Лясная талака

Общество

1 лес«Бяда прыйшла ў нашы лясы», — з такіх слоў пачаў традыцыйную па панядзелках аператыўную нараду міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Амельяновіч.
На жаль, яны маюць самае непасрэднае дачыненне да нашага раёна: Чэрвеньскі лясгас разам з суседнім Смалявіцкім найбольш пацярпеў на мінулым тыдні ад разгулу стыхіі ў маштабах не толькі Міншчыны, але і рэспублікі. Па ацэнцы Міхаіла Амельяновіча, такіх вялікіх разбурэнняў у лясной гаспадарцы яшчэ не было.

На згаданай нарадзе прынята рашэнне накіраваць на Чэрвеньшчыну для распрацоўкі бураломаў брыгады лясгасаў з пяці абласцей краіны — Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай. Гэтымі днямі яны пачалі асвойваць вызначаныя лесасекі.
Разам з намеснікам дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Мікалаем Канапелькам мы пазнаёміліся з арганізацыяй працы і быту лясной талакі ў Грабёнскім лясніцтве.
— Па гэтаму, а таксама Раваніцкаму лясніцтву стыхія прайшлася найбольш бязлітасна, — распавядае ён, калі наша машына бярэ кірунак на вёску Праходка. — Таксама яна закранула Іванаўскае, Натальеўскае, Хутарскае і Чэрвеньскае лясніцтвы.
Першапачаткова пашкоджанні лесу ў раёне вызначаліся лічбай 2500 гектараў. Аднак пры афармленні лесарубных білетаў брыгадам, якія прыязджаюць, стала відавочным, што маштаб разбурэнняў, прынамсі, удвая большы.
На сёння да нас ўжо накіравалі свае брыгады 50 лясгасаў Беларусі з запланаваных 66. Гэта — больш за 400 вальшчыкаў, дрывасекаў, трактарыстаў, машыністаў лесанарыхтоўчых машын.
Лясгасы, якія бяруць удзел у ліквідацыі наступстваў стыхіі ў лясах Чэвеньшчыны, выкупілі ў нас драўніну на пні і будуць рэалізоўваць яе самастойна.
Паколькі ў пашкоджаных лясных масівах пераважае хвоя, ёсць асаблівасць нарыхтоўкі драўніны: пры высокіх тэмпературах паветра яна хутка сінее, губляючы свой таварны выгляд. Адпаведна, з яе распрацоўкай і рэалізацыяй нельга марудзіць. Па гэтай прычыне, а таксама з улікам таго, што праца на ветравальна-бураломных участках — небяспечная, на нарыхтоўцы драўніны бліжэйшым часам будзе максімальна задзейнічана шматаперацыйная тэхніка — харвестары і фарвардары.

2 лес
Вальшчык лесу Віктар Лебедзеў

Кіраўніцтва галіны паставіла задачу распрацаваць даступныя ўчасткі сёлета да 1 лістапада, цяжкадаступныя — да 1 сакавіка наступнага года.
На сёння адзін з галоўных клопатаў нашага лясгаса — дапамагчы калегам, якія прыязджаюць з усіх куткоў рэспублікі, наладзіць побыт. Складанасць у тым, што ім эканамічна нявыгадна размяшчацца там, дзе найлепшыя ўмовы для пражывання, бо гэта, найчасцей, аддаленыя ад лесасек мясціны. Таму некаторыя, ахвяруючы камфортам дзеля зручнасці, селяцца ў прывезеных з сабой вагончыках і намётах. Хтосьці кватаруе ў жыхароў бліжэйшых да месца працы вёсак. Больш за 100 чалавек з 6 лясгасаў размясціліся ў будынку былога дзіцячага аздараўленчага лагера ў вёсцы Градно.
Зараз працуем над тым, каб папярэдзіць магчымыя праблемы з гандлёвым абслугоўваннем нашых памочнікаў, лазняй, вывазам смецця.
…За гутаркай наша машына неўпрыкмет уязджае ў Праходку. Сюды, пераадолеўшы больш за тры сотні кіламетраў, прыехалі дзве лесанарыхтоўчыя брыгады колькасцю трынаццаць чалавек з Чачэрскага спецлясгаса, што на Гомельшчыне. Часовым месцам жыхарства стала для іх адна з закінутых сядзіб на ўскрайку вёскі. Між старых яблынь усталявалі вагончык і чатыры намёты. Побач размясцілі палявую кухню, у цэнтры паставілі стол і лаўкі. Атрымаўся невялікі, але даволі ўтульны для паходных умоў лагер.
Калі забыцца на тое, для каго гэта прызначана, то выглядае ўсё па-турысцку рамантычна, не хапае хіба што вогнішча і песень пад гітару. Але як тут забудзешся, калі вакол Праходкі, у які бок не зірні — паламаны, пакрышаны, знявечаны стыхіяй лес?
…Збочыўшы з вясковай вуліцы, па палявой дарозе, што пралегла акурат паміж жытнёвым і кукурузным палеткамі, скіроўваемся на ўчастак, дзе працуюць чачэрскія лесанарыхтоўшчыкі. Надыходзіць час абеду, але яны крыху затрымліваюцца на лесасецы. Фатаграфую, як лесарубы ачышчаюць паваленыя дрэвы ад сукоў і складваюць голле ў лаўжы, а трактарысты на «МТЗ» тралююць гатовае бярвенне.
— І ў якім нумары «Раённага весніка» мы сябе пабачым? — пытаецца адзін з работнікаў, як пазней высветлілася — вальшчык лесу Віктар Лебедзеў.
— А адкуль вы ведаеце назву нашай газеты? — дзіўлюся я.
— З інтэрнэту. Як толькі пачуў, што еду ў камандзіроўку на Чэрвеньшчыну, адразу ж пацікавіўся наступствамі ўрагану тут. Першая ж спасылка праз пошукавік — на ваш сайт. З рэпартажу «Серада, трынаццатае» пра ўсё і даведаўся.
— Маштабы буралому ўразілі?
— Ведаеце, не дужа. Бо не ўпершыню падобнае бачу: восем гадоў таму даводзілася гэтак жа працаваць у Бярэзінскім раёне. Дык там яшчэ больш лесу павалена і паламана было…
Да размовы далучаецца майстар лесу Бяляеўскага лясніцтва Чачэрскага спецлясгаса Сяргей Гапееў:
— Досвед распрацоўкі бураломаў маюць многія з тых, хто сюды прыехаў. З такім разлікам і фарміраваліся брыгады: гэтым людзям лягчэй адаптавацца да не зусім звыклых умоў працы і быту.
Нашаму лясгасу неабходна прыбраць 33 гектары пашкоджанага лесу. Пераважна гэта — хвоя. Душа баліць ад усведамлення таго, што нарабіла тут стыхія. Колькі працы нашых калег, якія садзілі і даглядалі дрэвы, пайшло на вецер!

Кухар Віктар Баян
Кухар Віктар Баян

…Вяртаемся з лесасекі ў Праходку, дзе ў намётавым лагеры лесанарыхтоўшчыкаў чакае абед. Ля палявой кухні завіхаецца ляснік, а па сумяшчальніцтву — кухар Віктар Баян.
— Дзе гатаваць вучыліся? — цікаўлюся.
— Жыццё навучыла, — сціпла ўсміхаючыся ў сівыя вусы кажа ён. — Дома гатую, калі трэба. А на такую вялікую кампанію ўпершыню паспрабаваў ежу варыць на той жа Бярэзіншчыне, дзе працаваў на бураломах у 2008 годзе. Там і сякеру ў рукі браў, і пілу, а потым ужо і палонік. Вось і ўспомнілі пра мяне, калі фарміравалі гэтую брыгаду.
— Што сёння на абед?
— На першае — капуста, на другое — макароны. Ну і чай, канешне ж. Ежа простая, самая звычайная. Учора, напрыклад, рабіў суп, бульбу з тушонкай…
4 лесГледзячы, як апетытна сёрбаюць гарачую капусту натомленыя цяжкай працай мужчыны, не сумняваюся ў кухарскіх здольнасцях майго суразмоўцы. Але на ўсякі выпадак пытаюся, ці смачна.
— А як жа! Інакш Баяна б ўжо тут не было, — жартуе хтосьці з-за стала.
— Ну, то смачна есці! — кажу ўсім на развітанне.
У Чэрвень вяртаемся з думкай: няхай як мага менш будзе ў работнікаў лесу вось такой вымушанай працы, а палаткі няхай служаць выключна месцам для адпачынку на прыродзе, сярод стромкіх хвой і беластволых бяроз, якія б не скараліся ніякім бурам.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



1 комментарий по теме “Лясная талака

  1. 23 ліпеня, а гэта субота!!! Праязджалі ў раене вескі Рудня. Які жах!!! Здавалася, проста нехта скінуў бомбу! Быў лес — няма лесу! Але больш за ўсе ўразіла, як людзі працуюць… Акуратненька, паленца адно да аднаго… Але ўсе ж такі не дай Бог яшчэ раз такі ўраган.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *