Памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Спорт

У традыцыйным валейбольным турніры памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які прайшоў у спартыўнай зале Смілавіцкага сельгасліцэя, сёлета ўзялі ўдзел пяць каманд. Тры з іх прадстаўлялі Смілавічы, па адной — Чэрвень і Новыя Зелянькі.

Перад пачаткам спаборніцтваў да спартсменаў звярнуліся воін-інтэрнацыяналіст Юрый Смаленскі і заслужаны трэнер БССР па лёгкай атлетыцы Эдуард Гаравы. Старшыня раённай арганізацыі ветэранаў фізічнай культуры і спорту Леанід Губарэвіч павіншаваў Эдуарда Гаравога з 80-гадовым юбілеем, уручыў яму памятны адрас і падарунак.

Гульнявую частку турніру адкрылі дзве каманды мясцовага аграрнага каледжа. У першую ўваходзілі дарослыя, у другую — юнакі. Як гэта нярэдка бывае, вопыт узяў верх над маладосцю — 2:0.

А вось наступныя тры матчы двума партыямі не абмежаваліся. «Смілавічы» пасля паражэння ў першай «дагналі» і перайгралі чэрвеньскі «Беларусбанк». «Новыя Зелянькі» не здаліся без бою першай камандзе каледжа, выйграўшы другую партыю. Гэтак жа, як і другая каманда каледжа прымусіла пахвалявацца «Смілавічы».

А ўвогуле, тры партыі давялося гуляць у пяці з дзесяці матчах. Таму турнір зацягнуўся амаль да прыцемкаў. Ды і інтрыга ў барацьбе за другое і трэцяе месцы захоўвалася да апошняй сустрэчы. У выніку адразу тры каманды набралі па два ачкі. Лёс прызёраў вырашала лепшая розніца партый.

Пераможцамі ж турніру сталі валейбалісты каманды «Смілавічы»: Павел Ярашэвіч (капітан), Ігар Шчурко, Віталь Ляўковіч, Мікалай Котчанка, Андрэй Варанкоў, Канстанцін Груздоў і Сяргей Варвашэвіч. Яны атрымалі пераходны кубак спаборніцтваў, Дыплом і залатыя медалі. Медалямі адпаведнай вартасці ўзнагароджаны каманды «Новыя Зелянькі» і «Аграрны каледж -1». Прыз лепшага іграка турніру ўручаны Паўлу Ярашэвічу («Смілавічы»).

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

На здымках: каманда «Смілавічы» — пераможца турніру; момант сустрэчы «Беларусбанк» — «Новыя Зелянькі».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *