Адзначаны Дыпломамі

Общество

Вучні тэатральнага аддзялення…

Анастасія Марціновіч і Кацярына ГурыновічДнямі навучэнцы тэатральнага аддзялення Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў удзельнічалі ў ІІІ адкрытым рэгіянальным конкурсе «Сымонкавы нашчадкі», які праходзіў у г.Стоўбцы. У намінацыі «Сцэнічная гаворка» Дыплом ІІ ступені атрымала Анастасія Марціновіч, Дыплом ІІІ ступені — Кацярына Гурыновіч.
Узнагароды дзяўчынкам уручыла старшыня журы — заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Марыя Грэсь.
Анастасія на суд журы прадставіла творы: Радзіміра Скрыпава «Жадаю ўсім дабра» і ўрывак з кнігі нарысаў Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі». Кацярына — вершы Максіма Танка «Жук і слімак» і Аксаны Аксюцік «Пра маю маму».
— Хто хаця б раз у жыцці выступаў перад публікай, выходзіў на сцэну, або за трыбуну, адчуваў хваляванне і нават страх, — зазначае настаўніца тэатральнага аддзялення Вольга Шалабнёва. — Каб пераадолець страх перад публічным выступленнем, мы вучымся кантраляваць эмоцыі. На ўроках па сістэме Канстанціна Станіслаўскага знаёмімся з такімі паняццямі, як артыстычная смеласць, сцэнічнае самаадчуванне і ўпэўненасць. Менавіта такія якасці прадэманстравалі Анастасія і Кацярына ў конкурсе, таму і сталі дыпламантамі.
Мы не змаглі б дабіцца поспехаў без падтрымкі бацькоў. Дзякуй усім татам, мамам, бабулям і дзядулям за дапамогу і разуменне. Упэўнена, што веды і ўменні, атрыманыя падчас вучобы, спатрэбяцца нашым выхаванцам у жыцці. Спадзяюся, што ў наступным навучальным годзе жадаючых вучыцца на тэатральным аддзяленні будзе больш.

… і музычнага
Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечненскага раённага выканаўчага камітэта, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Маладзечненская школа мастацтваў», грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз музычных дзеячаў» ладзілі ХХІ адкрыты рэгіянальны музычны фестываль-конкурс «Веснавы праменчык-2016».
Дыплом пераможцы за сучаснасць і арыгінальнасць раскрыцця тэмы ў намінацыі «Мультымедыйныя праекты» атрымаў вучань аддзялення камп’ютарнай музыкі Мікалай Мяшкоў. МешковЯго ўручыў старшыня журы Пётр Дударэнка, прафесар кафедры медных, духавых і ўдарных інструментаў, прарэктар па выхаваўчай рабоце ўстановы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі».
Як засведчыла настаўніца аддзялення камп’ютарнай музыкі Ганна Янчэўская, вучні пішуць фанаграмы да тых твораў, якія выконваюць на музычным аддзяленні. Ствараецца праект, у якім паказваецца, як робяцца аранжыроўкі, усё паэтапна. Мікалай прадставіў праект «Хатні аркестр». Ён прапісаў сваю партыю для акардэона, а разам з ім ігралі і скрыпкі, і флейты, і ўдарныя інструменты, і бас-гітара. Выконваўся рускі народны танец «Яблычак».
Аддзяленне камп’ютарнай музыкі — новае для школ мастацтваў, такіх у рэспубліцы — адзінкі, у тым ліку і ў Чэрвеньскай школе мастацтваў. Яно карыстаецца папулярнасцю, як модны накірунак у музыцы.
Дырэктар школы мастацтваў Галіна Прышывалка адзначыла, што ў Мікалая з пачатку года гэта трэцяя перамога ў музычных конкурсах. Ён займаецца на акардэоне ў Ліліі Ларыёнавай і зараз рыхтуецца да ўдзелу ў абласным музычным конкурсе «Сымон-музыка».
ФлейтистыДыплом трэцяй ступені за ўдзел у гэтым жа конкурсе ў намінацыі «Інструментальныя ансамблі» старшыня журы Пётр Дударэнка ўручыў ансамблю блок-флейтыстаў Чэрвеньскай школы мастаўцтваў (кіраўнік Алег Калеснік). У складзе ансамбля: флейта-бас Алег Калеснік, флейта-тэнар Аляксей Калеснік, флейта-альт Павел Прач і флейта-сапрана Яўген Гуз. Музыканты выканалі творы Войцека Длугарая «Песня» і Мікалая Леантовіча «Шчэдрык».
— Нам давялося сапернічаць з ансамблямі Маладзечанскай, Заслаўскай, Дзяржынскай, Бабруйскай і іншых школ мастацтваў, удзельнічалі ў конкурсе і запрошаныя музыканты з Расіі, — сказаў Алег Калеснік. — Вынікам выступлення мы задаволены, будзем далей удасканальваць сваё выканаўчае майстэрства.
Віншуем дыпламантаў і жадаем далейшых поспехаў!

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *