Кароннае вяселле

Общество

— 70 гадоў сумеснага жыцця адзначаць сёння муж і жонка Путрыкі —  Соф’я Міхайлаўна і Аляксандр Іванавіч з вёскі Клінок. Шчыра кажучы, я і не чула пра такі доўгі сумесны век. Прынамсі,  сярод маіх сяброў і знаёмых такіх няма. Пары, якія жывуць разам столькі гадоў – вялікая рэдкасць. Яны валодаюць каштоўнымі якасцямі  – бязмежным цярпеннем, павагай і ўменнем любіць. У іх сэрцах захавана глыбокая вера ў пачуцці. Гэта людзі, якія  прайшлі праз многія цяжкасці, праз крыўды і сумненні. Не кожны здольны на гэта.

Іх сумеснае жыццё пачалося 12 чэрвеня 1945 года. Якое было вяселле? Сабраліся амаль адны жанчыны. Многія мужчыны не вярнуліся з вайны, а некаторыя яшчэ служылі. Але ж радасць была вялікая – і вайна скончылася, і сям’я новая нарадзілася.

А пазнаёміліся яны падчас вайны, калі Аляксандр быў у партызанах. Стаялі ў Іванічах, ахоўвалі мост. Заходзілі і ў суседнюю вёску – Аточную Слабаду, там і знайшоў сваё шчасце. Соф’і тады было толькі 16 гадкоў. Спадабалася дзяўчына. Вайна вайной, як кажуць, а маладосць і пачуцці бралі сваё… Сустракаліся па магчымасці. Марылі: скончыцца вайна – пажэнімся…

— Як убачыла Аляксандра, спадабаўся ён мне адразу, —  гаворыць Соф’я Міхайлаўна. – Прыгожы, смелы, рашучы. Каля яго было неяк надзейна і спакойна. Вайна, немцы вакол, страшна, кожны дзень думаеш, што ж будзе? А тут надзея з’явілася – скончыцца ж гэта навала, будзем разам. Нагараваліся мы падчас вайны. Бацька памёр. Старэйшы мой брат таксама быў у партызанах, а мы — мама і мае яшчэ малодшыя сястра і брат засталіся ні з чым: немцы ўсё адабралі: і зерне, якое намалацілі і схавалі, і жывёлу, хату спалілі…

Аляксандр да вайны скончыў шафёрскую школу. Яшчэ і папрацаваць не паспеў, пачалася вайна: трэба ісці на фронт. Але ў дзеючае войска не трапіў. У Мінску разбамбілі прызыўны пункт, куды яго накіравалі. Вымушаны быў вяртацца ў Клінок.

У сям’і Аляксандра, акрамя яго, было яшчэ чацвёра братоў. Усе – і бацька, і сыны, за выключэннем палутарагадавалага Вані, пайшлі ў партызаны. Старэйшы Васіль быў камандзірам атрада. Бацька – сувязным. Брат Валодзя загінуў. Пахаваны ў Клінку. Сцяпан памёр пазней. Ваня таксама загінуў ужо дарослым, няшчасны выпадак.

Пасля вайны цяжка было адразу. Паступова жыццё  пачало наладжвацца, а маці Соф’і, неўзабаве  памерла — не вытрымала сэрца ўсіх гэтых фізічных і душэўных пакут. Соф’я пасля вяселля перабралася да мужа ў Клінок. Пазней і сястра Валя пераехала сюды. Жыве і зараз з тут мужам.

Бацькоўскі дом Аляксандра ў Клінку таксама спалілі немцы. Пасля вайны адбудавалі нанава. Жылі з Соф’яй спачатку ў ім.

— Я не працавала, — працягвае расповяд Соф’я Міхайлаўна. – Дзяцей трэба было гадаваць: іх у нас трое нарадзілася. Дачка Галіна – старэйшая, тады сыны: Анатоль і  Міхаіл. Хапала работы дома. Муж лічыў, што лепш за маці ніхто не даглядзіць дзяцей. Ды і зарабляў неблага.

— Больш за 30 гадоў адпрацаваў я на экскаватары, — гаворыць Аляксандр Іванавіч. — Адзін час працаваў у Мінску, вазіў на легкавушцы  ўпраўляючага Глаўрыбпрома.

Тады паслалі  ў Брэст з палёў пасля баёў сцягваць грузавыя машыны. Там нам далі па машыне. Я прыгнаў яе ў рыбгас. Так і застаўся ўжо тут. А рыбгас паслаў на экскаватаршчыка вучыцца. Паехаў, вывучыўся. Пайшоў на работу. Спачатку ў Смалявічы, я працаваў там у першай СМУ меліярацыі. Прапаноўвалі мне перабрацца з сям’ёй на пастаяннае месца жыхарства ў Смалявічы, кватэру давалі ў цагляным доміку двухпавярховым. Не захацела мая жонка пераехаць туды.

Працаваў заўсёды Аляксандр Іванавіч добрасумленна: і граматы мае і пасведчанне “Ударніка камуністычнай працы”. Паважала кіраўніцтва. Прапаноўвалі Аляксандру інструктарам па экскаватары працаваць у Смілавіцкім ПТВ. Думаў пагадзіцца, ужо і стаж работы меў, і вопыт. Меркавалі і дом у Смілавічах купіць, але не знайшлі нічога для сябе падыходзячага. Адмовіўся.

Пабудавалі сабе дом  у Клінку на пасёлку. Перайшоў Аляксандр на работу ў Чэрвень у ПМК-8. А перад заслужаным адпачынкам пераманіў яго брат у Пухавіцкую сельгасхімію, дзе адпрацаваў яшчэ паўтара гады.

Жыццё ішло сваёй чарадой. Дзеці сталі дарослымі, ва ўсіх даўно свае сем’і: Галя ў Мінску жыве. Працавала старшай медсястрой ў 10-й клініцы, на заслужаным адпачынку зараз. Толя – у Чэрвені. Міша ў Мінску таксама, працуе на “Гарызонце”. Маюць пяцёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў.

Бацька Аляксандра ў рыбгасе 30 гадоў адрабіў на прудах брыгадзірам. Ён ваяваў яшчэ ў першую імперыялістычную вайну. Пражыў 101 год. Маці была хатняй гаспадыняй. Калі яна памерла, бацьку Соф’я і Аляксандр забралі да сябе. Але хацелася старому жыць у сваёй хаце. Не сталі пярэчыць яму – свой дом прадалі, перабраліся ў бацькоўскі. Бацьку даглядзелі, пахавалі. Так тут і жывуць.

На падворку ў гэтых немаладых ужо гаспадароў  парадак. Зацэментаваныя дарожкі, дагледжаны сад, цяпліца. Прыязджаюць дзеці, унукі, дапамагаюць. Ды і самі яны  яшчэ па меры сваіх магчымасцей штосьці робяць у хаце і ў садзе.

— У гэтым годзе нас, ветэранаў вайны, ушаноўвалі ў райцэнтры, — гаворыць Аляксандр Іванавіч. — Медаль атрымаў “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.”

Ззяюць вочы ў Соф’і Міхайлаўны і Аляксандра Іванавіча і зараз, калі глядзяць адзін на аднаго. Прыгадалі вось сваю маладосць.

— Усяго было ў жыцці, — гаворыць Соф’я Міхайлаўна. – Зараз жыць добра. Адна толькі бяда – здароўе падводзіць: і слых не той, і зрок, ды і ногі баляць.

Угледзьцеся ў твары гэтых абаяльных людзей. За маршчынкамі хаваецца неверагодны аптымізм, бадзёрасць і жыццярадаснасць. Збяруцца ў доме дзеці, унукі, праўнукі, каб павіншаваць сваіх любых родных з такім цудоўным святам. Жадаем вам, шаноўныя Соф’я Міхайлаўна і Аляксандр Іванавіч, каб вы сустрэлі яшчэ не адзін юбілей у сваёй вялікай і дружнай сям’і.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *