Вадзіцель-выратавальнік са Смілавічаў – сярод лепшых на Міншчыне

Общество

Надзвычай удала склалася для маладога вадзіцеля пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №2 Смілавічаў Аляксандра Валчка выступленне ў фінальным этапе конкурсу «Лепшы вадзіцель падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Мінскай вобласці», які прайшоў у Вілейцы. Ён заняў у спаборніцтвах другое месца, атрымаўшы ва ўзнагароду Дыплом, гадзіннік з памятным надпісам і набор інструментаў для аўтамабіля.

Ратавальнікам Аляксандр стаў зусім нядаўна, сёлета ў студзені. Да гэтага выпускнік першай смілавіцкай школы паспеў скончыць аўтамеханічны каледж і папрацаваць вадзіцелем на Мінскім аўтамабільным заводзе.

— У «пажарцы» служыць мой зямляк і аднагодак Міхаіл Шатэрнік, з якім вучыліся ў паралельных класах, — распавядае Аляксандр. — Ён і сагітаваў мяне прыйсці сюды. Зрэшты, доўга агітаваць не спатрэбілася: прафесія ратавальніка мне з дзяцінства падабалася сваёй высакароднасцю, гатоўнасцю ў любы момант прыйсці на дапамогу людзям.

Што да конкурсу, то проста марыў паўдзельнічаць у такіх спаборніцтвах. Таму, калі начальнік часці Антон Віктаравіч Харлан пацікавіўся, ці ёсць жадаючыя паехаць у Вілейку, я сам прапанаваў сваю кандыдатуру. І вельмі ўдзячны яму за давер…

Першым выпрабаваннем для канкурсантаў стаў іспыт на веданне Правілаў дарожнага руху. Дакладна адказаўшы на дзевяць з дзесяці пытанняў білета, Аляксандр замацаваўся ў групе лідараў. Але адна памылка — гэта мінус 50 балаў, таму трэба было настройвацца на сур’ёзную барацьбу падчас дэманстрацыі навыкаў ваджэння пажарнай машыны.

Выехаўшы на трасу пад адзінаццатым нумарам, наш зямляк бездакорна выканаў усе восем практыкаванняў: «Кола», «Каляіна», «Бокс», «Эстафета», «Тунэльныя вароты», «Змейка», «Уезд на стаянку» і «Пянькі», паказаўшы лепшы за ўсіх папярэднікаў час — 4 хвіліны 9 секунд.

— Траса была не дужа складанай, — узгадвае Аляксандр. — Большасць фігур, якія давялося праехаць, часта сустракаюцца на практыцы, падчас тушэння пажараў: тыя ж вузкія вулачкі, развароты, пад’езды. Фактар чужой машыны на ўпэўненасць пры ваджэнні таксама ніяк не паўплываў: «МАЗ» ёсць «МАЗ». Тым больш, што і падчас працы на заводзе, і ў часці паспеў паездзіць на розных аўтамабілях. Галоўнае, што тэхніку да конкурсу добра падрыхтавалі. Бо, напрыклад, калі б былі слаба напампаваныя колы, то праехаць праз той жа «калідор», не зачапіўшы дошчачак, наўрад ці ўдалося б…

Інтрыга ў спаборніцтвах узмацнілася, калі наступны за Аляксандрам вадзіцель з Любанскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праімчаў па трасе за 3 хвіліны 18 секунд. Такім чынам, яго і нашага канкурсанта вынікі сталі арыенцірам для ўсіх да канца спаборніцтваў. За гэты час толькі адзін удзельнік здолеў паказаць лепшую, чым у Аляксандра Валчка хуткасць — 4 хвіліны 2 секунды. Але, як неўзабаве высветлілася, канкурэнты ратавальніка са Смілавічаў нарабілі памылак пры выкананні практыкаванняў і паплаціліся за гэта штрафным часам. У выніку вялікая перавага любанскага канкурсанта «растала» да адной секунды. Гэтае імгненне і вырашыла лёс першага месца на яго карысць. Наш Аляксандр — другі, чым вельмі задаволены.

— Прыемна, што здолеў годна прадставіць у вобласці нашу Чэрвеньшчыну, родны раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, — гаворыць ён. — Атрымаць узнагароды з рук намесніка начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыя Міхайлавіча Баршчэўскага лічу вялікім гонарам. Удзячны ўсім, хто мяне падтрымліваў. І асабліва — вадзіцелю нашай часці Аляксандру Каваленку, які шмат чаму навучыў падчас стажыроўкі.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *