Абласное свята зладзяць у Чэрвені

Общество

VІІ абласное свята-конкурс майстроў саломапляцення»Саламяныя дзівосы» 29 жніўня будзе праводзіцца ў Чэрвені. Яно мае значную гісторыю. Першае такое свята адбылося ў 1997 годзе ў Мар’інай Горцы. Затым яго гасцінна прымалі Удзенскі, Валожынскі, Маладзечанскі, Дзяржынскі і Нясвіжскі раёны.

Удзел у свяце прымуць майстры з 12 раёнаў Мінскай вобласці. З агульнай колькасці 108 умельцаў, заяўленых на ўдзел у свяце, больш за 50% складаюць дзеці.

У свяце прымуць удзел майстры са статусам «народны майстар». Статус надаецца творчай асобе  — носьбіту этнічнай традыцыі, які з’яўляецца пераемнікам і прадаўжальнікам традыцый і мастацкага здабытку беларускай традыцыйнай культуры.

У галіне саломапляцення маюць статус «народны майстар» Алена Хоміч з Нясвіжскага раёна і Уладзімір Ціханоўскі з Любанскага раёна.

Свята-конкурс складаецца з дзвюх частак: конкурс-выстава гатовых работ і конкурс на хуткасць і якасць пляцення вырабу. На выставе дэманструюцца прывезеныя майстрамі ўзоры саламянай анімалістычнай пластыкі, лялек, утылітарна-дэкаратыўных вырабаў, капелюшоў, саламянага посуду, саламяных кветак, павукоў, яек і г.д.

Конкурс на хуткасць і якасць пляцення доўжыцца тры гадзіны.  Кожны з удзельнікаў выконвае твор па адной з 15 намінацый конкурсу: фігурку коніка, козліка, птушкі, лялькі, павука рамбічнай канструкцыі, плоскую і круглую пляцёнку, аплікацыю саломай па дрэве ці тканіне, саламянае пудзіла.

Акрамя конкурснай праграмы будзе праводзіцца майстар-клас па вырабе саламянага коніка. Ацэньваць конкурсныя работы будзе кампетэнтнае журы.

Даведкі па тэлефоне (8017)290-91-45



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *