Вяртанне праз стагоддзе

Общество

…Карціны выбітных мастакоў Парыжскай школы Хаіма Суціна і Шрагі Царфіна – у Смілавічах! Яшчэ колькі гадоў таму, калі імя першага толькі адкрывалася напоўніцу шырокаму колу беларускіх аматараў мастацтва, а пра другога ўвогуле мала што было вядома, гэта здавалася амаль неверагодным. І вось у мінулы панядзелак арыгіналы твораў ураджэнцаў тутэйшых мясцін праз стагоддзе пасля таго, як яны пакінулі радзіму, упершыню на працягу некалькіх гадзін прадставілі ў смілавіцкім музеі “Прастора Хаіма Суціна”.

наведвальнікі экспазіцыі ля карцін Шрагі Царфіна

 

Гэтая знакавая падзея адбылася ў рамках Першай Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Суцінскія чытанні”, якую ладзіла зарэгістраваная ў Смілавічах прыватная ўстанова культуры “Спадчына і Час” пад патранажам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, пры ўдзеле Чэрвеньскага райвыканкама і ў партнёрстве з мінскай галерэяй “Кніжны салон”.

Завітаўшы ў гарадскі пасёлак, яе ўдзельнікі наведалі могілкі, дзе пахаваны бацька Хаіма Суціна і дзед Шрагі Царфіна, пабачылі, як пасля набыцця прыватнікамі амаль з руінаў адраджаецца старажытная сядзіба Манюшкаў-Ваньковічаў…

Чырвоную стужку на ўваходзе ў новую, трэцюю залу музея “Прастора Хаіма Суціна”, адрамантаваную дзякуючы клопатам аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама і супрацоўнікаў мясцовага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, перарэзаў унук мастака Іў Дзюлак.

унук Шрагі Царфіна Іў Дзюлак пераразае чырвоную стужку на ўваходзе ў трэцюю залу музея

 

— Вельмі хвалюючы для мяне момант – адкрываць паказ работ дзеда на яго радзіме, – сказаў ён. – Кранае тое, што землякі з такой увагай ставяцца да яго творчасці. Назву “Смілавічы” чуў у сям’і з дзяцінства. І вось я тут…

Адметна, што ў гэты дзень смілавіцкая зямля сабрала разам і іншых нашчадкаў Шрагі Царфіна. З Расіі на канферэнцыю прыехалі яго пляменнікі Аўдзім і Ганна, з Ізраіля – унучатая пляменніца Эла. Дарэчы, менавіта дзякуючы сям’і мастака, новая зала, у якой плануецца стварыць экспазіцыю, прысвечаную жыццю і творчасці Шрагі Царфіна, займела першыя каштоўныя экспанаты: дзве яго арыгінальныя карціны, рабочую палітру, альбом для фотаздымкаў і часопіс модаў пачатку дваццатага стагоддзя, эскізы тканін, якія ён маляваў. Іх перадала смілавіцкаму музею дачка Шрагі Царфіна Ліліян.

Ну, а арыгіналы твораў мастакоў – знакамітыя “Вялікія лужкі ў Шартры каля віядука” Суціна і сем карцін Царфіна прадставілі “Белгазпрамбанк” і прыватныя калекцыянеры. І калі мастацтвазнаўцы, якія складалі пераважную большасць удзельнікаў канферэнцыі, мелі магчымасць пабачыць гэтыя карціны нашмат раней, на выставах “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” і “Дзесяць вякоў беларускага мастацтва”, якія ладзіліся ў Мінску ў 2012 і 2014 гадах, адпаведна, то для мясцовых наведвальнікаў іх прагляд стаў сапраўдным адкрыццём.

невядомая карціна, якую, як мяркуецца, намаляваў Хаім Суцін

 

— Я прыйшла сюды з сябрамі па працы, каб пабачыць тое, што ў свеце даўно лічыцца вечнымі каштоўнасцямі, – распавяла метадыст Смілавіцкага селгасліцэя Галіна Нікалайчык. – Карціны нашых землякоў перадаюць не толькі колер, але і пах тых мясцін, якія на іх адлюстраваны: пах мора, горнага паветра, лістоты дрэў. Мастацтва – гэта святло для душы. І хочацца, каб нагоды і магчымасці для сустрэч з яго шэдэўрамі тут, у Смілавічах, надараліся часцей…

Сюрпрызам для наведвальнікаў экспазіцыі стала выстаўленая на агляд у трэцяй зале музея невядомая карціна, якую набыў на аўкцыёне беларускі калекцыянер. Мяркуецца, што яе намаляваў Хаім Суцін. Калі эксперты прызнаюць прыналежнасць твора пэндзлю нашага сусветна вядомага земляка, то гэта будзе азначаць, што ў Беларусі захоўваецца ўжо тры арыгіналы яго карцін.

Яшчэ адна адметнасць імпрэзы – прапанова яе арганізатараў назваць імёнамі Хаіма Суціна і Шрагі Царфіна вуліцы ў Смілавічах. У якасці першага кроку да ўвасаблення гэтай ідэі ў жыццё старшыні Смілавіцкага сельвыканкама Валянціне Півавар перадалі адпаведныя сімвалічныя шыльды.

дызайнер Надзея Кухарэнка перадае сімвалічныя шыльды з назвамі вуліц мастакоў старшыні Смілавіцкага сельвыканкама Валянціне Півавар

 

Напрыканцы візіту ўдзельнікаў канферэнцыі ў Смілавічы сваякі Шагі Царфіна пасадзілі два дрэвы непадалёк ад будынка, дзе месціцца музей. Мяркуецца, што тут возьме пачатак алея мастакоў.

нашчадкі Шрагі Царфіна садзяць дрэвы на будучай алеі мастакоў

 

Дарэчы, сёлета наш гарадскі пасёлак мае шанц яшчэ раз пацвердзіць статус аднаго з адметных культурных цэнтраў міжнароднага маштабу. Як распавяла ўладальнік мінскай галерэі “Кніжны салон” Ала Зміёва, напрыканцы лета- пачатку восені плануецца арганізаваць пленэр “Прастора Суціна” з удзелам мастакоў Беларусі і блізкага замежжа.

— З месцам яго правядзення мы пакуль не вызначыліся, але першае, што прыходзіць у галаву пры разглядзе магчымых варыянтаў, – гэта Смілавічы, – сказала яна.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *