Сярод дакументаў партызанскіх атрадаў, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны, ёсць, можна сказаць, унікальныя. У прыватнасці, баявыя лісткі, газеты, часопісы. Многія з іх — рукапісныя, выдадзеныя не на газетнай паперы, а на розных лістах, якія ўдавалася партызанам здабыць. Выцвілыя ад часу, яны скупымі, бясхітраснымі радкамі даносяць да нас хвалюючыя думкі і пачуцці народных мсціўцаў, іх баявыя поспехі падчас змагання з гітлераўскімі акупантамі.
Адно з такіх выданняў — рукапісны часопіс “За Родину” партызанскага атрада імя Кірава, датаваны сакавіком 1943 года. Ён пераносіць нас на больш як 70 гадоў назад у Чэрвеньскія лясы. Шэры кардон для вокладкі часопіса і гэтакую ж паперу партызаны здабылі на былой кардоннай фабрыцы непадалёку Пухавіч. На вокладцы малюнак: партызанская засада. На пярэднім плане — кулямётчык у кубанцы, зухавата ссунутай на патыліцу. Удалечыні полымя ўзрыву і падбітая машына.
З першай старонкі часопіса глядзяць два ўзброеныя партызаны. Злева — падпаясаны шырокай папругай і з аўтаматам на грудзях. Чорная каракулевая кубанка апаясана чырвонай стужкай. Са спакойнага, амаль круглага твару, глядзяць уважлівыя вочы. Гэта — камандзір партызанскага атрада М.Карашкоў. Побач, таксама з аўтаматам паверсе скураной курткі, камісар партызанскага атрада М.Гораў.
На наступнай старонцы — “Гімн першай Мінскай”. Загаловак яго напісаны на фоне Крамлёўскай сцяны.
У артыкуле “Арганізацыя атрада” распавядаецца, што пасля таго, як атрад узначаліў М.Карашкоў, партызаны правялі шэраг буйных аперацый: 5 засад, знішчылі 21 аўтамашыну, 4 цягнікі, 2 танкі, вывелі са строю 88 вагонаў, забілі і паранілі 1337 гітлераўцаў. Спалілі электрастанцыю і лесапільны завод. Знішчылі 3 матавозы і вузкакалейны цягнік. Узялі шматлікія трафеі, у тым ліку аўтаматычную зенітную гармату.
Многія партызаны адзначыліся ў баях. Атрадны мастак Леанід Бойка намаляваў для часопіса партрэты Ф.Кірыкоўскага, Р.Чарных, Д.Міпушына, А.Школіна.
У заметцы “Штурм эшалона”, якую напісаў Павел Багданаў, распавядаецца, як партызаны штурмавалі чыгуначны эшалон. Заметку дапаўняе малюнак: партызаны страляюць з кулямёта, на чыгунцы ўзрыў, пад адхон ляціць паравоз.
У часопісе змешчаны некалькі карэспандэнцый і заметак аб баявых справах аддзяленняў, узводаў, рот. Сярод іх “Агонь па ворагу” — аб засадзе на Магілёўскай шашы, якую правёў узвод Мікалая Купрэйчыка; “Смерць героя” — аб баі ля вёскі Дыя і гібелі камсамольца Мікалая Альнёва.
У артыкуле “8-га Сакавіка” гаворыцца аб баявых справах дзяўчат-партызанак Ніны Івановай і Марыі Бурдыка.
Прыцягвае ўвагу ў часопісе пісьмо братоў-партызан Івана і Мікалая Холадаў. Яно змяшчаецца пад загалоўкам “Абавязацельства”: “Мы, браты-партызаны Холад Іван і Холад Мікалай, знаходзячыся ў атраднай разведцы, бяром на сябе абавязацельства бездакорна выконваць загады нашых камандзіраў, быць дысцыплінаванымі і захоўваць нашу ваенную тайну. У гэтым запэўніваем камандзіра нашага атрада”.
У часопісе змешчаны таксама некалькі вершаў, якія напісалі партызаны. У прыватнасці, Фаіны Шамко “Все как один”:
Мы гордо носим
на груди медали
И ленты алые,
как пролитую кровь.
На верность клятву партии мы дали
И доказали Родине
любовь…
Ёсць і сатырычныя вершы. Напрыклад — “Всё хорошо!” Гэта аб разгроме немцаў пад Сталінградам. Верш так спадабаўся партызанам, што яны спявалі яго на матыў песні “Всё хорошо, прекрасная маркиза”.
Часопіс выходзіў раз у тры месяцы, надаючы асаблівую ўвагу фактам аб баявых дзеяннях, а таксама партызанам, якія вызначыліся ў змаганні з гітлераўскімі акупантамі.
Падрыхтаваў
А.РУЖЫН