Прафсаюзная выдатная «шасцёрка» будзе прадстаўляць Чэрвеньскі раён вясной на вобласці

Общество

Рэспубліканскі прафсаюзны конкурс творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі», ініцыятарам якога ў мінулым годзе выступіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, вельмі спадабаўся гледачам і ўдзельнікам. Таму было вырашана зрабіць яго штогодным. Галоўнай сёлетняй асаблівасцю стала пашырэнне жанраў, у якіх могуць удзельнічаць канкурсанты. Так, з»явілася намінацыя «Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Акрамя таго, удзельнічаць зараз можа не толькі моладзь: узрост перастаў мець абмежаванні. У намінацыі «Сцэнічнае мастацтва» дазволена выступаць групам ад 4 да 10 чалавек, у тым ліку членам сем»яў канкурсантаў.
57669JPG копияУ дзень раённага этапу конкурсу «Новыя імёны Беларусі-2016» зала раённага Цэнтра культуры і адпачынку была поўная гледачоў. Усіх, хто прыйшоў, да пачатку канцэрта ў фае чакала выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Свае работы прадставілі ўрачы і бухгалтары, медсёстры, таваразнаўцы — людзі, пра якіх, каб не выстава, то ніколі б і не здагадаўся, што яны такія творчыя таленавітыя асобы. Усіх уразілі тонкія, філігранныя работы па вышыўцы, створаныя Галінай ГАРЛОЎСКАЙ (выхавацель Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей і маладых інвалідаў і ўрачом-педыятарам райбальніцы Жанай МЫШКАВЕЦ. Вельмі прыгожыя і арыгінальныя работы — каляровыя вітражы на шкле, —стварае Ларыса БАНДАРОВІЧ, спецыяліст па арганізацыйна-кааператыўнай рабоце райпо. Гэтаму нялёгкаму і нятаннаму майстэрству вучацца і яе дачушкі Даша і Паліна, вітражы якіх таксама былі прадстаўлены на конкурсе.
Шмат напрамкаў творчасці, якімі захапляецца старшая медсястра псіханеўралагічнага інтэрната для дарослых Марына ЯКУБОЎСКАЯ. Некалькі сваіх работ, у тым ліку па зусім нядаўна асвоенай тэхналогіі — лялькі з гліны, — яна прадставіла на конкурс. Гледачы нават пыталіся аб кошце, жадаючы набыць такую прыгажосць.
Пасля змястоўнага, добра падрыхтаванага адкрыцця конкурсу і віртуальных віншаванняў, дасланых удзельнікам конкурсу мастацкімі калектывамі раёна, пачаліся выступленні канкурсантаў. Тут многія таксама прадэманстравалі здольнасці, пра якія ніхто з гледачоў не здагадваўся. Напрыклад, супрацоўнікі ЖКГ, якіх усе звычайна бачаць толькі ў рабочых абставінах, парадавалі зал і журы беларускай песняй і яркімі народнымі касцюмамі.
Жанр песень быў самы розны — ад рэпа, што чытаў Рустам ДУСТАЎ (Чэрвеньскае ЖКГ) да французскамоўнай кампазіцыі ў выкананні Юліі БАБОВІЧ (лясгас). Кранальным было выступленне Ларысы ПАПОВАЙ (дом-інтэрнат для дзяцей). Калі яна выконвала песню-баладу «Там нет меня», у зале павісла такая дрыготкая цішыня,быццам ва ўсіх гледачоў сэрцы адначасова зціснуліся і спыніўся подых. А калі песня скончылася, то раздаліся вельмі гучныя апладысменты!
Журы конкурсу вызначыла пераможцаў у дзвюх намінацыях. Сярод аўтараў работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раён на абласным этапе будуць прадстаўляць Галіна ГАРЛОЎСКАЯ, Ларыса БАНДАРОВІЧ і Марына ЯКУБОЎСКАЯ. Сярод спевакоў лепшымі прызнаны Дзяніс ГАЛАВЕНЧЫК (Тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання насельніцтва), Аляксей ГАНЧАРЫК (Смілавіцкі аграрны калежд) і Ларыса ПАПОВА (Чэрвеньскі дом-інтэрнат для дзяцей і маладых інвалідаў). Гэта «выдатная шасцёрка» будзе прадстаўляць прафсаюзы раёна вясной на вобласці. Пажадаем ім усім поспеху!
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *