Першыя крокі дырэктара Дзьячэнкі

Аграрный сектор

Курс на амаладжэнне кіраўнДЗьячэнка сайтіцкіх кадраў стаў апошнім часам неад’емнай часткай палітыкі нашай дзяржавы. З прыходам на пасаду старшыні райвыканкама Андрэя Зубара, ён пачаў актыўна ўвасабляцца ў жыццё і на Чэрвеньшчыне. Адзін з нядаўніх прыкладаў — прызначэнне дырэктарам філіяла «СГК «Велікаполле» камунальнага транспартнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінсктранс» дваццацідзевяцігадовага Аляксандра Дзьячэнкі. Два з невялікім месяцы працы — не той тэрмін, каб рабіць глыбокія высновы. Але падчас знаёмства з маладым кіраўніком склалася ўражанне, што ён прыйшоў сюды ўсур’ез і надоўга.

НА ЗЯМЛІ БАЦЬКОЎ, У СЦЕНАХ РОДНАЙ ШКОЛЫ
…Мы сядзім у рабочым кабінеце Аляксандра Дзьячэнкі, які месціцца ў будынку былой Велікапольскай школы.
— Не паверыце, — кажа ён. — Але — гэта мой класны пакой. Тут быў кабінет рускай мовы і літаратуры. Я ж з чатырох гадоў у Велікаполлі жыў. І адсюль пасля дзевяці класаў пайшоў вучыцца ў Чэрвень. Вунь там, ля сцяны, стаяла наша парта. А я, атрымліваецца, зараз заняў месца настаўніцы, Валянціны Іванаўны Тарасік.
…Яшчэ больш шчымлівыя ўспаміны агортваюць Аляксандра, калі ён узгадвае бацьку, Віктара Аляксандравіча:
— Тата кіраваў мясцовай гаспадаркай два гады. У 1995 годзе заўчасна пайшоў з жыцця… І вось роўна праз дваццаць гадоў лёс наканаваў мне прадоўжыць яго справу…
Аляксандр кажа, што менавіта гэтая акалічнасць, а таксама тое, што ў Велікаполлі прайшла большая частка дзяцінства і юнацтва, тут — бацькоўская хата, у якой жыве маці, і прадвызначыла яго рашэнне пагадзіцца ўзначаліць сельгасфіліял.
— Былі і іншыя прапановы, — прызнаецца ён. — Яны з’явіліся пасля таго, як летась паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. А ўвогуле жыццё завіравала з неймавернай сілай, калі сёлета на Вадохрышча ўпершыню акунуўся у палонку: нібыта крылы за спіной выраслі…
Да гэтага я пасля заканчэння Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта шэсць гадоў працаваў у эксперыментальнай базе «Натальеўск»: інжынерам па эксплуатацыі сельгасмашын, загадчыкам гаража, апошнія тры месяцы — галоўным інжынерам. Гаспадарыць, працаваць з людзьмі вучыўся ў дырэктара Алены Эдуардаўны Махнач. Прайсці школу гэтага таленавітага кіраўніка — дарагога каштуе. Хацелася папрацаваць тут хаця б яшчэ год, назапасіць больш вопыту. Але генеральны дырэктар «Мінсктранса» Лявонцій Трыфанавіч Папянок пераканаў, што здолею кіраваць самастойна…
Першыя дні на пасадзе дырэктара Аляксандр Дзьячэнка памятае не дужа выразна:
— Ведаеце, адразу пацягнуўся шлейф самых разнастайных праблем, якія трэба было вырашаць неадкладна. У першы тыдзень не выпадала нават паабедаць. Жонка, маці, сястра адразу прыкмецілі, што я некалькі кілаграмаў вагі скінуў…
Гэта зараз, калі вытворчы працэс наладжаны, можна вымеркаваць час на абед. А тады трэба было ў кожным вытворчым падраздзяленні пабыць, пагутарыць з людзьмі. За месяц без кіраўніка гаспадаркі ў іх назапасілася шмат пытанняў.
Агульную мову з калектывам знайшлі даволі хутка. Людзі тут у большасці сваёй добразычлівыя, старанныя…

ЁСЦЬ З КІМ ПРАЦАВАЦЬ
Задаволены дырэктар і тым, што ўдалося сабраць маладую каманду спецыялістаў. Блізкасць узростаў спрыяе блізкасці поглядаў і ўзаемаразуменню.
— Падабаецца, як працуе галоўны інжынер Юрый Чумачэнка, мой равеснік, што прыехаў да нас з Гомельшчыны, — распавядае Аляксандр. — Галоўны заатэхнік Андрэй Багдановіч — з Магілёўшчыны, скончыў сельгасакадэмію ў Горках. Ён — настойлівы, упэўнены ў сабе, не баіцца перамен. Галоўны эканаміст, загадчык гаража, інжынер па ахове працы, два спецыялісты ветслужбы — таксама маладыя…
Пры гэтым жыллёвая праблема для спецыялістаў у філіяле СГК «Велікаполле» востра не стаіць. На другім паверсе адміністрацыйнага будынка гаспадаркі абсталяваны пакоі інтэрната. А неўзабаве завершыцца рэканструкцыя інтэрната на вуліцы Мінскай у Чэрвені, якую вядзе «Мінсктранс». Палову будынка мяркуецца аддаць пад жыллё работнікам сельгасфіліяла. А паколькі інвестар гаспадаркі — прадпрыемства транспартнае, то і з падвозам людзей на працу цяжкасцяў не ўзнікне. Тым больш, што такая практыка існуе і зараз.
— Так склалася, што ў нас усяго каля 15 працэнтаў работнікаў — мясцовыя, — тлумачыць Аляксандр Дзьячэнка. — Астатнія — з Чэрвеня, Грабянца, Горак, Лядоў… Аднаго механізатара возім нават з Быхава. Але гэта такі адказны і надзейны спецыяліст, што выдаткаў не шкада.
Увогуле, жадаючых працаваць у нашай гаспадарцы хапае. І гэта — не дзіва: сярэдні заробак — каля 6 мільёнаў рублёў, выплачваецца без затрымак. Але бярэм не ўсіх. Не так даўно ў адзін дзень прыйшлі тры чалавекі. Зазірнуў у працоўныя кніжкі: праз радок — «звольнены за прагул», а напрыканцы яшчэ і «пасля адбывання пакарання ў месцах пазбаўлення волі»…

ЗАМЕСТ ЗАРОСЛАГА ВАДАЁМА — ЗОНА АДПАЧЫНКУ
…Пакрысе наша гутарка з Аляксандрам Дзьячэнкам пераходзіць да вытворчасці. Прадоўжыць яе дырэктар прапануе на рабатызаваным малочнатаварным комплексе. Па шляху пераконваюся, што не толькі надоі з прывагамі і цэнтнеры з гектарамі хвалююць сёння маладога кіраўніка.
— Вось тут пустазелле сцяной стаяла, — паказвае Аляксандр за вакно машыны, калі вясковая вуліца Велікаполля робіць круты паварот управа. — Сорамна глядзець было. Тым больш, лічы, радзіма… Дамовіўся з Чэрвеньскім прадпрыемствам меліярацыйных сістэм — пакасілі. Цяпер хоць відаць, што людзі тут жывуць… А гэта — наш стары вадаём. Я тут у дзяцінстве купаўся, рыбу вудзіў. Потым ён абмялеў, зарос кустамі… А мы зараз кар’ер ля Дубнікоў рэкультывуем. Паўстала праблема: чым яго засыпаць. І тут я прыгадаў даўнюю мару бацькі пачысціць гэты вадаём. Вось цяпер выбіраем грунт, возім у кар’ер. А сюды на наступны год падвязём пяску, зробім астравок, паставім некалькі альтанак. Цудоўная зона адпачынку атрымаецца!

«ЭКСТРА» ЗНОЎКУ СТАЛА НОРМАЙ
Першае, чым цікаўлюся ў Аляксандра Дзьячэнкі, калі спыняемся на тэрыторыі малочнатаварнага комплексу, ці ўдалося вырашыць тут праблему якасці малака, якая існавала раней.
— Я і сам, калі прыйшоў працаваць, здзівіўся: тэхналагічныя параметры комплексу першапачаткова прадугледжваюць атрыманне малака гатунку «Экстра», а яно ідзе вышэйшым гатункам, — распавядае дырэктар гаспадаркі. — Пачаў разбірацца. Аказалася, што сродкі для мыцця даільнага абсталявання, якія рэкамендавала фірма-пастаўшчык рабатызаванага комплексу, былі заменены на іншыя. Набылі тыя, што трэба, дадаткова ўзмацнілі кантроль за якасцю кармлення кароў. І — пайшла «Экстра»!
…З павышэннем прадукцыйнасці дойнага статку — клопатаў больш. Бо, як засведчыла практыка, рабатызаваная сістэма даення пры ўсіх сваіх перавагах мае і недахопы.
— Карова сама па сабе — жывёла няўстойлівая да стрэсу, — тлумачыць Аляксандр. — Калі яна прызвычаілася падыходзіць на дойку да робата з аднаго боку, то паставіць яе з іншага — праблематычна. Адразу — стрэс і, як вынік, страты малака.
А мяняць жывёлу месцамі мы зараз вымушаны, бо даводзіцца выпраўляць ці то канструкцыйныя, ці то будаўнічыя недаробкі.
Справа ў тым, што пакрыццё праходаў у памяшканнях слізкае, ногі ў кароў на ім раз’язджаюцца, бы на лёдзе. Жывёла траўміруецца.
Выйсце знайшлі. Заліваем падлогу масцікай, што выкарыстоўваецца пры рамонце трамвайных пуцей, на яе сыплем кварцавы пясок. Праз два дні маса засыхае і атрымоўваецца шурпатая паверхня, па якой каровы ходзяць без праблем…

«ЦЯЖАРНЫМ МАМАМ» — УВАГА АСАБЛІВАЯ
Замест казённага слова «сухастой», якім у жывёлагадоўлі называюць кароў, што чакаюць прыплоду, Аляксандр Дзьячэнка падчас нашай гутаркі часцей ужывае выраз «цяжарныя мамы», нібыта падкрэсліваючы іх асаблівы статус у працэсе вытворчасці. Ён шчыра не разумее, чаму гэтая катэгорыя жывёлы раней была цалкам абдзелена ўвагай:
— Да майго прыходу ў гаспадарку яны ўвогуле не былі выдзелены асобна, як таго патрабуе тэхналогія, а «блыталіся» па ўсіх фермах. За непрацяглы час мы арганізавалі для нашых «цяжарных мам» належныя ўмовы ўтрымання, расфарміраваўшы старую ферму «Велікаполле». Цяпер у гэтым будынку створаны паўнавартасны цэх сухастою, з дзяленнем на перыяды, радзільным аддзяленнем і раздоем. А яшчэ маем намер пабудаваць побач з фермай навес, каб нашы «цяжарныя мамы» мелі магчымасць дыхаць свежым паветрам і песціцца пад сонечнымі праменямі.

УЗГАДАЦЬ ПРА ТОЕ, ШТО БЫЛІ «ПЕРАДАВІКОМ»
Напрыканцы сустрэчы цікаўлюся ў Аляксандра перспектывамі развіцця сельгасфіліяла, планамі на бліжэйшы час.
— Як з гумарам зазначыў наш генеральны дырэктар, трэба працаваць так, каб гаспадарка адпавядала сваёй даўнейшай назве — «Перадавік», — гаворыць ён. — Асабліва гэта тычыцца раслінаводства. Кіраўніцтва «Мінсктранса» паабяцала, што не пашкадуе выдаткаў ні на насенне, ні на мінеральныя ўгнаенні. Варта толькі правільна вызначыць арыенціры, каб гэтыя выдаткі мелі аддачу.
У прыватнасці, ужо ў наступным годзе такую аддачу чакаем ад элітнага насення азімай пшаніцы гатунку «Багатка», якое набылі ў Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Прынамсі, першыя яго ўсходы радуюць.
У жывёлагадоўлі больш увагі будзем надаваць генетычнаму патэнцыялу буйной рагатай жывёлы. Для гэтага мяркуем набыць семя канадскіх быкоў. І, канешне ж, самае важнае — кармавая база. Нароўні з пашырэннем плошчаў пад кармавыя культуры, закладкай шматкампанентных пашаў, палепшыць яе разлічваем за кошт увода ў эксплуатацыю напрыканцы года свайго камбікормавага завода.

…Вяртаючыся з гаспадаркі, пры павароце на лядзенскую шашу любуюся густым сакавіта-зялёным дываном, што ўтварылі на прылеглых палетках дружныя ўсходы азімай свірэпіцы. І ўзгадваю расповед Аляксандра Дзьячэнкі:
— Сам кожны дзень міма езджу і дзіўлюся. А, калі сеялі, душа балела: зямля пасля спёкі была сухая, бы попел. Думаю, хоць бы што-небудзь узышло. А тут — такая прыгажосць! Будзе чым рагулям паласавацца!
Атрымліваецца, што па першым часе прырода мяне падтрымала, дала аванс. Гатовы адпрацоўваць…
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *