У Чэрвені абнавілі стаматалагічнае аддзяленне. Абновяць і паслугі

Общество

Аб тым, як ўсё адбывалася, расказала  загадчыца стаматалагічнага аддзялення Валянціна Мікалаеўна Ніціеўская:

— Пачалося з  падрыхтоўкі праектна — каштарскай дакументацыі, бо праводзіўся не проста рамонт, а рэканструкцыя ўсяго будынку. Былі закуплены неабходныя матэрыялы, падабралі будаўнічую арганізацыю, якая магла б ў кароткі тэрмін выканаць усе неабходныя работы.

Загадчыца стаматагалічнага аддзялення Валянціна Ніціеўская

 

Ішоў рамонт, але мы прыём пацыентаў не  спынялі, цясніліся па некалькі чалавек у кабінеце. Пасля рамонту мы сваімі сіламі прыбралі памяшканні. Неабходнае  для работы абсталяванне  я шукала ў інтэрнеце, вывучала навінкі. Вельмі хацелася набыць патрэбнае, сучаснае, якаснае і таннае. Прыемна, што спецыяльную стаматалагічную тэхніку высокай якасці вырабляюць нашы беларускія прадпрыемствы.

Абнаўленне стаматалагічнага аддзялення  стала магчымым пры дапамозе старшыні райвыканкама Андрэя Леанідавіча Зубара. Вялікі дзякуй хачу сказаць і намесніку па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Але Канстанцінаўне Шахоцька, галоўнаму ўрачу Мікалаю Мікалаевічу Снытко.

-Якія паслугі будзе аказваць абноўленае аддзяленне?

— Найперш  тэрапеўтычныя паслугі — лячэнне, артапедычныя — пратэзіраванне, хірургічныя, прафілактычныя. З’явіцца новая паслуга — будзе працаваць рэнтгенкабінет. Цяпер  наведвальнікам  не  трэба будзе бегчы па здымак  хворага зуба ў цэнтральную бальніцу. Зробім ўсё на месцы. Гэта даўнішняя мара не толькі пацыентаў, але і  наша.  Каб разумелі: абсталяванне такога кабінета патрабуе спецыяльных умоў, спецыяльнага аздаблення, нятаннага абсталявання. Таму доўгі час гэта было не магчыма. Але, дзякуючы кіраўніцтву раёна, усё вырашылася.

— Ці будуць змены у  пратэзіраванні?

— Так.  Акрамя ўжо існуючых, плануем працаваць з металакерамічнымі пратэзамі. Набываем неабходнае абсталяванне, запрасілі спецыялістаў,  мяркую, ўсё атрымаецца. У  парадантозным  кабінеце з’явіцца новая паслуга — шыніраванне (гэта спецыяльныя працэдуры для чысткі, умацавання  зубоў і дзяснаў).

— Як справы са спецыялістамі увогуле?

— У нашым калектыве працуе шаснаццаць чалавек. Гэта урачы, медсёстры, санітаркі. У жніўні чакаем на працу трох урачоў-стаматолагаў — інтэрнаў. На пастаянную працу прыедзе ўрач стаматолаг у пасёлак Смілавічы. У калектыве адносіны добразычлівыя, асноўныя ўрачы   Алена Васільеўна Грыбко, Ала Станіславаўна Мядзведзева, Святлана Іванаўна Хмылова, Алена Уладзіміраўна Лашкевіч працуюць шмат гадоў. Пацыенты  ўдзячны  ім за  прафесіяналізм. Сама я прыехала ў Чэрвень па размеркаванню  ў 1992 годзе. З 2008  года   ўзначальваю калектыў стаматалогіі.

Каб павысіць  сярод насельніцтва  ўзровень ведаў па  здароваму ладу жыцця,  сёлета  ў гімназіі адкрываем  гурток «Школа юнага данціста». Марым выхаваць сваіх стаматолагаў.

— Як вы лічыце, стан здароўя зубоў у нашых дзяцей змяніўся з цягам часу?

— Так. Добра тое, што бацькі загаддзя  хвалююцца, купляюць дзецям спецыяльныя дзіцячыя  зубныя шчоткі і пасты, прыводзяць на прафілактычныя агляды. Акрамя таго, мы пастаянна  працуем у дзіцячых садках і школах. Узровень стаматалагічнай граматнасці ў насельніцтва ўзрос. Дрэнна тое, што шмат  мяккай, працёртай ежы. Патрэбна грызці моркву, яблыкі, капусту. Жаваць трэба. Зубы павіны працаваць, каб не атрафіравацца.

— Дзякуй, Валянціна Мікалаеўна,  плённай Вам працы і дабрабыту ў сям’і.

Гутарку вяла Паліна Польская. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *