Дома сцены дапамаглі

Спорт

Чэрвень на працягу двух дзён прымаў IV абласную спартакіяду навучэнцаў устаноў, якія рыхтуюць кадры для аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці. Ладзіў яе абкам прафсаюза работнікаў АПК.

 

Спаборніцтвы прайшлі ў прафесійным будаўнічым ліцэі, на футбольнай пляцоўцы СДЮШАР і ў спартыўнай зале чацвёртай гарадской школы.

18 каманд вызначалі мацнейшых у валейболе або міні-футболе (на выбар), настольным тэнісе і мнагаборстве “Здароўе”. Акрамя таго, прадстаўнікі кожнага са спартыўных калектываў спаборнічалі ў дартсе.

Чэрвеньшчыну на спартакіядзе прадстаўлялі тры каманды – Смілавіцкіх сельскагаспадарчага ліцэя і аграрнага каледжа, а таксама – Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя. Дзве з іх заваявалі большую частку ўзнагарод спаборніцтваў.

Першымі сталі вядомыя імёны пераможцаў мнагаборства “Здароўе”, якое ўключала ў сябе бег на кароткую і доўгую дыстанцыі, скачок у даўжыню з месца, падцягванне на перакладзіне (у юнакоў) і згінанне-разгінанне рук ва ўпоры (у дзяўчат). Тут поспех спадарожнічаў прадстаўнікам Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя і Смілавіцкага аграрнага каледжа. Першыя месцы ў асабістым заліку па суме ўсіх відаў занялі Кацярына Метц (аграрны каледж) і Аляксей Марозаў (будаўнічы ліцэй), другое – Анастасія Цалуйка (будаўнічы ліцэй). Дзве верхнія прыступкі п’едэсталу ў камандным заліку мнагаборства “Здароўя” таксама аказаліся за спартсменамі Чэрвеньшчыны: першым стаў аграрны каледж, другім – будаўнічы ліцэй.

Завочнае саперніцтва гэтых дзвюх навучальных устаноў за абсалютную перамогу ў спартакіядзе працягвалася і ў астатніх дысцыплінах.

Футбольная каманда Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя ў складзе Арцёма Аўраменкі, Мікіты Брэчкі, Паўла Умецкага, Руслана Красоўскага, Аляксея Ганчарыка, Максіма Аладкі і Паўла Лаўрыка спачатку ўпэўнена перамагла сваіх сапернікаў па групе: Мінск – 6:1, Валожын – 7:0 і Дзяржынск – 6:1, а потым у фінале нанесла паражэнні камандам са Слуцка – 2:1 і Клецка – 7:0 і заняла першае месца.

У спаборніцтвах валейбалістаў не было роўных камандзе Смілавіцкага аграрнага каледжа. Упэўненую перамогу ў турніры здабылі Анастасія Капітонава, Таццяна Ярашкова, Кацярына Афанасьева, Раман Цішкевіч, Віталь Чарняўскі, Пётр Казлоўскі і Сяргей Галаўня.

Вырашальным відам праграмы, які паўплываў на вынік барацьбы паміж чэрвеньцамі і смілаўчанамі за агульнакаманднае першынство, стаў настольны тэніс. У фінальную частку спаборніцтваў выйшла толькі адна спартсменка з гэтых каманд – прадстаўніца будаўнічага ліцэя Алёна Шыцько. І хаця дзяўчыне не ўдалося трапіць у тройку прызёраў, чацвёртага месца аказалася дастаткова, каб яе каманда стала трэцяй у настольным тэнісе і па найменшай суме месцаў, занятых ва ўсіх заліковых відах праграмы, апярэдзіла Смілавіцкі аграрны каледж.

У выніку Чэрвеньскі будаўнічы ліцэй святкаваў абсалютную перамогу ў спартакіядзе, Смілавіцкі аграрны каледж заняў другое месца, Уздзенскі сельгасліцэй – трэцяе. Не засталася без узнагарод, а гэта былі кубкі, медалі, Дыпломы і грашовыя прэміі, і каманда Смілавіцкага сельгасліцэя. Кіраўнік кафедры фізвыхавання гэтай навучальнай установы Павел Дзяркач паказаў другі вынік у спаборніцтвах па дартсу.

Вынікі спартакіяды засведчылі, што заняткі фізічнай культурай і спортам знаходзяцца сярод важнейшых прыярытэтаў вучэбна-выхаваўчай работы ў ліцэях і каледжах сталічнай вобласці, якія рыхтуюць кадры для сельскай гаспадаркі. На гэта падчас закрыцця спаборніцтваў звярнуў увагу старшыня абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Андрэй Някрэвіч.

— Мерапрыемства прайшло арганізавана, – зазначыў ён. – І не толькі ўласна спаборніцтвы, прысвечаныя Году моладзі, за напалам барацьбы якіх мы з захапленнем назіралі. Годнымі былі культурна-забаўляльная праграма для ўдзельнікаў, харчаванне і ўмовы пражывання. Спадзяюся, што разам з узнагародамі нашы навучэнцы прывязуць дахаты ўзнёслы настрой, незабыўныя ўражанні і ўспаміны.

 

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

На здымках: моманты спаборніцтваў; каманды Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя і Смілавіцкага аграрнага каледжа выдатна прадставілі наш раён на спартакіядзе



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *