Мемарыяльны комплекс “Разгром”

Общество

Памяць у помніках і назвах вуліц (сумесны праект рэдакцыі газеты, раённага краязнаўчага музея, грамадскага аб’яднання таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

Ён знаходзіцца ў лясным масіве праз 3,5 кіламетры ад вёскі Раваніцкая Слабада. Галоўны манумент і дамінанта мемарыялу-піраміды з шасці бетонных сямімятровых аўтаматаў. Яны сімвалізуюць шэсць атрадаў, якія ўваходзілі ў склад брыгады “Разгром”. Побач — два блокі з памятнымі надпісамі і зямлянка.

Тут, на сумежжы Чэрвеньскага і Смалявіцкага раёнаў, на невялікім сухім востраве сярод балот вясной 1942 года заснаваўся партызанскі атрад з грознай назвай “Разгром”. Фарміраванне яго звязана з арганізатарскай дзейнасцю сакратара Мінскага абкама партыі Івана Сацункевіча, якога ў ліпені 1941 года Цэнтральны камітэт КП(б)Беларусі накіраваў на Чэрвеньшчыну для работы ў тыле ворага.

Партызанскі атрад “Разгром” быў арганізаваны ў лютым 1942 года з групы партыйных і савецкіх работнікаў, якую ўзначальваў Іван Лявонцьевіч Сацункевіч, і ваеннаслужачых, што не выйшлі з варожага тылу. Да кастрычніка 1942 года гэты атрад дзейнічаў самастойна. Камісарам яго быў І.Л.Сацункевіч. У кастрычніку 1942 года атрад увайшоў у склад брыгады “Разгром”.

У сваёй кнізе “Суровая быль” Сацункевіч пакінуў шмат успамінаў аб тым, як пачыналася і разгортвалася партызанская барацьба з гітлераўскімі акупантамі.

Пра атрад народных мсціўцаў хутка даведаліся жыхары навакольных вёсак. Сярод іх партызаны мелі сваіх памочнікаў-сувязных і папаўненне атрада.

Народныя мсціўцы дабывалі зброю ў баях з фашысцкімі акупантамі. Дапамагалі і мясцовыя жыхары — зброяй, адзеннем, прадуктамі, медыкаментамі…

Групы атрада сістэматычна дзейнічалі ў вёсках Чэрвеньскага раёна, знішчаючы здраднікаў, валасныя ўправы, невялікія гітлераўскія гарнізоны. Такім чынам былі створаны ўмовы для  арганізацыі новых партызанскіх атрадаў “Іскра”, “Сцяг”, “Мсціўца”. Гэта паўплывала на актывізацыю барацьбы на варожых камунікацыях. Асабліва вялікі размах набылі дыверсіі на чыгунцы. Гітлераўцы ўзмоцнена яе ахоўвалі: праз 700-800 метраў — дзот, пастаяннае патруляванне, замініраваныя падыходы да чыгункі. Ноччу руху па ёй амаль не было. Перад адпраўкай чарговага эшалону са станцыі падаваўся сігнал ракетай. Але партызаны, добра ведаючы мясцовасць, абыходзілі ўсе засады, мінныя палі і праводзілі дыверсіі.

У кастрычніку 1942 года ў адпаведнасці з рашэннем Мінскага міжрайкама партызанскія атрады “Разгром”, “Іскра”, “Сцяг”, “Мсціўца” былі аб’яднаны ў брыгаду “Разгром”. Камандзірам зацвердзілі В.І.Бабкова, камісарам — П.Ц.Клявакіна. Праз некаторы час камандзірам брыгады стаў П.Ц.Клявакін, камісарам С.І.Лашук. Летам 1943 года ў брыгаду ўліліся яшчэ два партызанскія атрыды — імя Суворава і “Радзіма”.

Аб значэнні партызанскай барацьбы і ўкладзе народных мсціўцаў брыгады “Разгром” у Перамогу сведчаць наступныя факты.

На чыгуначных участках Жодзіна-Пліса 19 верасня 1943 года і Смалявічы-Калодзішчы 20 чэрвеня 1944 года ўзарвалі больш за дзве тысячы рэек. 21 кастрычніка 1943 года на чыгуначным участку Смалявічы-Пліса пусцілі пад адхон эшалон і пашкодзілі паравоз, 18 вагонаў з жывой сілай і тэхнікай акупантаў, спынілі рух цягнікоў на 12 гадзін. 15 лютага 1943 года партызаны брыгады вывелі са строю торфапрадпрыемства ў Смалявіцкім раёне. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Грабёнка, Рудня Чэрвеньскага раёна, Шыпяны, Зарэчча, Пятровічы Смалявіцкага раёна, Цешкаўка Барысаўскага раёна і інш. Народныя мсціўцы ўчынілі больш за 280 крушэнняў на чыгунцы, разбурылі 115 мастоў, каля 4,2 тысячы метраў чыгуначнага палатна, падарвалі 88 варожых аўтамашын, 29 танкаў, 7 бронемашын, 17 гармат, вялі баі з карнікамі і знішчылі некалькі тысяч гітлераўцаў.

Баявым поспехам партызан садзейнічала падтрымка савецкай авіяцыі. З кастрычніка 1942 года ўстанавілася рэгулярная сувязь з Беларускім штабам партызанскага руху. Самалёты прызямляліся на падрыхтаваным народнымі мсціўцамі аэрадроме каля пасёлка Сокалы Руднянскага сельсавета. З-за лініі фронту сюды дастаўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку, медыкаменты, перавязачныя матэрыялы, газеты,  агітацыйную літаратуру.

Брыгада «Разгром»  за ўвесь перыяд сваёй дзейнасцi атрымала 17 процiтанкавых ружжаў, 22 ручныя кулямёты, 70 аўтаматаў, 181 вiнтоўку, 37 пiсталетаў, 111 тысяч вiнтовачных патронаў, 72 тысячы аўтаматных, 900 кг толу, 420 мiн, 547 гранат, вялiкую колькасць медыкаментаў i iншай маёмасцi.

Праз сваіх сувязных і разведчыкаў існавала цесная сувязь з Мінскім і Каладзішчанскім падполлем. Рэгулярна забяспечвалі партызан медыкаментамі, перавязачнымі матэрыяламі падпольшчыкі Мінскага Хімфармзавода, Калодзішчаў, дзе падпольную групу ўзначальвала сувязная брыгады “Разгром” Марына Малаковіч. Да вайны яна працавала ў  Інстытуце савецкага права, Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, Беларускім політэхнічным інстытуце. У час нямецка-фашысцкай акупацыі арганізоўвала падпольныя групы з былых студэнтаў і выкладчыкаў. Гэтая кемлівая жанчына забяспечвала камандаванне брыгады “Разгром” важнымі разведвальнымі звесткамі, якія затым паступалі ў Маскву і выкарыстоўваліся Беларускім штабам партызанскага руху і штабам фронту. У прыватнасці, Малаковіч удалося атрымаць схему размяшчэння штаба фронту нямецкай арміі. Ад яе таксама паступіла каштоўная інфармацыя аб базе гаруча-змазачных матэрыялаў штаба групы арміі “Цэнтр” на станцыі Калодзішчы пад Мінскам. Схемы гэтых аб’ектаў былі перададзены ў Беларускі штаб партызанскага руху. 2 мая 1943 года савецкая авіяцыя нанесла па іх бомбавы ўдар.

Выконваючы загад Беларускага штаба партызанскага руху, Марына Малаковіч на сялянскай фурманцы вывезла з Мінска вядомага савецкага вучонага Мікалая Міхайлавіча Нікольскага з яго сям’ёй і навуковымі распрацоўкамі ў партызанскую зону. Гэтак жа быў дастаўлены з горада і другі беларускі вучоны — прафесар Аляксандр Аляксандравіч Краўцоў.

А легендарная партызанская разведчыца брыгады “Разгром” Галіна Васільеўна Фінская з-пад носа фашыстаў вывезла з Мінска сем’і камандзіра ўзвода разведкі Сінкевіча Мяфодзія і Ліпніцкага Станіслава. Разам з імі на дзвюх фурманках былі вывезены 15 вінтовак.

Марына Малаковіч і Галіна Фінская праз каладзішчанскіх падпольшчыц Веру Табалевіч і Аляксандру Старасціну ўстанавілі кантакт з нямецкім інжынерам сувязі штаба фашысцкай ваенна-паветранай акругі “Масква” обер-лейтэнантам Карлам Кругам і схілілі яго перайсці да партызан. Ён зрабіў гэта, захапіўшы важныя дакументы штаба і засакрэчаны процівагаз. Яго даставілі ў бліжэйшую да Калодзішчаў партызанскую брыгаду “Дзядзі Колі”, а адтуль самалётам — у Маскву.

Савецкае камандаванне атрымала звесткі пра месцазнаходжанне 32 аэрадромаў ваенна-паветраных сіл групы арміі “Цэнтр”, прыкладную колькасць самалётаў на іх і сістэму процівапаветранай абароны, пра падрыхтоўку да выкарыстання хімічных сродкаў вядзення вайны, а таксама аб распрацаванай нямецкім камандаваннем наступальнай аперацыі “Цытадэль” у раёне Арла на Курскай дузе. Гэта дало магчымасць нашым войскам загаддзя добра падрыхтавацца.

Калі стала вядома, што за  Марынай Малаковіч устаноўлена слежка, ёй  прапанавалі з дзецьмі прыбыць  у лагер, каб затым самалётам адправіць дзяцей у Маскву. Неўзабаве яны ўжо былі сярод партызан, а Марыне даручылі здзейсніць апошні дыверсійны акт — атруціць вялікую групу фашыстаў, якія харчаваліся ў афіцэрскай сталовай на станцыі Калодзішчы. Але, як толькі яна з’явілася там, Марыну арыштавалі. Жорстка катавалі ў засценках мінскай турмы, дзе яна і загінула ў 1943 годзе.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца Падпіска Марыны Малаковіч аб агентурнай рабоце:

“Я, Малаковіч Марына Фядосаўна, грамадзянка Савецкага Саюза, жадаю дапамагчы Чырвонай арміі і чырвоным партызанам у іх баявых дзеяннях. Не шкадуючы сіл і самога жыцця, буду чэсна і добрасумленна выконваць усе даручаныя мне работы. Клянуся захоўваць усё у стражайшай тайне. За невыкананне і разглашэнне даручэнняў нясу адказнасць па законах ваеннага часу.”

Ушаноўваючы памяць гэтай адважнай патрыёткі, імем Марыны Малаковіч названа вуліца ў Калодзішчах.

Адным з разведчыкаў брыгады “Разгром” быў 16-гадовы Пётр Купрыянаў. Добра ведаючы мясцовасць, ён лёгка пранікаў у размяшчэнне гітлераўцаў і збіраў неабходныя звесткі. Купрыянаў удзельнічаў таксама ў дыверсіях на чыгунцы, у разгроме варожых гарнізонаў, у баях з акупантамі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ён разам з трэцім Беларускім фронтам працягваў свой баявы шлях. 2 лістапада 1944 года яфрэйтар Пётр Купрыянаў у баі за стратэгічную вышыню закрыў сваім целам амбразуру дзота. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Камандаванне брыгады “Разгром” мела таксама сувязь з падпольнымі групамі “Удар” на Мінскім чыгуначным вузле і  на танкарамонтным заводзе імя Варашылава. Падпольшчыкі гэтых груп па заданню камандавання брыгады здзейснілі ў лютым і сакавіку 1944 года  некалькі дыверсій.

Брыгада мела баявы Чырвоны сцяг, які ўручалі аднаму з лепшых атрадаў. Па даручэнню камандавання яго вышывала партызанка Соф’я Аляксандраўна Бяляўская. Эскіз сцяга зрабіў партызанскі мастак Леанід Бойка. На ім змешчаны тэкст: “Наше дело правое! Враг будет разбит! Победа будет за нами!” Ніткі для вышывання выцягвалі са строп парашута. Падчас баёў з карнікамі С.А.Бяляўская насіла пры сабе палотнішча  сцяга. Зараз ён захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Гітлераўцы імкнуліся знішчыць партызан. У лістападзе 1942 года акупанты правялі супраць брыгад “Разгром”, “За савецкую Беларусь”, імя Шчорса і мясцовага насельніцтва Чэрвеньскага, Смалявіцкага, Бярэзінскага, Барысаўскага раёнаў карную аперацыю пад кодавай назвай “Фрыда”. У ёй былі задзейнічаны сілы 8-га і 10-га палкоў першай матарызаванай брыгады СС, асобага батальёна СС Дырлевангера, спецкаманд паліцыі бяспекі і СД, жандармерыі пры падтрымцы танкаў і артылерыі. Карнікі, якія наступалі з Чэрвеня, Смалявіч, Беразіно і Барысава, імкнуліся акружыць партызан і знішчыць іх. Пасля цяжкага бою каля вёскі Раваніцкая Слабада народныя мсціўцы зрабілі ўдалы баявы манеўр і выйшлі з акружэння.

Вясной 1943 года гітлераўцы зноў блакіравалі народных мсціўцаў, але тыя, наносячы адчувальныя ўдары ворагу, зноў выйшлі з блакады.

У маі-чэрвені 1944 года фашысцкае камандаванне перад наступленнем Чырвонай Арміі ўсімі сіламі старалася абараніць ад небяспекі тылы сваіх войскаў і разгарнула супраць партызанскіх фарміраванняў шырокамасштабныя баявыя дзеянні. У гэты час народныя мсціўцы панеслі вялікія страты.

У 1984 годзе ў памяць аб загінуўшых і пахаваных у лесе на брацкіх могілках непадалёку ад вёскі Раваніцкая Слабада 239 партызан і падпольшчыкаў брыгады “Разгром” пастаўлены помнік-скульптура параненага воіна з аўтаматам і стэла з надпісам-прысвячэннем.

2 ліпеня 1944 года брыгада “Разром” у складзе атрадаў “Разгром”, “Іскра”, “Сцяг”, “Радзіма”, імя Суворава, “Мсцівец” (усяго 1721 партызан) злучылася з часцямі Чырвонай Арміі.

 

Падрыхтаваў

Аляксандр БУШЭНКА.

 

Фота Уладзіміра

Дарагужа



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *