Так нараджаецца лес

Общество

У нашым лясгасе, як і ў большасці лясгасаў Беларусі, ёсць свой гадавальнік. Ён займае 23 гектары ў Чэрвеньскім лясніцтве, непадалёк ад гарадской рысы. Круглы год у гадавальніку кіпіць праца. Тут вырошчваюць пасадачны матэрыял. І не толькі для лясгаса, але і для насельніцтва, прадпрыемстваў, арганізацый, якія жадаюць добраўпарадкаваць свае тэрыторыі.

Вясной у гадавальніку займаюцца пасадкай, выкопваннем саджанцаў і пасевам насення. Адметна, што з гэтага года тут выкарыстоўваюць вопыт фінскіх калег: у кожную касету высаджваецца па аднаму насенню. Такі пасадачны матэрыял мае закрытую каранёвую сістэму, і ў яго больш магчымасцяў прыжыцца пасля высадкі ў глебу. Падобным спосабам лясгас ужо вырошчвае 42 тысячы сеянцаў хвоі і 43 тысячы — елкі.

Узімку збіраем насенне з наступнай яго перапрацоўкай у Рэспубліканскім лясным насенняводчым цэнтры. Увосень перасаджваем саджанцы і сеянцы для лесакультурных работ. Летам работнікі гадавальніка таксама карпатліва працуюць: праполваюць, паліваюць культуры, апрацоўваюць іх ад шкоднікаў і хвароб.

Асаблівая ўвага — да цяпліц, у якіх расце дэкаратыўны пасадачны матэрыял. Ён вырошчваецца метадам чаранкавання. З галінак дрэў і кустоў іглічных і ліставых парод зразаюцца невялікія чаранкі, якія потым высаджваюцца для атрымання саджанцаў. Дзякуючы спрыяльным умовам, якія створаны ў цяпліцах, чаранкі ўкараняюцца даволі хутка.

Таксама ў гадавальніку ёсць пасяўное аддзяленне, у якім з насення вырошчваюць сеянцы розных дрэў, і школьнае аддзяленне, дзе маленькія перасаджаныя саджанцы растуць і становяцца невялікімі дрэўцамі, для якіх потым ужо можна знаходзіць пастаянныя месцы росту.

Асноўная частка прадукцыі ідзе на лесаўзнаўленне. У прыватнасці, сёлетняй вясной лясныя культуры пасаджаны на 312 гектарах. Гэта — хвоя, елка, дуб, лістоўніца.

Набывае нашы саджанцы і насельніцтва. Асаблівым попытам карыстаюцца дрэўцы іглічных парод — туя, ядловец. Арганізацыі таксама купляюць дэкаратыўныя ліставыя кусты і дрэвы. Прадукцыяй гадавальніка гандлюем на кірмашах, практыкуем выезды па выхадных днях у бліжэйшыя дачныя кааператывы і садовыя таварыствы.

Кошты на яе цалкам прымальныя. Як кажуць, «па кішэні» большасці пакупнікоў. Так што, калі вы хочаце зрабіць сваё падвор’е больш прывабным, звяртайцеся ў Чэрвеньскае лясніцтва, лясгас ці непасрэдна ў гадавальнік. Тут для кожнага падбяруць патрэбны тавар, дадуць рэкамендацыі па пасадцы і догляду за раслінамі.

Жанна ЧАРНАВЕЦ

намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце

Фота Ігара АДАМОВІЧА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *