Уладар «Расы»

Аграрный сектор

IMG_7340 копия…Раніца Валерыя БЯРДЗЯНАВА пачынаецца з кавы. Вялікі яе кубак для мужа робіць жонка, паспяваючы выконваць яшчэ некалькі штодзённых сямейных спраў: гатаваць сняданак, збірацца на работу, будзіць дзетак у школу. Трынаццацігадовая дачушка Аня і Ваня, якому сем, складаючы ў партфелі сшыткі ды кніжкі, зусім не здзіўляюцца, што іх тата зараз, як амаль што кожны дзень, пойдзе… кіраваць расою!..
Паправімся, «Раса» — у двукоссі. Астатняе — праўда: Валерый працуе механізатарам у «Раванічах» і амаль увесь цыкл палявых работ праводзіць на «Расе», агрэгаце, што апырсквае палі ад шкоднікаў альбо ўносіць мінеральныя ўгнаенні. З «Расою» Валерый пачынае веснавыя палявыя работы, сустракае самую гарачую ва ўсіх сэнсах пару — уборачную. У гэты час ён, бывае, пераходзіць на трактар, каб нарыхтоўваць травы, сенаж. А праз пару месяцаў, напрыканцы лета, — зноў на «Расу», на ёй рыхтуе глебу да зімовага сну, падсілкоўваючы запасам карысных рэчываў для будучага ўраджаю. У невялікім агрэгаце, прывабна-забаўным і крыху незвычайным на выгляд, падобным хутчэй на касмічны апарат, чым на сельскагаспадарчую тэхніку, Валерый ведае усё да апошняга балта. Ён можа з заплюшчанымі вачамі, навобмацак упраўляцца з ім і на слых зразумець, ці добра «стукае» жалезнае «сэрца». На кожны гук, што выклікае сумненне, клапатлівае, жывое сэрца Валерыя адгукаецца ўвагай, старанным доглядам, клопатам працавітых рук.
За гэта і хваліць механізатара БЯРДЗЯНАВА кіраўніцтва ААТ»Раванічы»: адказны, добрасумленны, дысцыплінаваны. А калі не словамі з афіцыйнай характарыстыкі, а ў даверлівай сяброўскай размове, то цяплей гучыць: «Такіх бы болей, дык можна было б пець ад радасці!.. Сямейны чалавек, добры бацька дзецям, гадуюць іх з жонкай паважлівымі, нераўнадушнымі».
Жонка Валерыя, Наталля, працуе настаўніцай у Раваніцкай школе. Пазнаёміліся яны… у спортзале. Юнак прыйшоў пагуляць у тэніс, ды замест мяча і ракеткі прымагніціўся поглядам, а потым і сэрцам, да маладзенькай дамавіцкай дзяўчыны. Здавалася б, на першы погляд — такія розныя: ён адзін сын у матулі, што гадавала хлопца адна. Яна — самая малодшая з вялікай сям’і, дзе бацькі выгадавалі дзевяцярых сыноў і дачок. Ён -трактарыст, з рукамі ў мазалях і мазуце. Яна — вясковая інтэлігентка, скончыла «за настаўніцу», як кажуць на вёсцы. Але каханню няма абмежаванняў ні ў чым, і вось ужо старэйшай, Ані, трынаццаць гадоў, а тата з мамай па-ранейшаму з невыразнай цеплынёй і пяшчотай пасміхаюцца адзін аднаму, і год за годам кожную раніцу памятае Наташа пра Валераў кубак кавы, як і пра тысячы розных іншых дробязаў, з якіх складаецца сямейнае жыццё. За час, што жывуць разам, Валера стаў як родны брат усёй Наташынай сям’і. Ездзяць у госці; калі трэба, дапамагаюць; збіраюцца за вялікім сталом па святах. Магчыма, хтосьці з радні будзе сёлета ўлетку дапамагаць здзяйсняць Валеру яго хатнія планы: хлеў хоча новы пабудаваць. Жывёлы ў хатняй гаспадарцы хапае, «увесь камплект, толькі без каровы», пасміхаецца Валера: свінні, куры, качкі, сабака, кот. Вось і задумаў гаспадар аднавіць ім «кватэры». Што яшчэ ў планах? Марыць, каб сынок Ваня вывучыўся якой-небудзь добрай сучаснай прафесіі. «Праўду скажу, — прызнаецца БЯРДЗЯНАЎ-старэйшы, — не вельмі я за тое, каб ён таксама стаў трактарыстам… Сын павінен пайсці далей за бацьку!..»
Кім стане Ваня — канешне, пакуль што загадка. Але не быў бы ён хлопчыкам, дапытлівым і цікаўным, калі б не бываў на рабоце ў бацькі! Заходзіць і ў майстэрні, разглядае ўсё з цікаўнасцю, ля разабранага трактара назірае за рамонтам, за работай слесараў і механізатараў; ды, канешне ж, што за хлопчык, каб не ўлез у бацькаву кабіну ды не пакруціў руля! Тым больш, у кабіне такога маленькага прывабнага цуда, як «Раса». Лепшыя сябры Валерыя па рабоце — Дзяніс ГУСЬКОЎ, Сяргей КІШКО, Валерый САСУНКЕВІЧ, Максім МАКСІМАЎ, — добразычліва пасміхаюцца: «Яшчэ адзін кандыдат на газету расце!..» Маўляў, і пра малога ў раёнцы напішуць. Канешне, а што? Бывае, што сам сабе падаешся звычайным і непрыкметным, а на самой справе ты — уладар «Расы»!.. Тым больш, калі Ваня будзе такі працавіты і сардэчны чалавек, як тата, то напісаць пра яго вельмі б хацелася!..
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *