Чэрвеньшчына — другая радзіма

Люди и судьбы

IMG_2954 копияПаўтара гады жыве на Чэрвеньшчыне сям’я Зуб — Валерый, Алена і маленькі Арсеній. Як і многія іншыя перасяленцы з Украіны, яны ратаваліся ад вайны.

— На роднай Луганшчыне заставацца з малым дзіцем было небяспечна, — кажа Алена Зуб, урач-інтэрн Чэрвеньскай раённай бальніцы. — Вырашылі ехаць у Беларусь. Нам заўсёды яна падабалася. Асабліва мужу. Ён любіць зямлю, і калі, яшчэ да трагічных падзей, глядзеў па тэлевізару перадачы пра беларускія вёскі, аграгарадкі, з шыкоўнымі дамамі для працаўнікоў, дагледжанымі палеткамі, быў прыемна ўражаны.
— Як трапілі на Чэрвеньшчыну?
— Выпадкова. Калі звярнуліся ў Мінску ў міграцыйную службу, нам далі спіс раёнаў, гаспадарак, куды можна паехаць. Муж пачаў тэлефанаваць. Пашчасціла не адразу. Не кожны кіраўнік гаспадаркі возьме на сябе такую адказнасць — прыняць чужых людзей, тым больш, што дакументаў розных шмат трэба афармляць. А вось кіраўнік адкрытага акцыянернага таварыства «Лядзенскі» Аляксандр Яўстафьевіч Абрамчык пагадзіўся ўзяць на работу мужа.
Куды ехалі — не ведалі. Дабіраліся да Лядоў на таксі. Муж уладкаваўся ў гаспадарку вадзіцелем. Першы месяц жылі на кватэры. Тады вызваліўся домік у вёсцы Луч і яго выдзелілі нам. Добры будынак, з усімі выгодамі, ёсць гаспадарчыя пабудовы, варыўня, зямельны ўчастак. Усё, што неабходна для жыцця.
— Чым займаліся на радзіме?
— Муж па адукацыі інжынер, але працаваў на шахце. Трэба было забяспечваць сям’ю, бо я не працавала, даглядала сына. Зараз Арсенію 2 гады і сем месяцаў. Я скончыла Луганскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Па спецыяльнасці — урач агульнай практыкі. У Чэрвеньскай бальніцы зараз праходжу інтэрнатуру.
— Як жывецца на новым месцы?
— Нам тут падабаецца. Сустрэлі нас людзі добра. З суседзямі сябруем. Напрыклад, у гэтым годзе ў мяне добры ўраджай памідораў атрымаўся, а ў суседкі муж — заўзяты рыбак. Вось мы адна адну частуем: такі своеасаблівы бартэр (смяецца).
Спачатку, як ва Украіне пачаліся ваенныя дзеянні, мы яшчэ на нешта спадзяваліся. Думалі, што гэты канфлікт хутка вырашыцца. Але не атрымалася. Вымушаны былі пакінуць родныя мясціны. Жылі ў горадзе Бранка пад Луганскам. Бацькі нашы засталіся там — і мае, і мужавы. Брат мужа пераехаў у Севастопаль, а мой брат — у Варонеж.
— Надыходзіць Новы год. Якія ў вас традыцыі яго святкавання?
— Традыцыі сустракаць Новы год і ва Украіне, і ў Беларусі аднолькавыя. Яны ідуць з даўняга часу. Гэта сямейнае свята. Так і будзем яго адзначаць. Арсенію Дзед Мароз пад елачку пакладзе падарунак. У навагодні вечар сядзем за святочны стол, павіншуем адзін аднаго. Патэлефануем бацькам.
— Што б Вы пажадалі чытачам «раёнкі»?
— Усім жадаю, перш за ўсё, як доктар, — здароўя. І канешне — міру беларускай зямлі!
Гутарыла Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *