У Чэрвені на вуліцы акадэміка Голуба адкрылі ў яго гонар мемарыяльную дошку

Общество

IMG_8170У сераду ва ўрачыстым адкрыцці яе бралі ўдзел дачка гэтага сусветна вядомага вучонага Галіна Давідаўна, унучка Ірына, пляменніцы, калегі, вучні навукоўца, студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея, журналісты, настаўнікі і вучні былой СШ №1 (цяперашняй гімназіі), у якой вучыўся Давід Маісеевіч, жыхары горада.
IMG_8118Як зазначыла ва ўступным слове старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Ірына Вабішчэвіч, сярод знакамітых ураджэнцаў Чэрвеня Давід Маісеевіч Голуб — адзіны акадэмік.
Падкрэсліваючы значнасць падзеі, шчырымі ўдзячнымі словамі характарызавалі яго вялікую навуковую дзейнасць і чулыя чалавечыя якасці прарэктар па выхаваўчай рабоце, дацэнт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, ураджэнец вёскі Язоўкі Уладзімір Манулік, загадчыкі кафедр універсітэта Сяргей Дзянісаў, Наталля Трушэль, старшы навуковы супрацоўнік Наталля Кавалёва, дачка Галіна Давідаўна. Яна, у прыватнасці, узгадала, што прапанова захаваць памяць славутага земляка, назваўшы ў яго гонар вуліцу, была выказана ў надрукаваным у раённай газеце артыкуле Алеся Карлюкевіча пра акадэміка Голуба. Яе падтрымалі былыя вучні Давіда Маісеевіча, жыхары Чэрвеня. А ў верасні 2009 года рашэннем раённага Савета дэпутатаў адна з новых вуліц атрымала назву “Акадэміка Голуба”. Кафедра і кіраўніцтва медуніверсітэта, дзе амаль паўстагоддзя ён працаваў і больш як сорак гадоў аддаў служэнню навукі і падрыхтоўцы ўрачоў, выступілі з ініцыятывай ушанаваць памяць акадэміка Голуба яшчэ і ўсталяваннем мемарыяльнай дошкі. На гэта адгукнуліся выпускнікі медуніверсітэта, якія паспяхова працуюць у медыцынскім бізнэсе. Так агульнымі намаганнямі ініцыятыва знайшла сваё ўвасабленне. Ажыццявіў яе ў бронзе і мармуры Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Слабодчыкаў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік падзякавала ад усіх жыхароў Чэрвеня кіраўнікам медуніверсітэта, калегам і вучням Давіда Маісеевіча за ўвекавечванне яго памяці мемарыяльнай дошкай.
Гонарам за знакамітага земляка і жаданнем браць з яго прыклад былі прасякнуты выступленні адзінаццацікласніцы гімназіі Насці Жыгімонт і вучня чацвертага класа Дзімы Баркоўскага.
IMG_8106Узрушаная радаснай падзеяй, дачка акадэміка падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да ўшанавання яе бацькі, і сказала: “Прыемна, што вуліца “Акадэміка Голуба” і мемарыяльная дошка яму не ў Мінску, не ў Маскве, а менавіта ў Чэрвені — горадзе, дзе ён нарадзіўся і атрымаў дастойныя веды, каб паступіць у медыцынскі інстытут. У горадзе, дзе ён знайшоў працу напачатку памочніка аптэкара, затым рабочага друкарні. У горадзе, дзе ён усвядоміў асновы прыстойнасці. У горадзе, адкуль пайшоў у вялікую дарогу і дзе, дзякуючы свайму таленту, уседлівасці, чалавечай і навуковай сумленнасці, гэты просты чэрвеньскі хлопчык стаў акадэмікам, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, Заслужаным дзеячам навукі БССР, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Савецкага Саюза. Які, па звестках амерыканскага бібліяграфічнага таварыства, з’яўляецца адным з дзвюх тысяч знакамітых вучоных свету 20-га стагоддзя.”
Своеасаблівым працягам ушанавання акадэміка Давіда Маісеевіча Голуба будзе арганізаваная сёлета ў жніўні раённым краязнаўчым музеем выстава, прысвечаная 115-й гадавіне з Дня яго нараджэння.

Аляксандр Бушэнка. Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *