Земляробы Чэрвеньшчыны завяршаюць сяўбу ранніх яравых зерневых культур. Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу ўчарашняга дня, у гаспадарках яны займаюць 7344 гектары. Гэта — 97 працэнтаў ад неабходнага.
145 гектараў яравых зерневых засталося пасеяць у ААТ «Запольскае», 125 — у ААТ «Валевачы».
Тым часам, сумесным рашэннем упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу вызначаны пераможцы спаборніцтва на веснавых палявых работах за мінулы тыдзень.
Пераходнымі чырвонымі сцяжкамі, Удзячнымі адрасамі і каштоўнымі падарункамі адзначаны:
НА ВОРЫВЕ ГЛЕБЫ — механізатар ААТ «Валевачы» Уладзімір Аляксандравіч ПАЧАСУЙ. На трактары «Джон Дзір» з плугам «Рабе-9» ён узараў 509 гектараў. Заданне выканаў на 107,2 працэнта.
НА ПАДРЫХТОЎЦЫ ГЛЕБЫ — механізатар ААТ «Раванічы» Сяргей Анатольевіч МІЦКЕВІЧ. На трактары «Фэнд» з культыватарам «АПД-7,5» ён падрыхтаваў 599 гектараў глебы. Заданне выканаў на 113,4 працэнта;
НА СЯЎБЕ — механізатар КСУП «Эксперыментальная база «Натальеўск» Андрэй Віктаравіч КУЗЬМІН. На трактары «Джон Дзір» з сеялкай «Вогел» ён пасеяў 425 гектараў яравых. Заданне выканаў на 139,8 працэнта.
НА ЎНЯСЕННІ МІНЕРАЛЬНЫХ УГНАЕННЯЎ — механізатар філіяла «Агра-Бокс» СП «Унібокс» Сяргей Валянцінавіч ЯКОВІН. Агрэгатам «Раса» ён унёс мінеральныя ўгнаенні на 1929 гектарах. Заданне выканаў на 112,2 працэнта.
НА ЎНЯСЕННІ АРГАНІЧНЫХ УГНАЕННЯЎ — механізатар ААТ «Запольскае» Аляксей Анатольевіч ЛУХВЕРЧЫК. На трактары «МТЗ-3022» з агрэгатам «МТУ-18″» ён вывез і ўнёс 7611 тон арганічных угнаенняў. Заданне выканаў на 107,5 працэнта.
Фота Ігара АДАМОВІЧА