У Новы год — з новым домам

Общество

Напярэдадні Новага года шматдзетная сям’я Юрыя Сёмкіна атрымала ключы ад новага дома ў Чэрвені. Павіншаваць з гэтай радаснай падзеяй шчаслівую сям’ю завіталі начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Чэрвеньскага райвыканкама Алена  Новікава, галоўны спецыяліст аддзела Наталля Занько, галоўны спецыяліст аддзела будаўніцтва і  архітэктуры райвыканкама Аляксандр Раманчык і дырэктар прыватнага прадпрыемства  «АэМДжы» Андрэй Красоўскі (г.Мінск).

— Будаўніцтва жылога дома ажыццяўлялася згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.01.2012 г.  №13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам  дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або  набыцця жылых памяшканняў», — сказала Алена Новікава. Наш аддзел аказваў дапамогу ў пастаноўцы сям’і на ўлік, як асоб, якім неабходна паляпшэнне жыллёвых умоў, выдзяленні зямельнага ўчастка і непасрэдна ў будаўніцтве дома і ўвогуле каардынаваў усё будаўніцтва. Усяго ў Чэрвеньскім раёне на ўліку па паляпшэнню жыллёвых умоў знаходзіцца 1918 сем’яў, у тым ліку шматдзетных — 143. У 2014 годзе шэсць шматдзетных сем’яў атрымалі новае жыллё: тры сям’і — кватэры ў жыллёва-будаўнічых кааператывах і тры — у новых  дамах.

Падрадчыкам будаўніцтва было прыватнае прадпрыемства  «АэМДжы». Яго дырэктар Андрэй Красоўскі,  адзначыў:

— Прыемна было працаваць на будаўніцтве дома для такога гаспадара, як Юрый Міхайлавіч. Ён сам шмат працаваў разам з будаўнікамі, падказваў, дзе, што і як зрабіць. У гаспадарчай пабудове (а яна выглядае так, як асобная хата) пакінуў месца пад лазню, маўляў, сам ужо ўсё аздоблю. У якасці падарунка ад прадпрыемства ўручылі гаспадыні газавую пліту. Мы плануем і далей працягваць будаўніцтва дамоў у раёне: у 2015 годзе — у вёсках Валевачы і Астравы таксама для шматдзетных сем’яў.

Дом вялікі, светлы, чатыры пакоі, кухня 16 квадратных метраў — мара любой гаспадыні. Падведзены газ, вада, ёсць усе выгоды.

Самая малодшая дачушка Віка вучыцца ў трэцім класе гімназіі. Радасна бегае па ўсіх пакоях, яшчэ не вырашыла, у якім ёй больш спадабаецца. Ды і мэблю пакуль што не прывезлі ў дом.

Ганарыцца дзецьмі бацька. Старэйшая Марыя, ёй ужо 20 гадоў, заканчвае вучобу, зараз на практыцы ў Мінску, другая дачка — сямнаццацігадовая Люба вучыцца ў Мінску на повара, сын Дзмітрый — навучэнец будаўнічага ліцэя, Ваня з Кірылам — вучні  другой Чэрвеньскай школы. Сам гаспадар працуе ў эксперыментальнай базе «Натальеўск», жонка Алена — у гімназіі.

Госці павіншавалі сям’ю Сёмкінах з наваселлем, уручылі падарунак — абразы Багародзіцы і Іісуса Хрыста. А шматдзетная сям’я, у сваю чаргу, выказала шчырыя словы ўдзячнасці ўсім работнікам аддзелаў архітэктуры і будаўніцтва, ЖКГ райвыканкама і прадпрыемству «АэМДжы» за новы дом.

 

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *