«У сельскай гаспадарцы наспеў час рэформ»

Общество

457АЛЯКСАНДР ШУЛЬСКІ, загадчык малочнатаварнага комплексу «Любішына» камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Эксперыментальная база «Натальеўск»

ДАВЕДКА. Аляксандр Іосіфавіч Шульскі нарадзіўся ў 1959 годзе. Мае прафесійна-тэхнічную адукацыю.
У эксперыментальнай базе «Натальеўск» пачаў працаваць у 1977 годзе трактарыстам-машыністам. Са снежня 2009 года — загадчык малочнатаварнага комплексу «Любішына».
У 2010 годзе МТК «Любішына» заняў 2-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую малочнатаварную ферму. У 2013 і 2016 гадах А.І. Шульскі быў занесены на Дошку гонару Чэрвеньскага раёна ў намінацыі лепшы па прафесіі. За дасягнутыя поспехі ў працы ўзнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Неаднаразова з’яўляўся пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў па дасягненню высокіх паказчыкаў у галіне жывёлагадоўлі.
Прымае актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці калектыву свайго прадпрыемства і раёна. З 2010 года з’яўляецца членам раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, неаднаразова вылучаўся членам прэзідыума райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. З’яўляўся дэпутатам Калодзежскага сельскага Савета дэпутатаў 21 склікання ў 1990 — 1994 гадах.
— За апошнія гады дзяржавай шмат зроблена для развіцця сельскай гаспадаркі. Гэта можна пабачыць і на прыкладзе нашага сельгаспрадпрыемства. Тое ж будаўніцтва малочнатаварнага комплексу “Любішына” дало новы штуршок для эканамічнага развіцця жывёлагадоўчай галіны і гаспадаркі ў цэлым. А сучасныя абсталяванне і тэхналогіі прыкметна палегчылі працу людзей.
Тым не менш, відавочна, што ў новых эканамічных умовах наспеў час для пэўных рэформ у сельскай гаспадарцы. Пра тое, якія захады прадугледжваюцца ў гэтым накірунку на бліжэйшы час, і хацелася б пачуць на Усебеларускім народным сходзе.
Ёсць і ў мяне пэўныя меркаванні наконт рэформ на вёсцы. Лічу, што рана ці позна нам давядзецца пераходзіць на прыватную форму гаспадарання на зямлі. Я не кажу, што гэта варта рабіць хутка і беззваротна. Падыход павінен быць памяркоўным, асцярожным, а не такім, як у некаторых постсавецкіх краінах, дзе раскідалі сельскую гаспадарку так, што цяпер з цяжкасцямі ўзнаўляюць.
Магчымым варыянтам рэформы, на маю думку, магла б стаць перадача гаспадарак у прыватную ўласнасць іх кіраўнікам на ўмовах, пры якіх яны былі б, з аднаго боку, асабіста зацікаўлены ў эканамічнай эфектыўнасці працы сельгаспрадпрыемства, а з іншага – неслі матэрыяльную адказнасць за вынікі.

Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *