Сяргей ПРЫСТУПА: “Будзем імкнуцца перамагаць у кожнай гульні”

Спорт

4сУдзел у сёлетнім чэмпіянаце Міншчыны па футболу возьме трынаццаць калектываў. Сярод іх – чэрвеньскі “Колас”.
Перад стартам спаборніцтваў экспрэс-інтэрв’ю “Раённаму весніку” даў трэнер нашай каманды, старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба пры аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей ПРЫСТУПА.

— Сяргей Аркадзьевіч, як прайшла перадсезонная падрыхтоўка “Коласа”?
— Калі параўноўваць з мінулым годам, то не так прадуктыўна. Рыхтавацца да сезону пачалі са спазненнем, што найперш звязана з удзелам нашых ігракоў у спаборніцтвах па міні-футболу.
Тым не менш, напярэдадні правялі дзве выязныя таварыскія сустрэчы. Першы матч, са смалявіцкім “СМІаўтатрансам”, засведчыў, што фізічныя кандыцыі многіх футбалістаў каманды пакідаюць жадаць лепшага. Як вынік, напрыканцы сустрэчы ім проста не хапіла сіл, каб завяршыць гульню хаця б унічыю. Прапусцілі двойчы і прайгралі –1:3.
Прыемна, што ў першым тайме сустрэчы са “СМІаўтатрансам” мы мелі шмат момантаў для ўзяцця варот сапернікаў. Але, на жаль, здолелі вынікова завяршыць толькі адзін з іх. Невысокі працэнт рэалізацыі – старая праблема “Коласа”, над вырашэннем якой яшчэ трэба працаваць.
У другім матчы, з мар’інагорскай “Зоркай-Вікторыяй”, абарона згуляла больш надзейна. Як вынік – не прапусцілі. Забілі двойчы, хаця момантаў было шмат, у тым ліку – некалькі выхадаў сам насам з варатаром…
— Мяркуючы па заяўцы, асноўны склад мінулагодняй каманды захаваўся. Гэта радуе?
—Так. Удалося перажыць міжсезонне з мінімальнымі стратамі. Ёсць і набыткі. У прыватнасці, падчас таварыскай сустрэчы са “СМІаўтатрансам” прагледзелі варатара Рамана Пахажая. Ён даволі ўпэўнена абараняў апошні рубеж і заяўлены ў каманду.
Таксама сёлета пажадаў выступаць за “Колас” ветэран каманды Сяргей Канцур. Падчас спарынгаў ён паспяхова гуляў у цэнтры паўабароны, наладжваў камандныя дзеянні з нападаючымі. Канешне, тут трэба рабіць скідку на ўзрост, але, мяркую, што, прынамсі, на тайм яго фізічных кандыцый будзе хапаць.
Перадсезонную падрыхтоўку з камандай прайшлі маладыя ігракі Аляксей Юдо, Аляксандр Прыступа, Ягор Ваяводзін. Пакуль што мы іх не заяўлялі, але разлічваем на гэтых хлопцаў, як на бліжэйшы рэзерв.
Дарэчы, прыемная навіна для ўсіх: лепшы бамбардзір каманды Аляксандр Мрынскі, нягледзячы на тое, што сёлета выступае ў другой лізе чэмпіянату Рэспублікі Беларусь за пінскую “Хвалю”, таксама заяўлены за “Колас”. Саша выказаў жаданне па-магчымасці дапамагаць камандзе роднага горада.
Разумею, што атрымоўвацца ў яго гэта будзе не так часта, як хацелася б. Таму спадзяюся на ўдалую гульню і астатніх нашых нападаючых: Станіслава Шыраева, Ільі Купровіча, Аляксандра Нехая, Кірыла Фофанава.
— Летась “Колас” стаў чэмпіёнам Мінскай вобласці, таму сёлета давядзецца абараняць гэты тытул…
— Ведаеце, не стаўлю задачы любой цаной зноў быць першымі. Разам з тым, заўсёды настройваю ігракоў на перамогу ў кожнай гульні.
Галоўнымі нашымі задачамі лічу захаваць каманду, падцягнуць моладзь і радаваць балельшчыкаў прыгожай гульнёй.
— Старт чэмпіянату – ужо сёння. А заўтра “Колас” правядзе першы матч на выездзе з камандай “Крупкі”. Летась вы разграмілі яе і ў гасцях (8:0), і дома (4:0). Не будзе недаацэнкі саперніка?
— Ну, па-першае, ёсць звесткі, што “Крупкі” сёлета ўмацаваліся футбалістамі з Барысава, а, па-другое, заўсёды даводжу сваім ігракам, што з любой камандай трэба гуляць сур’ёзна, з максімальнай самааддачай. Так што, спадзяюся, шапказакідальніцкіх настрояў у “Коласе” не будзе.
— Што ж, дзякуй за гутарку. Поспехаў нашай камандзе ў заўтрашнім і ўсіх астатніх матчах!
— Дзякуй!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *