Дарога ў школу павінна быць бяспечная

Общество

У сувязі з заканчэннем летніх канікулаў і пачаткам новага навучальнага года,  Дзяржаўтаінспекцыя з 25 жніўня да 5 верасня праводзіць на Чэрвеньшчыне спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага — дзеці!».

28 жніўня ў раёне прайшоў  Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: «Першы і галоўны ўрок — бяспека!», накіраваны на прафілактыку дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Ва ўстановах адукацыі будуць наладжаны мерапрыемствы ў рамках акцыі «Тыдзень бяспекі».

З пачатку года на Міншчыне адбылося 45 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх, у якіх 4 дзіцяці загінулі, 47 — атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. На тэрыторыі Чэрвеньскага раёна такіх здарэнняў не зарэгістравана.

Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму найбольш актуальная ў пачатку навучальнага года. Вельмі важна перад школьнымі буднямі нагадаць не толькі юным удзельнікам дарожнага руху, але і дарослым аб тым, што дарога ў школу павінна быць бяспечнай. А залежыць гэта ад самадысцыпліны, ведаў і выканання Правілаў дарожнага руху.

Дзяржаўтаінспекцыя звяртае ўвагу вадзіцеляў на тое, што ў перыяд правядзення спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў «Увага — дзеці!», з 25 жніўня да 5 верасня, для прыцягнення ўвагі юных удзельнікаў дарожнага руху, транспартныя сродкі ў дзённы час сутак павінны рухацца з уключаным бліжнім святлом фар. Неабходна быць вельмі асцярожнымі пры праездзе паблізу школ і іншых дзіцячых устаноў.

Аляксандр МАНУЛІК,

старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ

Чэрвеньскага РАУС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *