Вось яна якая, наша Дзеруцкая

Общество

(Працяг. Пачатак у №№97-99)

Як пачала я распавядаць пра сваю вёску, дык не раз ужо задумвалася, спрабуючы ўсвядоміць сабе, чым яна жыве зараз і якія наогул мы, яе жыхары. Як нас акрэсліць некалькімі словамі? Не адбывалася ў нас вялікіх гістарычных падзей, не будавалася помнікаў культуры, не нараджалася герояў альбо знакамітасцяў. Самая мы звычайная вёска, сціплая, небагатая, людзі такія самыя, неганарыстыя, простыя, спакойныя. Пры гэтым добразычлівыя, цікаўныя, працавітыя. Іду вось па нашай доўгай вуліцы ды ўсіх прыгадваю. Думаю пра кожнага сказаць пару слоў, каб не вінавацілі, што забылася пра каго ў газеце!.. А насельніцтва Дзеруцкой, я б сказала, складаецца з двух частак: мясцовыя, так бы мовіць, «сваёй гадоўлі», і прыезжыя, што купілі дамы адносна нядаўна. Прыезджыя дзеляцца на тых, хто жыве пастаянна, і дачнікаў, што бываюць летам альбо па выхадных.

МАЖЫДАВЫ

 

Яны — мясцовыя. Гаспадыня хаты, Таццяна, тут і нарадзілася, і яе бацькі жылі тут. Было ў Тані чатыры браты і дзве сястры. Сама яна пасля вучобы па размеркаванню трапіла аж ва Узбекістан. Гэта ж быў тады яшчэ Савецкі Саюз, тэрыторыя ого-го якая!.. Выйшла там замуж за мясцовага прыгажуна, нарадзілі траіх дзетак. Але ўсё ж цяжкавата было на чужыне — іншыя парадкі, іншае ўсё. Вярнулася Таня праз некалькі гадоў дадому. Браты і сёстры яе раз’ехаліся хто ў Мінск, хто куды, а яна дагледзела бацькоў, выгадавала сваіх Эркіна, Бахціёра і Лаліту (мы на вёсцы завём хлопцаў Іркін і Баці).

Адпрацавала Таня Мажыдава больш за трыццаць гадоў прадаўшчыцай у нашай мясцовай краме. Ці не 32 гады. Колькі разоў за гэты час выручала ўсіх, каму было трэба — адкрывала краму пасля шасці вечара. Бываюць жа розныя патрэбы тэрмінова прадуктаў купіць — памрэ калі хто, напрыклад, альбо яшчэ што. Нікому не адказвала, пакуль сігналізацыю не ўвялі. Тады, канешне, перастала адчыняць, бо нельга стала. І паважлівая была да пакупнікоў. Працавала да апошняга, нават калі ўжо і ногі хворыя ў яе былі. Бо ведала, што застанемся мы без крамы. Так і атрымалася — ніхто сюды не ідзе пасля Тані працаваць. Відаць, зарплата малая.

Зараз Таня на пенсіі, паціху ходзіць па двары ды па хаце, перанесла аперацыю на ногі. У яе ўжо трое ўнукаў і нават адзін праўнучак. Гэта Іркін, хоць яшчэ і малады (здаецца, 43 гады яму), а ўжо стаў дзедам! Па віду не скажаш, канешне — яшчэ прыгажун. Ён юрыстам працуе ў Мінску. Сярэдні, Баці, у Астравах робіць. А Лаліта — санітаркай у інтэрнаце, хворых дзетак даглядае. Вельмі я жадаю ўсім ім траім, каб добра складвалася іх асабістае жыццё. Каб даваў Бог шчасце і каханне, і каб жылі спакойненька і лагодненька са сваімі сямейкамі, і дзеткі былі здаровенькія.

 

МАКРЫДЗІНЫ

 

…Шмат хто ўжо на вёсцы памёр. Напрыклад, Таццяна Калтовіч, суседка мая, што на ферме працавала. Але ў хаце ейнай жыве дачка, прыязджае два разы на тыдзень. А хату побач купіў Танін унучок, Коля Бабок. Часта, праз дзень, бывае ў вёсцы, і жонку прывозіць, і маленькую дачушку. Якой толькі не завёў ён жывёлы! Парасят купіў, кролікаў, індавутак, курэй розных сартоў. Вельмі яму цікава сялянскае жыццё, гаспадарка. Кажа: «Каб не работа, баба Ала, дык тут бы і жыў!» Нават і мне дапамагае, а калі што не ведае пра хатнюю жывёлу — ці парася запэрхала, ці пыляня абасралася, — дык прыдзе папытае, што рабіць.

А чаму яны ўсе Макрыдзіны? Гэта не прозвішча! Гэта іх яшчэ прабабка звалася Макрыда. Імя такое даўней было. Вось яе ўсе нашчадкі да гэтага часу завуцца Макрыдзіны — «з сям’і Макрыды». Мабыць, ёй прыемна на тым свеце павінна быць, што імя жыве і аднавяскоўцы яго памятаюць.

 

ПАТАПЧЫКІ

 

Яшчэ адна адметная хата — Патапчыкаў. Зараз тут жыве яе гаспадыня Таня з дачкой Ларысай, зяцям Сяргеем і ўнучачкамі Палінкай ды Насцяй. Муж Танін памёр, сыны пажаніліся, адзін, Саша, жыве ў Бараўлянах, другі, Андрэй, у Раванічах. У кожнага — двое дзетак, дзяўчынка і хлопчык. Маці іх, Таня, ніколі не скажа: «мой Андрэй», альбо «мой Сашка». Усё «мой Андрэйка», «мой Сашачка», «мае дзеткі». Дзеткі да маці паважлівыя, прыязджаюць часта, унукаў прывозяць. Асабліва часта зараз раваніцкі ўнук Іллюша гасцюе: вельмі любіць паесці бабіных бліноў, кашы. У Танінай хаце рэдка ціха бывае: тут усім дзецям нібы мёдам намазана. І дарослыя заходзяць, нібы да радні: вельмі гасцёўна ў Патапчыхі, так мы яе завем любоўна. Шмат робіць па гаспадарцы яе дачушка Ларыса. Паспавяе і на работу, і дзяцей дагледзець, і вялізны ўчастак зямлі не ў траве, градачкі паполе ўсе чысценька, жывёлу пакорміць — залатая дзяўчына, дай ёй таксама, Божачка, шчасця ды спакою ды каб дачушкі раслі разумныя і маме дапамагалі.

…Калі-небудзь Таня крыкне на дзяцей, калі надта разыйдуцца, ды і прыгадаем мы з ёю, што раней дзеці зусім не так раслі на вёсцы. Вось, калі нашых узяць — што яны бачылі? Ніхто не песціў іх, ласункаў не выкупліваў. Летам ім было не адпачыванне, а праца! Памятаю, набяром буракоў, ільну — я, Патапава ды Мажыдава па 50 сотак бралі, а ільну па гектару. І дзеці нашы, як лета — штодзень на буракі! Зараз і то кажуць: «Плакалі, як нас маці адпраўляла: не было калі гуляць!..» Вось у нас у кожнай было па тры «работнікі». Лета яны на бураках, на сене, а пачатак восені — лён. Не толькі рвалі яго дзеці, але і малацілі! А спыталася я зараз у малой: «Насця, ведаеш, што такое лён?» Ёй восем гадоў. Яна перапытала: «Што? Клён?..» А тады падумала ды кажа: «Ведаю! Гэта на гербе ёсць кветачкі такія!..»

Самі яны зараз растуць, як кветачкі. Гэта добра, канешне: ні нужды, ні клопатаў, сядзяць у інтэрнэце ды на веласіпедах гойсаюць, па мабільніку мацерам дыктуюць, што ім за ласункі у горадзе купіць. Але ж нашым праца не пашкодзіла: што Патапавы, што Мажыдавы, што мае выраслі самастойнымі, работы не баяцца ніякай. Неблага! Ну, мо яшчэ дасць Бог пажыць ды ўбачыць, што з гэтых, сённяшніх, вырасце. Іх у нас у Дзеруцкой і няшмат, усяго трое мясцовых дзетак. Усе ў другую чэрвеньскую школу ходзяць, аўтобус іх возіць. Палінка восем скончыла, Дзіянка пяць, Настачка у трэці перайшла. А якія ўсе тры прыгажуні! Во на здымку Дзіяна з Насцяй, сяброўкі не разлі  вада. Дружаць і з іншымі дзецьмі, напрыклад, прыязджае па выхадных Насцін брат стрыечны, Сямён — яшчэ толькі шэсць гадоў, а хату бабы Тані пераварочвае разам з дзеўкамі ўшчэнт! Трохі зажурыўся, што яго не сфатаграфавалі: вельмі на людзях любіць быць…

 

НЕ ПАПАЛА ПАД РАЗДАЧУ

 

Вычытала я ў адным з мінулых нумароў раёнкі, што давалі ў раёне валанцёрскую дапамогу інвалідам першай і другой групы. А вось нашай Веры Хведзікавай, Мурашка яе прозвішча, не далі. Хоць яна і мае другую групу. Нават доктар Максімаў з Чэрвеня да яе рэгулярна прыязждае, мо раз на месяц. Мо, калі яшчэ калі будуць тыя прадуктовыя наборы раздаваць, то і пра нашу Верку не забудуць? Бо шкада бабу, сама яна спытаць нікуды не пойдзе, хворая вельмі, дома сядзіць. Жывуць яны з Барысам, добры мужчына, даглядае яе. Але, мабыць, таксама сціплы, не спытае пра раздачу…

 

УЗДОЎЖ ПА ВУЛІЦЫ

 

Іду во і паглядаю на хаты нашы. З карэнных нашых, дзеруцкіх, жывуць Валерык Калтовіч з жонкай Тамарай, яны ўжо на пенсіі; Галя Жызнеўская з сынам Славікам, працавала ў горадзе, у атэлье, і на аўтавакзале, зараз таксама пенсіянерка. Насупраць яе — Вася Кручок. Вярнуўся на старасці гадоў у родную вёску, у сваю хату. Жонка яго колькі гадоў таму памерла, і Кручок жыве адзін. Заўзяты рыбак. Мабыць, усе вадаёмы ў раёне ведае. Яго паслухаць, дык дзе ён толькі не лавіў тых вялізных рыбцоў!.. Рыбакі-та яны такія… Гэткія… Языкастыя! Дык я не лапух, хоць і сялянка, каб кожнаму слову верыць!.. Але трохі ловіць, праўда. Трохі бачыла!.. Кручок наш маладзец яшчэ і тым, што, як устанаўлівалі ў пачатку і ў канцы вёскі крыжы, дык гэта Васька іх сам з дрэва зрабіў, абшкурыў і пафарбаваў. Вельмі акуратныя і дастойнага выгляду атрымаліся.

Кто ж тут у нас яшчэ? У хаце Валі Кацьковай, што памерла гады з тры таму, жывуць дачка з зяцем, Валя і Коля. На другім канцы вёскі — аня Насэр, дачка Волькі Пашкаўчыхі. Далей — Жора Бычкоўскі, працуе ў калгасе. Ля яго — Валерык Красоўскі, гэты ўжо на пенсіі.

Мо, у вас, чытачоў, узнікне пытанне, навошта ўсіх так во пералічваць. Мо, вам здаецца, што гэта нікому не цікава. Але для нас гэта наадварот — калі хоць куточак хаты патрапіў на здымак у газеце, дык і тое прыемна! Кожнае імя, кожны маленечкі факт, што прапісаны ў гэтых маіх радках, надоўга застанецца у памяці аднавяскоўцаў. Мы цяпер і газеты гэтыя ўсе, што пра нас, будзем мо не адно дзесяцігоддзе захоўваць. Такая падзея!.. У Мінск дзецям і родным перадаём, яны там чытаюць і радасна дзівяцца: «Во, і пра нашу вёску пішуць!..» Спадзяюся, што нават трохі і цікава чытаць — баба Ала не строіць з сябе пісацельку, але як ёсць, так усё і расказвае!

 

НОВЫЯ ПАРАСТКІ

 

Гадоў з трыццаць ужо жыве ў нас Плаксуноў Коля. Тут і прапісаны. Ёсць у яго жонка, сын. Вельмі харошы Коля гаспадар, усю хату перарабіў поўнасцю. І усё з дрэва робіць. Не пластык там які-небудзь! Хата дыхтоўная, дагледжаная, нават па плоту відаць, што там усё па-сур’ёзнаму зроблена.

Добра выглядае і хата Альшэўскіх, але яны не такія «старажылы», як Коля. На выхадныя прыязджаюць. Ёсць і яшчэ некалькі хат, што купленыя зусім нядаўна, пару гадоў таму. З іх гаспадарамі нават я не паспела яшчэ пазнаёміцца. Дарэчы, гэта даволі дзіўна, трэба тэрмінова выпраўляцца!..

Ну, нельга хоць напрыканцы маёй сённяшняй эпапеі не ўзгадаць яшчэ аднаго суседа. Жыў тут у нас палкоўнік, а потым гэту хату купіў хлопец з Расіі. Пераехаў з самаго Петрапаўлаўска-Камчацкага. Таго, дзе заўжды ў савецкія часы, як у нас дзень, наступала ноч, памятаеце? «В Петропавловске-Камчатском — полночь». Вось адтуль патрапіў у Дзеруцкую наш Алег Плінк. Дома ў яго шык-мадэрн, ванна, усе выгоды, як у горадзе. Сабака вялізны ходзіць па двары, Зерк завецца. Напачатку трохі не разумелі мы Алега — надта ж ужо разумны!.. І веры нейкай старажытнай прытрымліваецца, не такой, як мы. Крыху і пасміхаўся з нас. Нават, бывала, біўся з нашымі мужыкамі, калі яны яго спрабавалі чамусьці на свой лад пераіначыць. Але потым прыгледзеліся — любіць працавать на зямлі, насадзіў усяго «натуральнага» на градах, вырошчвае. Курэй завёў. Па прафесіі ён, здаецца, праграміст, працуе ў аэрапарту ў Смалявічах. Калі ў каго з вясковых зломіцца кампьютэр — нікому не адмаўляе, паглядзіць, парамантуе. То хто з нас яго пакліча на застолле альбо бяседу, то  самі калі да яго зойдзем — так пакрысе і пасябравалі. Харошы хлопец аказаўся. Рады мы, што ён у нас прыжыўся.

А на гэтым фота з альбома (унізе) — той час, калі моладзі ў Дзеруцкой было болей, у школу хадзіла чалавек 16. Тут і мае, і Патапавы, і Шкоры, і Мажыдавы, і Славік Жызнеўскі. На здымку яны падлеткі, гуляюць у вясковым клубе. Тады ж і клуб быў у нас. А зараз у іх ужо ў саміх амаль ва ўсіх такія дзеці!..

Ала КРАСОЎСКАЯ

 

(Заканчэнне будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *