Першы восеньскі кірмаш прайшоў у мінулую суботу ў Чэрвені

Общество

Удзельнікаў было няшмат і пакупнікоў таксама. Прывезлі на продаж бульбу і зерне: Чэрвеньскі райаграсервіс, эксперыментальная база «Натальеўск», ААТ «Раванічы», доследная станцыя. Традыцыйна  прадставілі памідоры і  бульбу фермеры  з Краснага Дара. Пакупнікі  ацанілі іх прадукцыю,  цэны і абслугоўванне  на выдатна.

Попытам карысталася ўсё, што прывезлі прадаўцы са Століншчыны: часнок, перац, агуркі, памідоры, капуста. Цэны таксама — даступныя. І ў наступныя кірмашы яны наведаюцца, таму можна паспець набыць патрэбнае.

Не зусім ацанілі яшчэ чэрвеньцы тавары камбіната бытавога  абслугоўвання. Пасцельная бялізна была добрай якасці і  па танных цэнах. Таццяна  Осіпчык  з Чэрвеня  засведчыла:

— Мне патрэбна было набыць пасцельную бялізну. Хадзіла па розных  кропкам, дзе прадавалі бялізну, але і па якасці, і па цане даспадобы прыйшлося тут.

Шматгадовыя кветкі прадавалі ў дзвух месцах прадпрымальнікі з Іванічаў і са Смалявіцкага раёна.

Станіслаў Барнавіцкі з Чэрвеня закупіў па два мяхі бульбы  ў эксперыментальнай базе “Натальеўск”, у “Аграсэрвісе” і ААТ “Раванічы”. Вырашыў паспытаць, чыя смачнейшая.

З роздумам паглядалі чэрвеньцы на  столінскія журавіны (каб без радыяцыі былі). Многія адважваліся, куплялі па цане  сорак тысяч за кілаграм. Попытам карыстаўся часнок. Дазвалялі выбіраць лепшы. Па 55 тысяч за кілаграм — хутка пайшоў, бо наш, беларускі, а не кітайскі. Прадаўцы запэўнілі, што гэта не апошні, прывязуць яшчэ.

Вялікая чарга была за прадукцыяй рыбгаса. Смачная ўсё ж такі наша рыбка.

Не парадавалі тых, хто прыйшоў на кірмаш, работнікі Чэрвеньскага гандлю. Не было ні шашлыкоў, ні бліноў, ні іншых прысмакаў. Не патрэбны, відаць, ім  такія мерапрыемствы.

Восеньскія кірмашы толькі пачаліся. Будзем чакаць працягу.

Галіна Гамеза. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *