Касмічны фестываль

Общество

6897090- копияСустрэцца з прадстаўнікамі іншапланетных цывілізацый удзельнікам «Касмічнага фестывалю» давялося яшчэ на калідоры ля актавай залы сярэдняй школы №4. Сапраўдны  астранаўт у абдымку з казачнай Бабай Ягой прапанавалі шматлікім наведвальнікам пагуляць у розныя касмічныя гульні.
Так здзіўлялі выкладчыкі Смілавіцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. А побач разгарнулася выстава вырабаў з розных матэрыялаў, розных форм, але на адну тэму — касмічную. Зразумела, кожнаму хочацца даведацца як мага болей аб гэтай загадкавай прасторы, калі твой сучаснік, твой зямляк, чалавек, з якім можна проста павітацца на вуліцах Чэрвеня — касманаўт Алег Навіцкі.  У той час, калі ён рыхтуецца да новага палёту ў космас, юныя чэрвеньцы падрыхтавалі і правялі гэты «Касмічны фестываль».
У актавай зале чацвёртай школы сабраліся дзесяць каманд з розных школ раёна і нават аднаго дзіцячага сада №3 г. Чэрвеня. Каманда складалася з васьмі ўдзельнікаў, з умовай, што чатыры  будуць дарослыя — настаўнікі альбо бацькі. Прыемна, што было шмат бацькоў, якія вельмі актыўна дапамагалі сваім дзецям.  У праграме фестывалю чатыры заданні: самапрэзентацыя каманды, «Касмічны рынг» на эрудыцыю, музычная абарона касмічнага касцюма і хатняе заданне — кулінарны конкурс  «Страва для касманаўта». Журы ўзначаліла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ларыса Валянцінаўна Асановіч. Ганаровым членам журы запрасілі Валянціну Эдуардаўну Навіцкую, маці знакамітага касманаўта. У прывітальным слове яна падзякавала за запрашэнне, перадала прывітанне ад сына, заклікала берагчы мір, Зямлю, бо яна ж такая маленькая і крохкая, асабліва, калі глядзіш на яе праз ілюмінатар касмічнага карабля (такі здымак зрабіў Алег у космасе).
6г858967jpg копияПачаўся фестываль песняй пра космас з дэманстрацыяй відэароліка  з рэдкімі цікавымі кадрамі з асабістага архіва Алега Навіцкага і здымкамі, якія ён зрабіў падчас палёту ў космас. А потым пачалася самапрэзентацыя.  На сцэну па чарзе падымаліся каманды: «Арыён» з Запольскай школы, «Зорны час» са Смілавіцкай школы №1, «Альтаір»  школы №2 Смілавіч, «Касмічная адысея»  школы №3 Чэрвеня, «Сузор’е»  школы №2 Чэрвеня, «Весяляне» з садка №3, «Гуманоіды» з Раваніч, «Андрамеда» з гімназіі, «Руднянскі касмадром», «Касмічныя піраты»  школы №4 Чэрвеня. Цікава, з выдумкай, фантазіяй падышлі да гэтага конкурсу ўдзельнікі. У зале было весела, гучалі апдадысменты, песні.  Але самы пік пачуццяў прыйшоўся на конкурс абароны касцюма. Колькі ж выдумкі, фантазіі, старання, цярпення патрэбна было, каб зрабіць касцюм касманаўта з Руднянскай школы! Сапраўднае моднае дэфіле арганізавалі касмічныя піраты з школы №4 Чэрвеня. А гімназісты разам са сваімі бацькамі здзіўлялі бліскучымі строямі і загадкавымі шлемамі. Прыгожую бальную касмічную сукенку прапанавала каманда Запольскай школы. Запамінальнымі яркімі былі касцюмы ўдзельнікаў з дзіцячага садка №3, астатніх каманд фестывалю.
Практычна ўсе каманды з лёгкасцю справіліся з пытаннямі «Касмічнага рынгу», які падрыхтавала Ірына Іванаўна Вабішчэвіч. Цяжка было вызначыць лепшых і сярод кулінарных вырабаў. Вабіў вока адметным выкананнем торт сярэдняй школы №3 Чэрвеня. Зоркі і планеты былі выкананы так дэталёва і адмыслова, што не верылася ў яго  натуральнасць.
Фестываль удаўся. Усе каманды атрымалі дыпломы з рук начальніка аддзела і заахвочваючую паездку  ў музей авіяцыйнай тэхнікі ў паселку Баравая пад Мінскам. А самыя маленькія ўдзельнікі з каманды дзіцячага садка №3 — яшчэ і наведванне ўстановы харчавання «МакДональдс».

Галіна Гамеза. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *