Завяршаюць падрыхтоўку тэхнікі

Аграрный сектор

Імкліва бяжыць час. Вось і чарговая зіма, якая, здаецца, зусім нядаўна ўступіла ў свае правы, хутка скончыцца. Заснежаныя палеткі жывуць чаканнем веснавога абуджэння, а хлебаробы — надзеямі на багаты ўраджай.

Сёння яго падмурак закладаецца ў рамонтных майстэрнях гаспадарак, дзе спрацаваную за мінулы сельскагаспадарчы сезон тэхніку аднаўляюць, даводзяць да ладу, каб служыла надзейна, не падвяла ў напружаны перыяд веснавых палявых работ.

З добрым настроем завяршаюць яе падрыхтоўку да пасяўной кампаніі ў сельскагаспадарчым вытворчым філіяле «Аграбуд» адкрытага акцыянернага таварыства «Мінскжалезабетон».

Механізатар Мікалай Разганаў заняты на капітальным рамонце сеялкі "Амазон"
Механізатар Мікалай Разганаў заняты на капітальным рамонце сеялкі «Амазон»

— Рамонтныя работы мы пачалі яшчэ з восені, у кастрычніку, — распавядае дырэктар гаспадаркі Андрэй Хмуровіч. — Таму вялікага аўралу не было і няма зараз. Адрамантавалі практычна ўсе глебаапрацоўчыя агрэгаты: АКШ, культыватары, плуг. Зараз займаемся капітальным рамонтам сеялкі «Амазон»: мяняем усе рабочыя органы. Палова запчастак на яе ўжо ёсць, палова — на падыходзе.

Гатовыя да працы ў полі 16 трактароў. Чатыры з іх аднавілі фактычна «з руін». Засталося завяршыць рамонт энерганасычанага трактара «Кейс-Магнум», запчасткі на які пастаўляюцца з-за мяжы, і замяніць рухавік на «МТЗ-1221».

Канешне, з пэўнымі фінансавымі цяжкасцямі пры падрыхтоўцы тэхнікі сутыкаемся. Найперш гэта звязана з несвоечасовымі разлікамі перапрацоўчых прадпрыемстваў за рэалізаваную прадукцыю. Напрыклад, Мінскі і Барысаўскі мясакамбінаты павінны нам мільярд рублёў. Але выйсце знаходзім: дзесьці бярэм запчасткі ў доўг, штосьці набываем за грошы, атрыманыя ад продажу малака.

Механізатар Вячаслаў Койпіш рыхтуе да выхаду ў поле свой трактар "МТЗ-1025"
Механізатар Вячаслаў Койпіш рыхтуе да выхаду ў поле свой трактар «МТЗ-1025»

Да расповеду Андрэя Хмуровіча варта дадаць яшчэ некалькі важных штрыхоў. Першае, што нельга не прыкмеціць, гэта — узорны парадак на тэрыторыі машыннага двара. У кожнай адзінкі тэхнікі — ад культыватараў да збожжаўборачных камбайнаў — сваё месца. Адрамантаваныя трактары ззяюць свежай фарбай. У майстэрні — чыста і цёпла (спрыяльны тэмпературны рэжым забяспечваюць катлы на мясцовых відах паліва, якія працуюць у кругласутачным рэжыме), асобны пакой абсталяваны для адпачынку механізатараў. Тут ёсць не толькі сталы, стулы, але і мікрахвалевая печ, кававарка. Печыва, кава, гарбата набываюцца за кошт гаспадаркі.

А яшчэ ў мясцовым Доме механізатара адрамантавалі душавы пакой і ў фае на другім паверсе паставілі тэнісныя сталы.

Словам, па ўсяму відаць: невыпадкова СВФ «Аграбуд» напрыканцы снежня прызнаны пераможцам штогадовага раённага агляду па добраўпарадкаванню машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючай базы сельскагаспадарчых арганізацый для работы ў зімовых умовах, а зараз абараняе гонар Чэрвеньшчыны на адпаведным абласным аглядзе.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *