Праблему абмеркавалі за «круглым сталом»

Общество

«Грамадзянскі шлюб: выдуманая свабода ад абавязкаў» — пад такой назвай прайшла сустрэча за “круглым сталом” у дзіцячай бібліятэцы.

Ладзілі яе супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Удзел у мерапрыемстве ўзялі старшыня суда Чэрвеньскага раёна Наталля Тарасік, начальнік Чэрвеньскага аддзела ЗАГС Таццяна Лапшына, настаўніца нядзельнай школы Свята-Мікалаеўскай царквы Валянціна Усенка, актыўныя чытачы і бібліятэкары.

На сустрэчы абмяркоўвалася такая праблема, як сумеснае пражыванне пар без афіцыйнай рэгістрацыі. Гаварылі пра тое, як адносяцца мужчыны, дзяўчаты, бацькі і навакольныя да грамадзянскага шлюбу. Разгледзелі плюсы і мінусы сумеснага пражывання. З цікавасцю прысутныя слухалі аповеды па тэме Наталлі Тарасік, Таццяны Лапшыной і Валянціны Усенка.

Старшыня суда ўзгадала гісторыю рэгулявання шлюбу, яго царкоўныя і прававыя аспекты, расказала пра рэгістрацыю шлюбу ў розных краінах.

Настаўніца нядзельнай школы Свята — Мікалаеўскай царквы распавяла пра тое,  што хлопец і дзяўчына павінны захоўваць цнатлівасць да вяселля — гэта залог шчаслівай сям’і. Яна працытавала Свяціцеля Іаана Златавуста: «От целомудрия рождается любовь, а от любви — бесчисленное количество благ».

Начальнік аддзела ЗАГС засяродзіла ўвагу на тым, што ў жыцці нішто не зможа замяніць адчуванне шчасця і хвалявання маладажонаў у дзень вяселля, у святочны і светлы дзень нараджэння іх сям’і, у якой яны будуць знаходзіць каханне, цярпенне, разуменне, і дзе будуць расці, акружанныя клопатам матулі і таты, шчаслівыя дзеці.

Свае погляды на праблему сумеснага пражывання альбо грамадзянскага шлюбу выказалі ўсе ўдзельнікі круглага стала.  Падчас мерапрыемства  адбылася дыскусія паміж моладдзю і людзьмі сталага ўзросту. Удзел у ёй узялі навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Вікторыя Ярашэвіч, юрыст УЗ «Чэрвеньская ЦРБ» Дзяніс Гуменюк, бухгалтар аддзела адукацыі Ганна Аванесян, актыўная чытачка бібліятэкі, пенсіянерка Зоя Сушкевіч.

Потым бібліёграф Алена Шульга прапанавала ўдзельнікам круглага стала агляд літаратуры пра шлюб і сям’ю. Вельмі падрабязна яна засяродзіла ўвагу на кнізе Юліі Сысоевай «Бог не праходзіць міма». Сярод астатніх М.Імшэнецкая «Забытая каска», А.Марозава «Дыялогі пра сям’ю і шлюб», «Сям’я: кніга для чытання», «Сямейная псіхалогія» і іншыя.

Напрыканцы сустрэчы прысутныя атрымалі буклеты, прадстаўленыя ДУ «Чэрвеньскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», аб паслугах цэнтра па тэмах: «Пра дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу», «Гарачая лінія па пытаннях бяспечнага выезду за мяжу», «Аб аказанні гуманітарнай дапамогі», «Позняя» матуля: гераізм ці эгаізм?», «Пра бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця» і «Дзе знайсці дапамогу».

 

Святлана ЖДАНОВІЧ, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі     Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *