзь — пераемнікаў бацькоўскай спадчыны.
Пачаўся маршрут з наведвання Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея. Яго дырэктар Алена Забаронак распавяла аб першых днях акупацыі, аб стварэнні партызанскага руху, камандзірах партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі раёна, аб дзеянні партызанскіх брыгад, таксама аб арганізацыі падполля на тэрыторыі Чэрвеньшчыны і яго актыўных удзельніках. Выходзіла газета «Чэрвеньскі партызан», друкарня знаходзілася ў брыгадзе імя газеты «Правда» на тэрыторыі Кліноцкага сельсавета.
Пазнаёміліся з выставай партызанскага мастака Леаніда Бойкі (Абрама Розенштэйхера). Вялікую работу правялі супрацоўнікі музея, каб стварыць яе. Зараз нават відэафільм ёсць аб гэтым самабытным партызанскім мастаку. За гэтую работу Чэрвеньскі краязнаўчы музей атрымаў Дыплом Першага нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі».
Пасля ўдзельнікі маршруту накіраваліся да помніка ў вёску Кукушкіна. На месцы, дзе стаіць помнік, было расстраляна 50 чалавек у верасні 1941 года. У гонар ўшанавання іх памяці і памяці усіх 11 тысяч ахвяраў фашызму, жыхароў Чэрвеньшчыны, узведзены гэты мемарыял. Усклалі кветкі.
Далей накіраваліся ў вёску Іванічы. Тут узведзены помнік у гонар «1-й Мінскай партызанскай брыгады», якая ў гады вайны базіравалася ва ўрочышчы Кляновіца, у трох кіламетрах на поўдзень ад вёскі Іванічы. У гэтай вёсцы наведалі брацкую магілу, у якой пахаваны савецкія воіны і партызаны. Іх імёны выбіты на помніку, які быў узведзены ў 1975 годзе. Ушанавалі памяць загінуўшых, усклалі кветкі да помніка.IMG_0521
Аб помніках і пахаваннях падрабязна распавядалі дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Любоў Джафарава і навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Станіслава Баркоўская.
Далейшы шлях удзельнікаў вандроўкі ляжаў у Клінок на брацкую магілу воінаў і партызан. Гэтае пахаванне знаходзіцца пад аховай дзяржавы і з’яўляецца гісторыка-культультурнай каштоўнасцю, аб чым маецца на помніке спецыяльны знак. Аддаўшы даніну памяці загінуўшым і ўсклаўшы кветкі, усе накіраваліся ў Кліноцкую бібліятэку-клуб.
Былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Ларыса Рыгораўна Ганчарык захавала шматлікія матэрыялы, прысвечаныя партызанскаму руху на тэрыторыі Кліноцкага сельсавета. Раней яны былі часткай школьнага музея. Гэта — унікальныя дакументы, фотаздымкі, успаміны ўдзельнікаў народнага супраціўлення, байцоў партызанскіх атрадаў, падполля, сувязных, жыхароў Клінка і навакольных вёсак. Тут ішла сапраўдная ўсенародная барацьба з ворагам.
Аб гэтым і быў расповед Ларысы Рыгораўны: пра знакаміты Кліноцкі бой, якім камандаваў Нічыпаровіч, камандзір дывізіі №208, які застаўся тут у акружэнні і са сваімі воінамі даў вялікі бой немцам. Пра моцнае супраціўленне не толькі партызан, але і ўсяго мірнага насельніцтва, нават дзяцей. Пра Віцю Лугоўскага, хлопчыка, які збіраў для партызан зброю, і якога расстралялі фашысты, таму што вельмі баяліся і лічылі яго партызанам. Тры дні не дазвалялі родным яго пахаваць… Размова ішла таксама пра дзейнасць сувязных, пра жанчын, якія ўдзельнічалі ў супраціўленні, пра ахвяры, пра расстраляных і спаленых мірных жыхароў. Пра вёску Лужыца ў сельсавеце, якую поўнасцю знішчылі фашысты і якая не была адноўлена. На месцы яе таксама ёсць помнік.
Прыязджалі родныя загінуўшых, былыя партызаны. Праводзіліся ў вёсцы ля помніка воінам і партызанам мітынгі на ўсе святы. Вялікая пошукавая і патрыятычная работа вялася ў школе. Зараз школы няма. А нашчадкам трэба расказваць аб гераізме аднавяскоўцаў, перадаць ім эстафету памяці.
IMG_0565Станіслава Баркоўская дапоўніла расповяд Ларысы Рыгораўны аб гісторыі стварэння партызанскага атрада імя газеты «Праўда». Уладзімір Іванавіч Путрык быў адным з камандзіраў атрада. Адрозніваўся кемлівасцю, адвагай, загінуў амаль перад вызваленнем. Пахаваны ў брацкай магіле. Брат Аляксандр паставіў яму помнік. Побач з ім пахаваны сваяк, партызан Міхаіл Касьянавіч Хілько.
Любоў Джафарава і Алена Мацвеева, намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы па рабоце з дзецьмі, прачыталі вершы пра вайну, уручылі ветэранам вайны сімвалічных папяровых жураўлікаў.
Хвілінай маўчання ўсе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *