Шчыра працавалі супрацоўнікі пракуратуры

Общество

5867089-Актыўна прайшоў «Тыдзень лесу» ў нашым раёне. Шматгадовая акцыя ўсё больш прыхільнікаў прымае ў свае рады. Сёлета яна прысвечана 30 — годдзю Чарнобыльскай трагедыі. Новыя пасадкі з’явіліся на 270 гектарах. У асноўным, гэта саджанцы хвойных, лістоўных дрэў, сосен і дубоў. На покліч лясгаса прыняць удзел у акцыі адгукнулася шмат устаноў і грамадскіх арганізацый. Узнаўленне расліннасці, захаванне прыроды — гэта справа кожнага добрасумленнага чалавека.
Штогод прымаюць удзел у «Тыдні лесу» работнікі пракуратуры. У мінулую пятніцу шчыравалі ў Грабёнскім лясніцтве супрацоўнікі раённай і рэспубліканскай пракуратуры на чале з намеснікам генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь дзяржаўным саветнікам юстыцыі трэцяга класа Аляксандрам Лашыным і пракурорам Чэрвеньскага раёна саветнікам юстыцыі Аляксандрам Шабалінскім.
-Кожны год вясной добраахвотнікі з нашай установы выязджаюць на пасадку дрэў, — гаворыць Аляксандр Лашын. — Лічым асабістым абавязкам упрыгожваць радзіму, рабіць яе яшчэ больш прывабнай для жыцця. Стараемся не пакрыўдзіць ніводнага раёна Мінскай вобласці. Сёння працуем на Чэрвеньшчыне. Падрыхтаваны інструмент і саджанцы. Працуем з задавальненнем.
-Пасля няпростых будняў работнікаў пракуратуры аказацца на прыродзе, папрацаваць на карысць грамадства — гэта проста мара, — падтрымлівае Аляксандр Шабалінскі. — Хвойныя дрэвы растуць да ста гадоў. Стагоддзе будзе радаваць людзей вынік тваёй працы. Грандыёзна!
Перад пачаткам пасадкі дрэў неабходны інструктаж па тэхніцы бяспекі правёў ляснічы Уладзімір Жыгімонт. Адначасова ён адказаў на пытанні аб уборцы буралому.
-Немалую дапамогу аказваюць жыхары раёна. У мінулым годзе ў лясніцтва паступіла 500 заяў з просьбай дазволіць назапашванне дроў уласнымі сіламі. Так было вывезена 4 тысячы кубоў дроў, — гаворыць Уладзімір. — Дзякуй за дапамогу.
Супрацоўнікі пракуратуры ў гэты дзень высадзілі саджанцы на двух з паловай гектарах лесу.
Галіна Гамеза. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *