Сумеснае жыццё сям’і Шляхотка адлічвае шосты дзесятак

Люди и судьбы

А пачалося яно пяцьдзесят гадоў таму, калі малады прыгожы хлопец Павел Шляхотка прапанаваў сваёй нявесце Філоры руку і сэрца. Убачыў статную, прыгожую дзяўчыну першы раз у вясковым клубе на танцах і пакахаў на ўсё жыццё. Усяго паўтара месяцы заляцаўся Павел да Філоры, і яна адказала яму згодай. Зразумелі адразу — яны створаны адзін для аднаго. Ды і лёсы ў іх аказаліся падобныя — абодва нарадзіліся перад самай вайной. Яшчэ малымі яны зведалі ўсе жахі вайны і пасляваеннае ліхалецце. Рана пачалі зарабляць сабе на хлеб і добра ведаюць яму цану.

Павел Міхайлавіч Шляхотка нарадзіўся ў вёсцы Бадзінава Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Бацьку свайго не памятае зусім — ён загінуў на вайне. Паўла і яго малодшага брата  Арсенія гадавала адна маці, якая працавала ў калгасе. У 1956 годзе юнак скончыў 7 класаў і пайшоў працаваць у свой калгас прыцэпшчыкам. Пазней вывучыўся на трактарыста і працаваў да верасня 1960 года. А ўвосень пайшоў у войска. Служыў у Гродна ў радыётэхнічным войску тры гады. Вярнуўся дамоў. А тут прыехаў да суседзяў дзядзька з Гомельскай вобласці, ды пачаў распавядаць, які ў іх там добры саўгас, якія землі ўраджайныя. Прыязджай, маўляў, да нас, — не пашкадуеш. Вось і падаўся Павел у Гомельскую вобласць у саўгас «Стралічава» Хойнікскага раёна. Вывучыўся на вадзіцеля, працаваў у гаспадарцы, жыў на кватэры. Там, у вёсцы Стралічава і напаткаў сваю другую палавінку.

Філора Яфімаўна нарадзілася ў Стрэлічава ў 1938 годзе ў сялянскай сям’і. Яе бацька таксама загінуў на фронце. Яшчэ ў сям’і было двое дзяцей: сястра Шура і брат Іван. Жылі цяжка, як і ўсе сяляне: і падчас вайны, і пасля яе. Хлеба не было, жылі з таго, што ў агародзе вырошчвалі. З малых гадоў, яшчэ дзяўчынкай, пайшла Філора працаваць у палявую брыгаду, калі крыху пабольшала — на ферму.

Пасля вяселля (на жаль, не захавалася фотаздымка) маладыя жылі спачатку ў цешчы, а тады ўжо пабудаваліся самі. Нарадзілася ў сям’і чацвёра дзяцей: Валянціна, Таццяна, Мікалай і Вера. Пакуль дзеці былі малыя, працавала Філора на спіртзаводе, які быў у вёсцы. Хадзіла ў начныя змены. Ноч працавала, а днём трэба ўсю хатнюю работу зрабіць. Не было калі і спаць. Прыйшлося пакінуць работу. Падгадавала дзяцей і зноў пайшла ў гаспадарку працаваць на цялятнік.

Усё было б добра, калі б не Чарнобыль. Аварыя на атамнай станцыі перавярнула лёсы многіх людзей, у тым ліку і лёс сям’і Шляхотка. Павел Міхайлавіч прымаў удзел у ліквідацыі аварыі, мае пасведчанне. Гомельскі аблвыканкам прыняў у той час распараджэнне, якое абавязвала сем’і, якія маюць непаўналетніх дзяцей, пакінуць забруджаную тэрыторыю. А ў сям’і малодшая дачка — непаўналетняя, ды і астатнім небяспечна было заставацца ў Хойнікскім раёне, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Чарнобыля. Вось сям’я Паўла Міхайлавіча і выехала неўзабаве на Віцебшчыну, на яго радзіму. Гаспадара перавялі на работу ў мясцовую гаспадарку. Працаваў шафёрам, а жонка — жывёлаводам. Так там і працавала да выхаду на пенсію.

У 1995 годзе прыехалі на Чэрвеньшчыну. Папярэдне сюды пераехалі маці і брат Філоры. Вырашылі і Шляхоткі перабрацца. Філора Яфімаўна  была ўжо да таго часу на заслужаным адпачынку. Спачатку прыехалі пагасціць, паглядзець, як тут жывуць людзі.

— Тады, у 90-я ў нас на Віцебшчыне нічога ў магазінах ужо не было з адзежы, — гаворыць Філора Яфімаўна, — а тут — і касцюмы спартыўныя ў краме, і кашулі, і сукенкі, і прадуктаў хапае. Трэба, думаем, пераязджаць. Пераехалі ўсёй сям’ёй. Праўда, наша дачка Таццяна жыве ў Санкт-Пецярбургу. У нас зараз усіх пяцёра ўнукаў: два хлопцы і тры дзяўчынкі. Самая малодшая ўнучка ходзіць у шосты клас.

— Прыехалі, пайшоў да дырэктара эксперыментальнай базы «Натальеўск» (тады быў Валерый Грыбанаў), — працягвае Павел Міхайлавіч. Ён паглядзеў маю працоўную кніжку, застаўся задаволены запісамі ў ёй, прыняў мяне на работу, даў добрую машыну. Стаў я працаваць шафёрам, пазней перасеў на трактар. Так і дапрацаваў да выхаду на пенсію і, нават, болей — да 2003 года.

Працаваў увесь час добрасумленна, аб гэтым красамоўна сведчаць падзякі ў працоўнай кніжцы. Вельмі любіў Павел Міхайлавіч сваю работу. Спелае жытнёвае поле, салаўіныя спевы на досвітку, кранальныя маляўнічыя абліччы роднай зямлі натхнялі яго на вершы. Думкі неяк самі сабой складваліся ў радкі. Ён і не запісваў іх, але памятае і зараз. Нават прачытаў адзін з вершаў.

Як прыехала на Чэрвеньшчыну сям’я Паўла Міхайлавіча, два гады жылі ў вёсцы Калодзежы, а ў Любішына будавалі дом. Атрымаўся ён дабротным і прыгожым. Вялікі цагляны будынак, агароджаны чырвоным плотам з металапрофілю, бачны здалёк. Парадак і  чысціня на падворку, утульна і прыгожа ў пакоях.

— Жыць зараз добра, — гаворыць Філора Яфімаўна, — таму, хто не п’е гарэлку і працуе, грошай хапае. Вось і мы з мужам ні ў чым сабе не адмаўляем. Нагараваліся ў дзяцінстве, дык зараз і цукеркі сабе купляем, і фрукты розныя. Усё ў крамах ёсць.

Завітваюць у гасцінны дом Шляхоткаў не толькі дзеці і ўнукі, а і суседзі, сябры. Нікога не адпусціць гаспадыня, пакуль не пачастуе.

Узаемапаразуменне, падтрымка, уменне выслухаць адзін аднаго, павага — галоўныя складнікі сумеснага жыцця — так лічыць дружная сям’я Шляхоткаў і так жыве. Жадаем вам, шаноўныя Філора Яфімаўна і Павел Міхайлавіч, моцнага здароўя і доўгага сумеснага жыцця!

 

 

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *