Як Каляду на дуба цягнулі

Общество

IMG_0257Нягледзячы на тое, што ўсе мы, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Раваніцкага СДК розныя і ў кожнага ёсць свае асабістыя інтарэсы, нас яднае патрэбнасць у актыўным ладзе жыцця — насычанага і цікавага.

Мы не толькі выступаем з канцэртамі, але і цікавімся культурным жыццём вёсак, краіны. У нас шмат сяброў сярод самадзейных калектываў, з якімі творча супрацоўнічаем, абменьваемся вопытам работы ў правядзенні свят, абрадаў. Вось і напрыканцы Калядных свят мы былі запрошаны народным сямейна-абрадавым ансамблем “Радзіна” з вёскі Новіны суседняга з намі Бярэзінскага раёна на правядзенне абрада “Як Каляду на дуба цягнулі”. Ці ж маглі мы адмовіць сваім сябрам. Канешне, не. А ў госці ж, ды яшчэ на Каляды, з пустымі рукамі не паедзеш. Таму мы насмажылі дамашняй каўбасы, узялі сала, мочаных яблыкаў, спяклі вялікі  прыгожы пірог (гэта ўжо наша Вольга Церашчук пастаралася) і з бадзёрым настроем адправіліся ў дарогу.

Яшчэ здалёк убачылі каля Новінскага СДК машыны розных каналаў тэлебачання, радыё, гасцей, мясцовых жыхароў. Стаялі на пагатаве ва ўбранні запрэжаныя коні з калёсамі. Самадзейныя артысты з Беразіно, Новін былі ў прыгожых нацыянальных касцюмах. Народу сабралася!

Ужо на падыходзе да дзвярэй Новінскага СДК да нас данеслася бадзёрая музыка, чуўся тупат танцуючых людзей. Было чаму падзівіцца ў самім Доме культуры: на акне бялюткая фіранка-выцінанка з паперы (якая прыгажосць, дзе яшчэ такое ўбачыш!),  на палічках — розныя вырабы з прыроднага матэрыялу, лялькі ручной работы.

Пасярод залы на невысокім століку ўзвышалася гераіня свята — Каляда ў выглядзе снапа, умацаваная на спецыяльна прыстасаваным коле, якое было ўпрыгожана рознакаляровымі стужкамі. Побач стаяў гаршок з куццёй. Музыканты ўвесь час так гралі, што, як кажуць, бралі за жывое, госці не маглі стрымацца, танчылі, весяліліся. Настрой быў літаральна  ва ўсіх!

І вось маладая, энергічная, абаяльная Святлана Клімовіч — дырэктар Новінскага СДК распачала гаворку пра Каляды, пра тое, што ў апошні дзень Каляд у іх вёсцы праводзіцца абрад пад назвай “Як Каляду на дуба цягнулі”. Потым Святлана паклікала ўдзельнікаў іх дзіцячага фальклорнага ансамбля “Валошкі”, каб яны дапамаглі ўпрыгожыць Каляду. Усе разам яны апранулі Калядзе спаднічку, завязалі хустачку (гэта было так міла!), а ўдзельнікі ансамбля “Радзіна” ў гэты час спявалі песню пра Каляду і вадзілі вакол яе разам з гасцямі карагод.

Усім вядома, што ў час Калядных свят шмат якія работы забараняюцца, але жыццё ёсць жыццё, і людзі часта парушаюць гэта правіла. Ды вось Ніна Дзмітраўна, кіраўнік ансамбля “Радзіна” распавядала ўсім, што трэба зрабіць, калі людзі грашылі ў гэтыя святочныя дні. Трэба ўзяць дзяркач, пакласці яго на парозе хаты і пасекчы сякерай, папрасіўшы пры гэтым прабачэння ў Каляды, а затым усё смецце-розгі аднесці на скрыжаванне дарог і спаліць. Усё гэта Ніна Дзмітраўна потым з пачуццём гумарыу і прадэманстравала перад прысутнымі, запрасіўшы жадаючых далучыцца да яе.

І вось настаў урачысты момант: дырэктары Раваніцкага СДК і Ушацкага СДК выносяць Каляду на вуліцу, аддаюць яе ў рукі Ніны Дзмітраўны, якая ўжо сядзіць на вялікіх санках, што прымацаваны да калёс. Усе ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, дзеці, госці хто на конях з калёсамі, хто на машынах паімчалі з песнямі і музыкай праз вёску (так трэба па абраду) аж у  суседнюю Марціянаўку.

Пад’яджаем і бачым: у адкрытым шырокім полі ва ўсёй сваёй велічы стаіць раскідзісты дуб-прыгажун. Усе дружна сабраліся вакол яго. Малады спрытны хлапец Сямён хутка ўскоквае на дуб, здымае адтуль Каляду мінулага года. Крыху воддаль ад дуба мужчыны распальваюць вогнішча, дзе будуць паліць старую Каляду. Сямён пачынае цягнуць на вяроўцы  новую Каляду на дуб, добра яе там умацоўвае, ставіць да яе і гаршок з куццёй. Удзельнікі ансамбля “Радзіна” пяюць калядную песню ў гэты час і частуюць людзей.

Гарэў касцёр, усе весела вадзілі карагод вакол дуба з Калядой. Дарэчы, такога вялікага карагоду, кажуць, не было яшчэ ніводзін год.

Вы спытаеце, у чым сэнс гэтага абраду? Адкажу. Так рабілі іх продкі — цягнулі Каляду на дуба. Тым самым праз гэта ахвяраваннем замаўлялі на новы добры ўраджай і шчаслівае жыццё, спадзяваліся толькі на дабро.  Хочацца ведаць, для чаго палілі старую Каляду? А каб спаліць з ёй усе грахі, усё тое дрэннае, што было за год. Унікальнасць гэтага абраду ў тым, што ён, адзіны на тэрыторыі Беларусі, захаваўся толькі ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна і ладзіцца там кожны год у адзін і той жа дзень напрыканцы Каляд. Так гучна і шматлюдна тут бывае толькі ў гэты дзень.

Мы першы раз прысутнічалі на такім абрадзе і былі проста ў захапленні ад убачанага. З цудоўным настроем усе вярталіся ў Новінскі СДК. Там гасцей (а гэта былі сябры клубаў “Сустрэча” з Беразіно і “Радуга” з в. Новіны, самадзейныя артысты з Раваніч, Беразіно, ансамбль “Валошкі”) запрасілі падсілкавацца каляднай вячэрай. І зноў мы былі прыемна ўражаны: сталы засланы тканінай бела-сіняга колеру на нацыянальны лад, а з боку стаіць “каўбаснае дрэва” — вось гэта было дзіва! Кожнаму госцю быў пакладзены на талерачку блін, з яго пачыналася частаванне. Сталы ламіліся ад беларускіх нацыянальных страў: дранікі, аладкі, халадзец, катлеты з сушаных грыбоў, дамашнія каўбаса і сала, мачанка з начынкай, гарачая бульбачка, кісель у місках, рознае печыва — усяго не пералічыць.

Пасля каляднай вячэры нам прапанавалі культурную забаўляльную праграму. Спачатку пад музыку былі праведзены гульні: “Ручаёк”, “Яшчур” (з вяночкамі), ”Падушачка”, “Кот”, у якіх удзельнічалі дзеці і ўсе жадаючыя.

А потым пачаліся танцы ў выкананні дзіцячага фальклорнага ансамбля “Валошкі”, які днямі атрымаў званне ўзорнага. Існуе ён ужо 15 гадоў, а быў створаны  Нінай Дзмітраўнай. У якіх толькі конкурсах яны не ўдзельнічалі: рэспубліканскі конкурс “Берагіня” у Гомельскай вобласці, рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва “Сугалоссе” ў Салігорскім раёне, фестываль “Слуцкія паясы” ў г.Слуцку. Можа, з добры дзесятак танцаў яны паказалі гасцям. Тут былі і добра вядомыя нам “Кракавяк”, “Нарэчаньку”, “Падыспань”, і незнаёмыя — “Крыжык”, “Новінская полька” і многія іншыя. Трэба было бачыць, з якім уздымам танчылі дзеці. І не было на іх супынку, і не было ў іх ні кропелькі стомы. І ўвесь час з дзецьмі танцавалі і гулялі Ніна Дзмітраўна і Святлана Клімовіч (не перастаеш здзіўляцца жыццёвай энергіі гэтых няўрымслівых жанчын, сапраўдных энтузіястак сваёй справы).

Мясцовыя жанчыны — члены клуба “Радуга” пры Новінскім СДК расказалі нам падчас каляднай вячэры, як у іх вёсцы калядуюць, просяць калядоўшчыкаў не мінаць іх дамы, а  па суседніх вёсках ездзяць калядаваць на конях. Пахваліліся і тым, што іх унукі і дзеці, прыязджаючы з Паплаўскай школы, з радасцю бягуць кожны дзень на рэпетыцыю ў Дом культуры, і іх не адарваць ад гэтага занятку. Апавядалі і пра тое, што ўсе значныя святы праводзяць разам: ансамбль “Радзіна”, ансамбль “Валошкі” і найбольш актыўныя мясцовыя жыхары.

Пачуўшы гэта, мы ад душы парадаваліся, што тут жывуць такія дружныя, шчырыя людзі. Не апісаць словамі, якую асалоду мы атрымалі ад перажытага  ў гэты дзень, як прыемна адпачылі ў гэтых гасцінных людзей. Мы вельмі ўдзячны сваім сябрам за свята душы!

Вось такіх ці падобных на іх запамінальных дзён адпачынку было ў жыцці нашага калектыву Раваніцкага СДК за мінулы год нямала. Пералічу толькі некаторыя з іх: паездка напярэдадні Дня маці ў Дом культуры Мінскага трактарнага завода на канцэрт ансамбля “Бяседа”, у г.Чэрвень на юбілейны канцэрт “Ігуменскіх балагураў”, дзе прыемнай нечаканасцю было знаёмства з таленавітымі калектывамі — ансамблем “Славянскі настрой” з Ратамкі Мінскай вобласці і ансамблем “Дзянніца” з г.Дрыбін Магілёўскай вобласці, а таксама паездка летам у Мінск у цырк на праграму братоў Запашных. Зараз у нашых планах наведванне Беларускага нацыянальнага тэатра імя Я.Купалы на спектакль.

Такія паездкі саграваюць нашы сэрцы, робяць наш адпачынак больш змястоўным. І ўсё гэта магчыма ў жыцці нашага калектыву, дзякуючы нястомным, няўрымслівым кіраўнікам — дырэктару Раваніцкага СДК Рыгору Аляксандравічу Ладуцьку і мастацкаму кіраўніку, яго жонцы Тамары Міхайлаўне. Па жыцці яны вялікія аптымісты, ініцыятары розных творчых ідэй, хлебасольныя гаспадары свайго прыгожага ўтульнага дома і проста шчырыя людзі, якія ўмеюць сябраваць, радавацца жыццю, ніколі і нікому не адмовяць у дапамозе. У іх сэрцах хапае месца і цяпла на ўсіх: дзяцей і ўнукаў, сваякоў, сяброў і аднавяскоўцаў. Душэўная цеплыня ў іх сэрцах невычэрпная. І цэніцца яна даражэй ўсялякіх матэрыяльных даброт.

Шаноўныя нашы Рыгор Аляксандравіч і Тамара Міхайлаўна! Жадаем вам новых творчых планаў і іх здзяйснення.

Адным словам, мы, удзельнікі ансамбля народнай песні “Крыніца” Раваніцкага СДК, ідзём па жыцці з песнямі і музыкай, не збіраемся старэць душой, скарацца гадам. Жывём, радуючыся кожнаму новаму дню, які прыносіць нам натхненне і шчасце творчасці.

IMG_0271

IMG_0290

IMG_0298

Ад імя ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Раваніцкага СДК —

Тамара ІГНАТОВІЧ. Фота Тамары Ладуцька.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *