Каб ажыў мой родны край!

Общество

З цікавасцю прачытаў разважанні Ігара Адамовіча на старонках «Раённага весніка» пад назвай «Мы едзем, едзем, едзем …». Скажу шчыра, не шмат у газеце друкуецца матэрыялаў, якія прымушаюць задумацца, паразважаць, нешта прапанаваць. Між тым, у Чэрвеньскім раёне пакуль жыве больш за 30 тысяч чалавек. Зразумела, праблем хапае. Аднак уздымаюцца яны рэдка і, так бы мовіць, асцярожна. А калі праблемы хаваюцца, ад гэтага яны не знікаюць, а, наадварот, як снежны камяк, растуць. Калі новы старшыня райвыканкама Андрэй Зубар сапраўды хоча змяніць сітуацыю да лепшага, ён павінен гэта ўлічваць.

А цяпер па сутнасці надрукаваных разважанняў. Міграцыйны адток насельніцтва — гэта «бяда» не толькі Чэрвеня, а ўсёй краіны. Праўда, сёння маштабы ўнутранай міграцыі значна меншыя, чым былі раней. Не таму, што людзі не хочуць ехаць у буйныя гарады, а таму што ўжо асабліва няма каму ехаць, ды і попыту такога з іх боку няма на працоўную сілу. А калі да гэтых прычын дадаць фінансавыя цяжкасці з набыццём жылля, пражываннем, стане зразумелым змяншэнне міграцыйных плыняў.

Па вялікаму рахунку, у міграцыі насельніцтва, асабліва маятнікавай, нічога кепскага няма. Вельмі шмат дзе ў свеце яна атрымала развіццё. Больш таго, спецыялісты Сусветнага Банку разглядаюць яе як адзін з чыннікаў паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця краін свету ў апошнія дзесяцігоддзі.

А як гэта «бяда» выглядае ў дачыненні да Чэрвеньшчыны? З аднаго боку, няма чаго баяцца. Аўтамабільная дарога М-4 «Мінск-Магілёў»  будзе спрыяць як маятнікавай, так і пастаяннай міграцыі. Зразумела, у які бок. Тым больш, што колькасць працоўных месцаў у бліжэйшыя гады ні ў самім Чэрвені, ні ў яго наваколлі не павялічыцца. З іншага боку, хто заўтра будзе кіраваць трактарамі і камбайнамі, працаваць у раённай бальніцы, школах і іншых установах, як не жыхары Чэрвеньшчыны? Спадзяванні на спецыялістаў, якіх прышлюць, марныя. Выйсце трэба шукаць сваімі сіламі і абапірацца пераважна на ўласны працоўны патэнцыял. Гэта, так бы мовіць, стратэгічны накірунак магчымага міграцыйнага развіцця. А што рабіць сёння?

На маю думку, трэба сур’ёзна падысці да развіцця новай вытворчасці. Толькі на гэтым шляху можна вырашыць праблему занятасці, паляпшэння дабрабыту людзей і фінансавага становішча раёна.

У якім жа накірунку можа развівацца далей Чэрвеньшчына? Вядома, раён наш пераважна сельскагаспадарчы. Цяперашняя яго спецыялізацыя — малочна-мясная жывёлагадоўля, збожжавая гаспадарка з пасевамі тэхнічных культур, гародніны і бульбы. На маю думку, яна ў цэлым адпавядае ўмовам раёна: прыродным, эканамічным і іншым. Адзін з варыянтаў — паглыбіць перапрацоўку атрыманай сельгаспрадукцыі. Мы бліжэй да Мінску (гэта асноўны рынак збыту), таму ўжо будзем мець перавагу ў параўнанні з тым жа Бярэзінскім раёнам па транспартных выдатках.

Чэрвеньшчына — лясны раён, яго лясістасць складае 40 працэнтаў. Ужо сёння рэгіён нават экспартуе прадукцыю лясной гаспадаркі, пераважна дровы. Можна і тут у разумных межах паглыбляцца, перапрацоўваючы дары лесу (ягады, грыбы, сок), вырабляючы паліўныя гранулы (пелеты).

Таксама Чэрвеньшчына — гэта і водны край. Бліжэй да рыбгасу можна было б арганізоўваць сапраўдны адпачынак для мінчукоў. Размова ідзе не толькі пра лоўлю рыбы (гэтая забава існуе ўжо даўно), але і пра розныя водныя атракцыёны і іншае.

Аднак галоўным, зразумела, павінна быць развіццё прамысловай вытворчасці. Тут трэба сур’ёзна ўсё ўзважыць: ці «вырваць» штосьці з Мінску (пазбавіцца ад некаторых вытворчасцаў жадаюць многія прадпрыемствы), ці распачынаць нешта новае, сваё. Абяцаю падумаць. Упэўнены, што толькі разнявольваючы «мазгі» можна атрымаць карысць не толькі для раёна, але і для ўсёй краіны.

Вячаслаў САСНОЎСКІ,

кандыдат навук, дацэнт, г.п. Смілавічы

***

Дзякуй аўтару за артыкул «Мы едзем, едзем, едзем …».  Узнятая праблема тычыцца кожнага жыхара раёна, і ўсе зацікаўлены ў тым, каб зрушыць справу з мёртвай кропкі. Спадзяюся, што кіраўніцтва раёна на чале з новым старшынёй задасць патрэбны тон, і мы разам пачнём рухацца ў патрэбным накірунку…

Андрэй МІЛЬКЕВІЧ, г.Чэрвень



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *