“Даніэла” знянацку не заспела

Власть

Д1чЗіма, якая прыкметна запазнілася да нас у снежні, не прамінула ўзяць сваё літаральна з першых студзеньскіх дзён. Спачатку прыціснула забытымі за апошнія цёплыя гады ладнымі маразамі, а потым і завірухай зацерушыла. Цыклон “Даніэла”, што ў аўторак прыйшоў на Беларусь з паўднёвага захаду Еўропы, гэта, канешне, не знакаміты “Хаў’ер”, але на Чэрвеньшчыне, як і паўсюль, рыхтаваліся да яго грунтоўна і сустрэлі без разгубленасці.

АД ГАТОЎНАСЦІ -ДА ДЗЕЯННЯ

— Напярэдадні вечарам адбылася відэаканферэнцыя з удзелам старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры, на якой была пастаўлена задача прывесці ў стан павышанай гатоўнасці ўсе адпаведныя службы для ліквідацыі магчымых наступстваў стыхіі, — распавёў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтву і жыллёва-камунальнай гаспадарцы, старшыня раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях Мікалай Канапака. — У аўторак а пятай гадзіне раніцы аператыўныя дзеянні ва ўмовах цыклону абмеркавалі на гэткай жа відэаканферэнцыі, але ўжо ў пашыраным складзе, з запрашэннем кіраўнікоў камунальнай і дарожнай службаў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дзяржаўтаінспекцыі.
На дарогі раёна выйшлі 11 адзінак снегаўборачнай тэхнікі і тэхнікі для раскідвання пясчана-салянай сумесі з ДРБУ-121. На шашы «Мінск-Магілёў» працавалі магутныя «МАЗ-МАНы» з ДЭУ-68 і ДЭУ-6. Два «МАЗы» і трактар забяспечвалі ачыстку аўтадарогі, якая злучае Смалявічы і Мар’іну Горку. У Чэрвені і Смілавічах былі задзейнічаны 9 адзінак трактарнай тэхнікі камунгаса. Работы па ліквідацыі наступстваў цыклона каардынаваў штаб на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Зубарам…

БЯСПЕКА ДЗЯЦЕЙ — ВАЖНЕЙ ЗА ЎСЁ

У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, было прынята рашэнне не арганізоўваць у аўторак падвоз вучняў школ раёна з аддаленых населеных пунктаў. Як паведаміла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Анжэла Рымашэўская, па гэтай прычыне дома засталіся 365 школьнікаў.

ДАІ СПЯШАЕЦЦА НА ДАПАМОГУ

д4чЗ увядзеннем на тэрыторыі Мінскай вобласці ў 5 гадзін раніцы аўторка плана «Надвор’е», на ўзмоцнены рэжым нясення службы перайшлі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Чэрвеньскага РАУС.
— Мы праводзілі ацэнку стану праезнай часткі, аказвалі садзейнічанне дарожным службам у яе расчыстцы, — распавёў начальнік ДАІ Аляксандр Івашкевіч. — У прыватнасці, на шашы «Мінск-Магілёў» два нашы экіпажы суправаджалі калоны снегаачышчальнай тэхнікі на ўчастках ад мяжы раёна з боку Мінска да вёскі Натальеўск і ад вёскі Натальеўск да мяжы з Бярэзінскім раёнам…
Адзін з традыцыйных клопатаў супрацоўнікаў ДАІ ва ўмовах непагадзі — аказанне дапамогі аўтамабілістам, якія трапілі ў складаную сітуацыю. Якраз падчас нашай гутаркі з Аляксандрам Івашкевічам надарылася нагода на свае вочы пабачыць, як гэта адбываецца. Работнікі дарожнай службы паведамілі, што на шашы «Мінск-Магілёў» непадалёк ад павароту на Стары Пруд на ўзбочыне стаіць замеценая снегам легкавая машына.
Прыехалі на месца. Легкавік незачынены, унутры — нікога. Вадзіцеля і двух яго пасажыраў неўзабаве згледзелі на другім баку шашы. Яны спрабавалі сагрэцца, распаліўшы невялікае вогнішча ля пабудаванай на ўзлеску альтанкі. Як высветлілася, малады грамадзянін Туркменістана, студэнт адной з мінскіх ВНУ, разам з сябрамі-землякамі ехаў у Магілёў, каб памірыцца са сваёй дзяўчынай. Па шляху ў машыне сапсавалася бензапомпа. Хлопцы чакалі яшчэ аднаго сябра на машыне, каб вярнуцца ў Мінск.
д5чСупрацоўнікі ДАІ спынілі спадарожны трактар, які адбуксіраваў «пацярпелы» легкавік на адваротны бок шашы, а неўзабаве падаспела і чаканая дапамога са сталіцы…
— Увогуле, падобных выпадкаў сёння не шмат, — пракаменціраваў сітуацыю Аляксандр Івашкевіч. — Многія аўтааматары прыслухаліся да парад Дзяржаўтаінспекцыі без асаблівай патрэбы не сядаць за руль у такое надвор’е. А пры руху ва ўмовах снегападу варта быць асабліва ўважлівымі і асцярожнымі. Вось сёння каля пяці гадзін раніцы жыхар Магілёўскай вобласці на гэтай жа шашы ля моста, які злучае Чэрвень і Астравы, не ўлічыў умоў надвор’я. У выніку не справіўся з кіраваннем, машыну занесла, яна ўдарылася ў дарожную агароджу. Гэта шчасце, што вадзіцель не пацярпеў. Але шчасціць, як вядома, не заўсёды…

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *