«З дапамогай актыву можна зрабіць многае»

Общество

Для даведкі: Чэрвеньскі сельскі Савет утвораны ў 2010 годзе шляхам аб’яднання Вайнілаўскага і Грабянецкага сельскіх Саветаў. Зараз у ім 25 населеных пунктаў. Самая аддаленая вёска — Дуброва, знаходзіцца на адлегласці 30 кіламетраў ад райцэнтра. На тэрыторыі — 938 асабістых гаспадарак, пражывае 2636 чалавек. Структура насельніцтва: працаздольнае  складае 1628 чалавек, моладзі да 18 гадоў — 331, людзей пенсійнага ўзросту — 674 і 3 чалавекі — доўгажыхары.

У складзе сельсавета 11 дэпутатаў. Ёсць назіральная камісія, якая сочыць за захаваннем законнасці, створаны і працуе Савет ГПАП (грамадскага пункта аховы правапарадку).

— У сельвыканкаме працуе чатыры чалавекі: старшыня, упраўляючы справамі, спецыяліст выканкама і бухгалтар. Канешне, з усімі справамі і праблемамі без дапамогі нашага актыву справіцца было б цяжка. У першую чаргу нам дапамагаюць дэпутаты.  Трэба сказаць, што на вёсцы людзі з павагай ставяцца да народных прадстаўнікоў улады. Да іх звяртаюцца па любому пытанню. Я сама не так даўно працую на пасадзе старшыні, другі год, таму яшчэ многаму вучуся. Назіраю за тым, як працуюць мае дэпутаты са стажам. Вось і ідуць на месцы спачатку да дэпутатаў, а той ужо звязваецца са мной. Так, напрыклад, было ў вёсцы Астравы, калі ўзнікла праблема па цеплазабеспячэнню: там зацягвалася вырашэнне пытання па замене цепласетак і па рамонту дарогі. Спачатку звярнуліся да дэпутата, тады разам сабралі сход, абмеркавалі, як вырашыць праблему. Праз некаторы час яе ліквідавалі.

Ва ўсіх вёсках у нас працуюць старасты. Я трымаю з імі пастаянную сувязь па тэлефоне, таму што не заўсёды, калі ўзнікаюць якіясьці пытанні, магу наведацца на месца. Зараз, у зімовы перыяд, шмат пытанняў па асвятленню населеных пунктаў. Іншы раз РЭС нашы заяўкі выконвае па шляху вырашэння нейкіх сваіх праблем.

Не заўсёды і ў тыя дні, у якія яны павінны выязджаць па заяўках менавіта на тэрыторыю нашага сельсавета. Вось у такіх выпадках і разлічваю на старастаў. Яны заўсёды ў курсе ўсіх спраў. Жыхары ведаюць іх тэлефоны. Вырашаем пытанні сумесна. Калі адрамантавалі асвятленне, стараста абавязкова патэлефануе. Многія паўсядзённыя пытанні вырашае стараста: гэта і дапамога ў пасадцы бульбы, нарыхтоўцы сена, і людзей можа згуртаваць на суботнік. У Арэхаўцы, напрыклад, па ініцыятыве старасты Івана Міцкевіча прывялі ў парадак брацкае пахаванне з дапамогай работнікаў Грабянецкага лясніцтва: знялі стары плот, высеклі кусты. У гэтым годзе ўстановім агароджу да свята Перамогі.

У вёсцы Астравіты мясцовых жыхароў амаль ужо няма, у асноўным — дачнікі. Усяго 8 гаспадарак, у якіх пастаянна пражывае 11 чалавек. Старастай тут абралі Пятра Андрончыка, нягледзячы на тое, што сам ён мінчанін. Ён набыў тут дом, увесь час жыве ў вёсцы, трымае хатнюю гаспадарку, карыстаецца павагай у людзей. Чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. З яго дапамогай правялі суботнікі на мясцовых могілках, павыразалі аварыйныя дрэвы, расчысцілі тэрыторыю, абгарадзілі новым плотам. Ён і людзей сабраў, дапамагаў працаваць і асабісты транспарт прадаставіў.

У вёсцы Гарадзішча стараста Соф’я Няборская. Усе надзённыя пытанні з ёй вырашаем разам. Такіх прыкладаў сумеснай работы са старастамі можна прывесці шмат. Мы вельмі рады гэтаму супрацоўніцтву.

Цесна працуем з участковым інспектарам Віталем Саўко, работнікамі школ. У мінулым годзе была зачынена Грабянецкая школа, дзеці адтуль зараз наведваюць Чэрвеньскую СШ №3, дзеці з Сельгастэхнікі і вёскі  Астравы — СШ №4. Трымаем пастаянную сувязь з інспекцыяй па справах непаўналетніх. Вынік нашага супрацоўніцтва — ніводнага выпадку правапарушэнняў сярод непаўналетніх за 2014 год.

Ёсць падтрымка і ад кіраўніцтва ААТ «Райаграсервіс». Гэтая  гаспадарка зараз у нас базавая — амаль усе землі на тэрыторыі сельсавета належаць ёй. Трымаем сувязь з кіраўніком, звяртаемся да яго з некаторымі праблемамі. Не заўсёды ж, канешне, нашы просьбы выконваюцца ў той жа дзень і час, але падтрымка ёсць.

Ведаем і вырашаем праблемы адзінокіх і састарэлых грамадзян. Была ў нас адна такая жанчына ў вёсцы Забод, якой  патрэбен быў догляд. Змясцілі яе ў Раваніцкую бальніцу. Па сацыяльнай сферы пытанні вырашаюцца аператыўна. І з медыцынскім абслугоўваннем таксама праблем няма. Працуе Майзароўскі ФАП, там вопытны фельчар, і ў Вайнілава таксама працуе добры спецыяліст на ФАПе. Скаргаў на іх работу не  бывае.

Застаюцца ў нас і некаторыя нявырашаныя пакуль пытанні. У вёсцы Дыя і сёння не працуе магазін. А жыве тут 128 чалавек. Я сама дэпутат у гэтай акрузе, звярталася да кіраўніцтва райспажыўтаварыства. Праблема ў тым, што ніяк не вырашаецца пытанне кадраў. Па рабоце ж аўталавак нараканняў няма.  Пытанне ўзнікае толькі тады, калі збіваецца графік работы аўталавак. Але ж гэта бывае крайне рэдка. Дарэчы, у дні іх выезду і я прызвычайваюся наведаць вёску. Збіраемся каля аўталаўкі. Там і гутарым. За хлебам людзі прыходзяць заўсёды.

Яшчэ адна праблема на вёсцы — недахоп стасункаў. Адсюль — недахоп інфармацыі. Пажылыя людзі на вёсцы не карыстаюцца Інтэрнэтам, у сродках абмежаваны. Выпісваюць у асноўным «раёнку». Пажылыя людзі прыходзілі па старынцы ў бібліятэку. У Астравах бібліятэку зачынілі, у Вайнілава — пошту. Я была супраць таго, каб яе зачынялі. Мы прасілі вузел  сувязі не зачыняць, але  нашу просьбу пакінулі па-за ўвагай. Ёсць Дом рамёстваў, можна было б там пакой выдзеліць пад пошту. У старым будынку калгаснай канторы прасядзела начальнік пошты без цяпла ў абшарпаных сценах, а пасля Новага года аддзяленне зачынілі. На мінулым тыдні прыехала паштовая машына ў Вайнілава, а людзей каля яе няма. Адна справа, калі чалавек прыйдзе на пошту, у цёплае памяшканне, дзе можна і пастаяць і мець нейкія стасункі з аднавяскоўцамі, пагутарыць. А ля машыны зімой не надта пастаіш. Сталыя людзі шукаюць стасункаў. Іншы раз зойдзеш да каго ў хату, дык не выйсці — людзям неабходна пагаварыць. І па тэлефоне даводзіцца многа гутарыць з людзьмі. Шкада, мы часцей зараз збіраемся на пахаванні.

Яшчэ адно балючае пытанне — вывазка смецця ад могілак. Увогуле вываз смецця па сельсавету ажыццяўляе камунгас, за выключэннем вывазкі смецця ад могілак. У нас на балансе 9 могілак. Пытанне вывазу смецця ад іх — самае злабадзённае.

Нават такія вялікія могілкі як у Астравах, якія фактычна ўжо сталі гарадскімі, камунгас не абслугоўвае. Я звярталася з просьбай аб перадачы іх на баланс ЖКГ, аднак не ўзялі. І ўсё смецце ад гэтых могілак мы вывозім сваімі сіламі, гэтак значыцца сіламі работнікаў нашага выканкама. А нас чатыры чалавекі! І вось мы ідзём і збіраем смецце, якое назапашваюць людзі. У мінулым годзе мы і таблічкі развесілі з просьбай выносіць смецце ў вызначанае месца, і месца тое адгарадзілі. Людзі ўсё роўна зносяць смецце  куды прыйдзецца: і за плот кідаюць, і ля ўвахода. Вырастаюць кучы і пасярод могілак, ад пахаванняў сваіх родных адграбуць — і ўсё на гэтым.

Таму хочацца звярнуцца да людзей: калі вы прыйшлі прыбрацца на могілках, рабіце гэта дастойна, цаніце працу іншых людзей, зносьце смецце ў адведзенае для гэтага месца.

Мы плануем у бліжэйшы час  навесці парадак на Астраўскіх могілках: высекчы кусты, убраць звалкі. Аварыйныя дрэвы мы ўжо ўбралі. Будзем звяртацца да насельніцтва, якое не занята, прыйсці і дапамагчы нам ва ўборцы. Канешне, штосьці пілаваць, высякаць мы будзем прасіць спецыялістаў з арганізацый, якія маюць адпаведныя інструменты. А складваць, зносіць нам патрэбны будуць дадатковыя рабочыя рукі.

Для правядзення ўсіх гэтых работ неабходны сродкі. Ужо з пачатку мінулага года мы вырашылі правесці інвентарызацыю ўсіх зямельных участкаў, якія былі выдзелены раней пад будаўніцтва. Высветлілася, што некаторыя людзі на працягу пяці-шасці гадоў нават і не пачалі будаўніцтва. Мы сталі вызываць такіх гаспадароў у выканкам і выносіць рашэнне па адабранні гэтых участкаў. Адабралі сем участкаў. Тры з іх выдалі грамадзянам, якія стаялі на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, а 4 участкі мы прадалі людзям у прыватную ўласнасць. За іх мы выручылі каля 156 мільёнаў рублёў. З’явіліся яшчэ жадаючыя набыць участкі ва ўласнасць. Такім чынам, да 31 снежня мінулага года мы на продажы зямельных участкаў зарабілі 252 мільёны рублёў.  Гэта дазволіла  ў мінулым годзе ўстанавіць агароджы на могілках у вёсцы Майзарова (412 метраў пагонных) і ў вёсцы  Дуброва (219 метраў), тут яшчэ вызначылі месцы для збору смецця. Перад тым, як ставіць агароджу, павыразалі кусты і звезлі гадамі назапашанае смецце. За гэтыя ж грошы таксама вызначылі і агарадзілі месцы для збору смецця на могілках у Астравах і закупілі плот для агароджы на могілках у вёсцы Грабянец. А ўстанаўліваць яго будзем ужо ў лютым-сакавіку. Папярэдне, канешне ж, таксама правядзём там добраўпарадкаванне.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *