Завітаў касманаўт да дзяцей

Общество

Пры ўсёй сваёй занятасці наш зямляк, касманаўт Алег НАВІЦКІ па запрашэнню дзяцей і педагогаў Чэрвеньскага гарадскога дзіцячага садка №1 наведаў гэтую дашкольную ўстанову. Дзеці падрыхтаваліся да сустрэчы: паказалі свае малюнкі на касмічныя тэмы, прадэманстравалі, як яны ўмеюць прыгожа танцаваць і спяваць, якія цудоўныя касцюмы для танцаў зрабілі для дзяцей педагогі разам з бацькамі. Нават быў маленькі «касманаўт» і амаль сапраўдная бліскучая «ракета».

Хлопчыкаў зацікавіла залатая зорка на грудзях Алега Віктаравіча. Загадчык садка Галіна Грынько патлумачыла дзецям, што такую зорку атрымліваюць героі, а ў космас лятаюць толькі смелыя, дужыя людзі, таму яны і героі.

Дзеці літаральна засыпалі свайго госця пытаннямі. Што такое бязважкасць? А ці бачылі якіясьці планеты? Ці марылі з дзяцінства аб космасе? А дзіцячы садок наведвалі? Было страшна падчас палёту? А колькі ў Вас дзяцей? Ці паслухмяным былі хлопчыкам? А што трэба, каб стаць касманаўтам?  Дзеці атрымалі адказы на ўсе пытанні. На апошняе пытанне Алег Віктаравіч адказаў так: «Самае галоўнае — слухацца маму і тату, добра есці, займацца фізкультурай, гуляць на свежым паветры». Напрыканцы сустрэчы дзеці расказалі верш, у якім для шаноўнага госця прагучалі пажаданні здароўя, шчасця і поспехаў. А ў якасці падарунка ўручылі пано, зробленае сваімі рукамі.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *