У дзіцячым садку №1 г.Чэрвеня створаны пакой касманаўтыкі

Общество

IMG_6484Тут вельмі ганарацца тым, што наш зямляк касманаўт Алег Навіцкі прыязджаў да іх. Зараз дзеці ведаюць, што касманаўтамі становяцца толькі сапраўдныя мужчыны. І на пытанне «Кім ты хочаш стаць?» амаль усе хлопчыкі адказваюць — касманаўтам. Дзяўчынкі таксама цікавяцца ўсім, што звязана з космасам. Таму і вырашылі ў садку стварыць свой пакой касманаўтыкі.
Выхавальнікі разам з бацькамі адзін з пакояў абсталявалі ўсім неабходным, каб дзеці маглі адчуць прыналежнасць да касманаўтаў. Тут яны ладзяць  захапляльную гульню — «Падарожжа ў космас».
Пачынаецца яно з «цэнтра медыцынскага агляду», бо касманаўт павінен быць найперш здаровым. Тут ёсць кіслародная падушка, сапраўдныя насілкі, медыцынскія карткі, халаты для доктара, табліца для праверкі зроку. Касманаўт павінен быць таксама вынослівым фізічна. Для гэтага ў «цэнтры фізічнай падрыхтоўкі» ўстаноўлены  велатрэнажор, штанга, ёсць спартыўная форма.  IMG_6494У «цэнтры  падрыхтоўкі да палётаў» — прадукты харчавання: арэхі міндальныя, печыва, аладкі бульбяныя, вітамін С, хлебцы, гарчыца, кетчуп, хлеб «Барадзінскі», сардэлькі малочныя, капуста з мясам. Набор прадуктаў для касманаўта: хлеб, гарчыца, катлета, пюрэ з бульбы. Зразумела, што ўсё гэта імправізаванае, зроблена сваімі рукамі, але вельмі падобна на сапраўднае. Тут таксама ёсць неабходнае аснашчэнне — касмічныя скафандры, шлемы, балоны з кіслародам.
Вельмі падабаецца дзецям працаваць у «цэнтры сустрэчы з зямлёй». Надзеўшы сапраўдныя навушнікі і ўзяўшы ў рукі мікрафон, яны адчуваюць сябе касмічнымі дыспетчарамі. У гэтым цэнтры адбываюцца «сеансы касмічнай сувязі» з роднымі касманаўтаў.
IMG_6485У «цэнтры навуковай падрыхтоўкі касманаўтаў» шмат літаратуры, энцыклапедыі, фотаздымкі, даведнікі. Дзеці шмат чаго ведаюць пра космас. Нават усе планеты Сонечнай сістэмы, таму што яна адлюстравана па падлозе. А на вокнах — сінія шторы — гэта неба, на ім — сузор’і: Вялікая мядзведзіца,  Вагі, Леў і іншыя. Дзеці іх называюць беспамылкова. Галоўная фігура ў касмічным пакоі — касманаўт.
Гуляюць дзеці «у касманаўтаў» вельмі сур’ёзна. Адчуванне такое, што сапраўды рыхтуюцца да касмічных палётаў…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *