У гаспадарках раёна пераводзяць буйную рагатую жывёлу на пашу

Аграрный сектор

Выпас
Пастухі Вадзім Гурыновіч (злева) і Віталь Русак з загадчыкам МТФ “Горкі” Міхаілам Касцевічам (у цэнтры)

Як паведаміла намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Алеся Глінкова, у шэрагу гаспадарак з-за дэфіцыту кармоў кароў пачалі выганяць у поле даволі рана. Каб не нашкодзіць здароўю жывёлы, яе спачатку выпасвалі па дзве гадзіны пры звычайным стойлавым рацыёне кармлення, паступова павялічваючы час знаходжання на пашы.
На панядзелак у гаспадарках перавялі на летні пашавы перыяд 26 гуртоў кароў – крыху больш за палову ад запланаванага. Паводле слоў Алесі Глінковай, завяршыць гэты працэс мяркуецца на працягу тыдня…
У ААТ “Лядзенскі” перавод дойнага статку на летні пашавы перыяд ажыццёўлены ўжо на ўсіх фермах: 1048 кароў падзелены на 6 гуртоў.
Адзін з гуртоў МТФ “Горкі” выпасваецца зараз на адлегласці крыху больш за кіламетр ад фермы пры лядзенскай шашы ў бок Чэрвеня.
— Спачатку выгналі кароў на азімую свірэпіцу, – распавёў намеснік дырэктара гаспадаркі па жывёлагадоўлі Віктар Ляснеўскі. – І адразу ж атрымалі адчувальную прыбаўку малака – 1,5 кілаграма на карову за тыдзень. Потым перавялі іх на шматкампанентную пашу з інтэнсіўным тэрмінам адрастання, якую з ранняй вясны падкармілі мінеральнымі ўгнаеннямі. Выкарыстоўваем франтальны метад пасьбы з загонна-парцыйнай сістэмай, каб забяспечыць максімальнае паяданне каровамі травы. Разлічваем, што гэтай пашы пры выкананні тэхналогіі догляду за ёй (а гэта – падкошванне, баранаванне і падкормка пасля другога скормлівання) каровам хопіць на ўвесь перыяд знаходжання ў полі.
Вільготнае і цёплае надвор’е апошніх дзён спрыяе хуткаму росту травы, таму неўзабаве жывёла зможа атрымліваць яе ў неабходным аб’ёме. А пакуль гэты недахоп кампенсуем раздачай сумесі сіласу і свірэпіцы на кармавы стол падчас знаходжання кароў на ферме.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *