У яе карцінах — цяпло душы…

Люди и судьбы

30-01-2015-4Даведацца пра самабытную мастачку з вёскі Хвойнікі Ларысу Калтовіч давялося летась на свяце да Дня сталых людзей, дзе было прадстаўлена некалькі яе карцін. Наведвальнікі з захапленнем разглядалі  іх. Адзначыла работы мастачкі і журы — узнагародзіла падарункам. Я папрасіла яе аб сустрэчы, бліжэй

пазнаёміцца  і распавесці затым у газеце.

Гутарка завязалася неяк адразу. Ларыса Мікалаеўна аказалася з тых людзей, з якімі вельмі прыемна мець стасункі. Мне падалося, што я трапіла ў невялічкую мастацкую галерэю:  карціны — паўсюды. Колькі іх?

— Не падлічвала, — адказала Ларыса Мікалаеўна, — больш за трыццаць, напэўна. Малявала іх на працягу апошніх гадоў дзесяці.

Работы выкананы ў розных жанрах: нацюрморты, пейзажы, партрэты. Ёсць тут казачныя персанажы, малюнкі храмаў, птушак, жывёл. Карціны светлыя, радасныя, яркія.

— Выкарыстоўваю гуаш, — гаворыць мастачка, — каляровую  крэйду, алоўкі. Раней малявала алоўкамі ў альбомчыках. Проста так, для сябе.

Уладкоўваемся на канапе, і яна паказвае свае альбомы. А ў іх — такая прыгажосць! Птушкі, жывёлы, кветкі, — нібы жывыя, малюнкі да казак, апавяданняў.

— Ніколі нідзе не выстаўляла свае карціны, — працягвае Ларыса Мікалаеўна. — У «раёнцы» убачыла аб’яву аб правядзенні свята для сталых людзей, падчас якога будзе конкурс і вырашыла паўдзельнічаць. Шмат было прыемных слоў ад людзей.

Нарадзілася Ларыса Мікалаеўна ў вёсцы Рэпішча ў 1945 годзе ў сялянскай сям’і. Бацька, Мікалай Канстанцінавіч, загінуў падчас вайны. У сям’і было яшчэ два браты і сястра. Ларыса — самая малодшая. Маці, Ядзвіга Юльянаўна, працавала ў калгасе. Пасля гібелі бацькі доўга хварэла. У Дамавіцкай школе,  дзе вучылася Ларыса, добра даваліся такія прадметы, як маляванне, чарчэнне і матэматыка. Пасля заканчэння школы пераехала ў Чэрвень. Тут жылі дзве стрыечныя сястры: у адной з іх жыла на кватэры. Спачатку працавала ў камбінаце бытавога абслугоўвання, пазней — у кніжным магазіне. Скончыла завочна Мінскі гандлёвы тэхнікум па спецыяльнасці бухгалтар. Дваццаць гадоў працавала бухгалтарам у калгасе «Бальшавік». Муж, Леанід Фёдаравіч,  працаваў вадзіцелем у гаспадарцы, вазіў малако на малочны завод, рана пайшоў з жыцця. Дзеці — Ірына, Аляксандр і Таццяна атрымалі вышэйшую адукацыю. Сын у Маладзечна жыве, а дочкі — у Мінску.  Сын спачатку закончыў музычнае вучылішча па класу баяна, а пазней — універсітэт.

— Маляваць любіла з дзяцінства, — гаворыць Ларыса Мікалаеўна. — Увесь  вольны час малявала. У школе на ўроках малявання атрымлівала толькі выдатныя адзнакі, да розных святаў афармляла школьную актавую залу. Пазней, калі выйшла замуж, гэтае маё захапленне адышло на другі план: трэба было працаваць, выхоўваць дзяцей. Праўда, калі яны крыху падраслі, малявалі разам: садзіліся на падлогу і малявалі… Цяпер часу ў мяне хапае, і я зноў вярнулася да любімага занятку. Можа, каб давялося вучыцца маляванню, дык і стала б мастаком!?

Паказала яшчэ гаспадыня і альбом з фотаздымкамі свайго падворка ўлетку. Вось дзе разгулялася яе фантазія! Усё створана сваімі рукамі: маленькае блакітнае возера з парай лебедзяў, божыя кароўкі, павукі, чарапашкі (на здымку ўнізе). Нават сценка хлява размалявана: на фоне зялёнай травы — дрэва з гняздом і буслы. І кветкі — вялікае мноства! Здымкі такія прыгожыя, што іх можна выкарыстоўваць на святочных паштоўках.

Дзеці і ўнук часта наведваюць сваю любую матулю і бабулю, дапамагаюць ёй ва ўсім. З задавальненнем наведваюць Ларысу Мікалаеўну сяброўкі, асабліва летам, калі можна на падворку выпіць кубак гарбаты і пасядзець сярод такой прыгажосці.

Падчас размовы з  Ларысай Мікалаеўнай даведалася, што заўтра яна сустракае юбілей. Ад шчырага сэрца віншуем Вас, шаноўная Ларыса Мікалаеўна, з юбілейнай датай. Моцнага Вам здароўя, шчасця і новых творчых поспехаў!

30-01-2015-3 30-01-2015-2

Таццяна

МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара і

з сямейнага архіву сям’і Калтовіч



1 комментарий по теме “У яе карцінах — цяпло душы…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *