Брыльянтам ззяе юбілей

Люди и судьбы

687098060 гадоў крочаць разам па жыцці Любоў Дзмітрыеўна і Анатоль Мікалевіч Дылейкі з Чэрвеня. Гэтая адметная дата падкрэслівае глыбіню пачуццяў, узаемапавагу, адданасць і ўзаемаразуменне.
Пазнаёміўся Анатоль са сваёй Любашай у 1954 годзе, калі быў студэнтам Мінскага інстытута фізічнай культуры. Адзін з яго братоў працаваў у той час на Мінскім трактарным заводзе, а жыў са сваёй сям’ёй у Мінскім раёне ў вёсцы Слабадшчына на кватэры, гаспадыня якой пазней стала цешчай Анатоля. Там і ўбачыў Любоў Дзмітрыеўну ўпершыню. Яна ў той час працавала завучам у васьмігадовай школе ў Брэсцкай вобласці.
— У адну з субот прыехала Любоў да маці, — распавёў Анатоль Мікалаевіч. — Мы разам пайшлі на танцы. У яе быў хлопец. Адразу і думак не было ніякіх наконт яе. Пасля выхадных раз’ехаліся кожны ў свой бок: яна на работу, я — у інстытут. Праз неакаторы час дай, думаю, з’езджу ў Слабадшчыну. Дома была адна Любаша, якраз мыла падлогу. Я пачакаў яе, тады мы паабедалі і пайшлі гуляць…
Пісьмы пісаў сваёй Любашы… Праз год пасля заканчэння інстытута мяне накіравалі ў Чэрвеньскі раён на работу ў Раваніцкую СШ выкладчыкам фізкультуры. Вясной у 56-м годзе вырашыў жаніцца. Мяне падбухторвалі калегі, маўляў, дзяўчат табе тут няма. Але ж запала ў душу мая Любаша — прыгожая, сціплая, адукаваная дзяўчына. Паехаў на вясенніх канікулах да яе. Тут жа ў нас у тыя гады заўсёды паводка была — не праехаць, не прайсці. У гумавых ботах і паехаў. Прыязджаю на Брэстчыну, а там — суха. Смешна было. Не аказалася маёй Любашы на месцы: васьмігодку зачынілі, а яе перавялі ў Доўгае ў сярэднюю школу таксама завучам. Пайшоў пешшу да сваёй каханай. Там і распісаліся ў сельсавеце 7 красавіка 1956 года. Невялікі вечар справілі, сябровак Люба запрасіла. Назаўтра я паехаў да сябе, а яна засталася да заканчэння вучэбнага года. Тады мы год працавалі разам у Скарынскай сярэдняй школе, кіламетраў трыццаць ад Баранавічаў. Затым пераехалі ў Чэрвень. Любоў Дзмітрыеўну накіравалі працаваць у Чэрвеньскі дзіцячы дом №2, а мяне ў сярэднюю школу №1.
— Так, быў у мяне хлопец, — далучаецца да размовы Любоў Дзмітрыеўна. — Сябравалі мы доўга. Замуж за яго я не збіралася, не было ў мяне да яго пяшчотных пачуццяў. А вось да Анатоля… Спадабаўся ён мне: спартыўны, прыгожы, далікатны. Пісьмы пісаў, я адказвала…
Так і крочаць па жыцці: у радасці і ў горы — разам. Радаваліся нараджэнню дачушак: старэйшай Людмілы і малодшай Ірыны. Радаваліся, калі яны абедзве атрымалі вышэйшую адукацыю, калі замуж павыходзілі, нарадзілі ўнукаў. Іх пяцёра — тры ўнукі і дзве ўнучкі. Ёсць праўнук і тры праўнучкі.
Хапала і непрыемных момантаў у жыцці: у васьмідзесятым годзе згарэў дом, адразу пасля рамонту. Толькі ўзаемная падтрымка і згода дапамаглі яго аднавіць.
Шмат агульнага ў Любові Дзмітрыеўны і Анатоля Мікалаевіча — абодва нарадзіліся на вёсцы ў шматдзетных сем’ях. З дзяцінства ведаюць цану працы, заўсёды імкнуліся да ведаў. У доме шмат кніг. Любоў Дзмітрыеўна, філолаг па адукацыі, прывіла любоў да чытання і дочкам, і ўнукам. Працавала выхавальнікам ў дзіцячым доме, выкладала рускую мову і літаратуру ў Чэрвеньскай сярэдняй школе №3. Цудам захаваліся пасля пажару некалькі альбомаў з фотаздымкамі выхаванцаў дзіцячага дома, якія яны дасылалі Любові Дзмітрыеўне разам з лістамі на працягу многіх гадоў. 45 гадоў адпрацаваў у школе Анатоль Мікалаевіч. (Дарэчы, быў і маім настаўнікам фізкультуры. — аўт.). Паважалі і любілі гэтых двух настаўнікаў вучні.
Віншую вас, шаноўныя Любоў Дзмітрыеўна і Анатоль Мікалаевіч з цудоўным юбілеем сумеснага жыцця. Жадаю яшчэ доўга ісці па жыцці разам…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота з сямейнага архіву Дылейкаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *