Пайшлі і не вярнуліся

Общество

Праз  тры месяцы мы будзем адзначаць 70-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта прыдатная дата для таго, каб узгадаць пра тых, хто ў самаадданым змаганні з нямецка-фашысцкімі акупантамі  на мяжы жыцця і смерці аддаваў сілы на фронце, у партызанскім атрадзе, у тыле, у каго заставалася менш шанцаў выжыць, чым памерці. І, нават адступаючы, не адступіў ні на крок ад сваёй веры ў Перамогу. Яны падалі пад знішчальным агнём гітлераўцаў, хрыпелі ў рукапашных схватках, гарэлі ў танках і самалётах, пакутавалі ў шпіталях, уцякаючы з недалечанай ранай да баявых сяброў.

Гэта была вайна герояў.  Героем у ёй быў кожны, хто мог і не мог знаходзіцца ў ваенным страі: салдат і народны мсцівец, вясковы хлапчук, які стаў сувязным, і седавалосы дзед, які паказваў партызанам сцежкі праз непраходныя балоты, і жанчына, якая даглядала параненых… Героямі былі ўсе, у кім жыла вялікая любоў да Радзімы і нянавісць да фашысцкіх акупантаў. Яны засведчылі гэта мужнай барацьбой з чужынцамі, сваёй смерцю. Нагадваюць нам пра тое на Чэрвеньшчыне 63 брацкія магілы, 123 помнікі і абеліскі. Яны, як вартавыя, стаяць на вечным пасту, захоўваючы суровае маўчанне, якое больш красамоўнае за любыя словы. Помнікі і абеліскі, нібы жывыя, гавораць аб мінулым і пытаюцца: “Вы не забылі нас?”

Шчодра палітая крывёю воінаў і партызан, мірных жыхароў Чэрвеньская зямля свята аберагае памяць аб загінуўшых. У  брацкіх магілах пахавана больш як 9 тысяч чалавек.

У вогненнай віхуры вайны загінуў кожны трэці жыхар раёна. Фашысты спалілі 53 вёскі, некаторыя з іх разам з жыхарамі — жанчынамі, старымі,  малымі дзецьмі. Дзве вёскі — Буда і Папова Града — так і не ўзнавіліся. На іх месцы стаяць цяпер жалобныя помнікі.

Многае змянілася за пасляваенны час. Не змяніліся, засталіся толькі горкія факты, лёсы людзей, з якіх і саткана гісторыя Перамогі. Наша з вамі гісторыя.  Яна, як і Перамога,  — адна на ўсіх.

Каб захаваць гістарычную памяць і перадаць яе ў спадчыну дзецям, унукам, праўнукам, узводзілі жыхары Чэрвеньшчыны помнікі, абеліскі, называлі прозвішчамі загінуўшых вуліцы. Мы ў вечным даўгу перад імі. Аб тых, у гонар каго ўзвышаюцца ў раёне помнікі і абеліскі, названы вуліцы, мы маем намер распавесці ў газеце. Сёння — першая такая публікацыя.

 

Гэтая скульптурная група-помнік з бетону і мармуру на ўскрайку Хвойнікаў устаноўлена ўдзячнымі працаўнікамі былога калгаса “Бальшавік “ на ўшанаванне землякоў — воінаў і партызан, якія загінулі ў вайну. З бетоннага пастаменту нібы ідуць на барацьбу з ворагам тры пяцімятровыя постаці — два воіны і партызан. Выразныя жэсты рук, што сціскаюць зброю, мужныя валявыя твары адлюстроўваюць унутраную сабрананасць, рашучасць змагароў. Адразу за імі — мемарыяльная сцяна з прозвішчамі тых, хто не вярнуўся. Іх — 222.

Вяргейчык… Зазека… Кіклевіч…Коўган… Шкор… 222!

Простыя вясковыя мужчыны, юнакі пайшлі ў знішчальны агонь вайны і здзейснілі свой подзвіг.

Прозвішчы…Прозвішчы… Прозвішчы…

Яны нібы ажылі, усталі з небыцця.

 

Гэта няпраўда, што час залечвае ўсё, што без рубцоў зацягвае раны. Калі б так, то шмат гадоў пасля вайны жыхары Хвойнікаў, іншых вёсак, якія ўваходзілі ў мясцовы калгас, старшыня гаспадаркі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Сямён Майсеевіч Стэльмашонак не прачыналіся б, як ён калісьці казаў, сярод ночы ад гулкіх удараў сэрца, не насілі б у сабе боль памяці, як боль сумлення. Не сумавалі б аб загінуўшых. Гэтае пачуццё неадступна жыло ў іх, як раны ў  целе, набліжаючы да рашэння ўстанавіць помнік загінуўшым, аддаць пашану іх памяці. І вось у 60-ыя гады мінулага стагоддзя сабралі вяскоўцы прозвішчы землякоў, якія не вярнуліся з вайны, калгас выдзеліў неабходныя грошы і заказалі ў Мінску помнік. Над ім працавалі знакаміты архітэктар Л.Левін (адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Хатынь», за які ў складзе аўтарскага калектыву быў удастоены Ленінскай прэміі), скульптары А.Анікейчык і Б.Аванцьеў. І вось у 1967-ым годзе на ўездзе ў Чэрвень ля Хвойнікаў з’явілася гэтая велічная  скульптурная група-помнік. Каб было куды пакласці  кветкі, пастаяць у ціхай журбе. У 1992 годзе зроблена яго металічнае пакрыццё.

 

Усім сваім абліччам скульптура-помнік нібы гаворыць жывым і тым, хто прыйдзе за імі: “Не забудзьце, што здзейсніла ў вайну старэйшае пакаленне дзеля вас і Айчыны”.

Вось лёс аднаго з тых 222-х, хто не дажыў да Перамогі, і лёс яго сям’і — радавога Пятра  ШАРЫЯ.

Толькі даваенны здымак, любоўна перафатаграфаваны і павялічаны, заставаўся памяццю для тых, хто яго любіў і ведаў. Мужчына паглядаў са сцяны роднай хаты на жыццё, якое працягвалася ўжо без яго. Жонка Агата адна здолела паставіць на ногі шасцярых дзяцей — і дрэва яго жыцця квітнела, дало шмат новых парасткаў. Гэта таксама подзвіг, як і іншых удоў, дастойны асобнага помніка.

…Незадоўга да калектывізацыі пабраліся яны шлюбам. Абодва беднякі. Па дзесяць дзяцей было ў сем’ях іх бацькоў. Першымі запісаліся ў калгас, любую справу рабілі хутка і добрасумленна. Танклявая, увішная Агата зранку ў полі, агародзе, па дому ўсе гаспадарскія справы пераробіць, прыбярэцца і дапазна рукадзельнічаць прымаецца. Адным словам, зайздросная гаспадыня дасталася Пятру. Дружна жылі, гаспадарылі, ставілі на ногі сваю вялікую сям’ю. Пяць дачок і адзін сын нарадзіліся ў іх перад вайной. І хаця поўнага дастатку ў доме не было, яны ўпэўнена глядзелі ў заўтрашні дзень.

 

Усё змянілася раптоўна, як грымнула вайна. Вёска Хвойнікі стала сведкай і ўдзельніцай трагедый першых яе дзён.

Ім проста пашчасціла ўцалець, бо фашысты, уварваўшыся ў вёску, спалілі частку хат, а  бункер, дзе жыхары меркавалі схавацца, узарвалі.

З лесу жанчыны прыйшлі на папялішча. Усё згарэла. Засталіся як стаялі. Засціла вочы слязамі. Але жыць неяк трэба. Выкапалі зямлянку. Было ў ёй цесна, холадна, сыра ад восеньскіх дажджоў.

Пятра, як пайшоў на вайну, болей Агата не бачыла. Ад сына Мікалая таксама не было вестак.

З вялікай радні Агаты ўсе сёстры засталіся ўдовамі. Але аб гэтым жанчыны дазналіся пазней, а пакуль ішла вайна — спадзяваліся, жылі надзеяй.

Аднойчы марозным ранкам гітлераўцы і іх памагатыя пагналі ўсіх, хто быў у вёсцы, у яе цэнтр. Босую, раздзетую вывелі з хаты бацькаву дваюрадную сястру Ганну Лазовік. Неяк дазналіся, што яе дзеці ў партызанах. Колькі ні рабілі засад, падпільнаваць не ўдалося. Рашылі, што смерць маці прымусіць іх аказацца  ля хаты. Ганна стаяла маўкліва і з пагардай глядзела на фашыстаў.

Агата была ашаломлена. Як жудасна ўсведамляць бязвыхаднасць становішча, бачыць непазбежную смерць блізкага чалавека…

У гэты ж час на яе сям’ю звалілася яшчэ адна бяда: з натоўпу выгналі моладзь, падлеткаў. Разам з усімі да крытых машын пагналі і яе 16-гадовую дачку Ганну. Усіх вывезлі ў Германію.

Засталася Ганна з малымі дзецьмі. Трэба было трымацца, гадаваць іх. Бацькі Агаты жылі за восем кіламетраў ад Хвойнікаў. Там было крыху зацішней. На зіму Агату з дзецьмі яны забралі да сябе. Так пад адным дахам  аказаліся тры сям’і — пятнаццаць чалавек.

 

Перад адступленнем акупанты зноў палілі вёску. Пачынаць новае жыццё давялося на пустым месцы. Бацька дапамог набыць і прывезці варыўню, змайстраваў печку-жасцянку, прарэзаў акенца — і былі яны бясконца рады, што займелі дах над галавой. Агата наладжвала гаспадарку. Надзейнай памочніцай стала яе дзесяцігадовая дачка Ліда. Як і маці, яна падымалася на досвітку, выходзіла ў поле… Аднойчы, калі яны сярпамі дажалі апошнюю палоску жыта і звязалі ў сноп, атрымалі пахаронку. Агата зусім знясіліла. Падкасіла яе гора. Крыху ачуняла, як з нямеччыны вярнулася дачка Ганна — яшчэ адна памочніца.

Жорстка абыйшлася вайна і з сынам Мікалаем. Смерць зазірнула яму ў вочы, але, відаць, не адлілі немцы юнаку той кулі, якая адняла б у яго жыццё. Ён вярнуўся з вайны, але без нагі. У дваццаць гадоў — інвалід. Як за малым дзіцем, хадзіла Агата за ім, угаворвала, пераконвала, суцяшала. З дня ў дзень працягваўся непрыкметны матчын подзвіг.  Яна знаходзіла для сына пасільную справу ў калгасе, камбінаце бытавога абслугоўвання, каб сярод людзей быў, не заставаўся сам-насам з бядой.

 

Калі пачала аднаўляцца калгасная гаспадарка, дачка Ганна ўзялася даглядаць цялушак. Потым — утрая больш. Затым працавала даяркай. Медалём “За працоўную адзнаку” адзначана. За высокія паказчыкі некалькі разоў у Маскву на ВДНГ запрашалі, а пазней ордэн Леніна атрымала. 41 год адпрацавала на ферме.

Дачка Ліда здолела адзначыцца ў працы паштальёнам, атрымала медаль “За працоўную адзнаку”. Аднавяскоўцы двойчы выбіралі яе дэпутатам сельскага Савета.

Добрыя словы мела Агата і за  астатніх трох дачок, адна з якіх асвойвала цалінныя землі.

 

Усё пераадолела ўдава Агата: дачок падняла, замуж аддала, унукаў прычакала. Праз нягоды і цяжар, усё доўгае і няпростае жыццё пранесла яна каханне, вернасць і пашану да свайго Пятра, аб якім разам з іншымі загінуўшымі нагадвае гэтая скульптурная група-помнік.

 

 

Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *