У літаратурна-паэтычным клубе «Ветразь»

Общество

Днямі яго ўдзельнікі пазнаёміліся з творчасцю беларускага паэта, крытыка, перакладчыка Алеся Дудара, прысвечанага 110-годдзю з дня яго нараджэння. Паэт пэўны час жыў у Пухавічах Ігуменскага павета. Пра яго жыццё распявала ўдзельніца клуба Валянціна Белавусава.

У 1920 годзе паэт аформіўся ў трупу артыстаў, якімі кіраваў Уладзіслаў Галубок. Свае творы друкаваў у газетах «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена».

Алесь Дудар — адзін з лідэраў літаратурнага аб’яднання маладых беларускіх паэтаў » Маладняк». Працаваў з паэтамі: А.Александровічам, М.Чаротам, А.Вольным, М.Зарэцкім, Т.Кляшторным, В.Мараковым. У «Маладняку» сустрэўся з маладой паэтэсай Наталляй Вішнеўскай, якая стала яго жонкай. Алесь Дудар — адзін з першых беларускіх пісьменнікаў, які стаў ахвярай інспіраванай барацьбы з так званым «нацыянал-дэмакратызмам». Верш паэта «Я — малады» ўпершыню быў надрукаваны ў часопісе «Радавая рунь».  У 1928 годзе Алесь Дудар разам з М.Чаротам, А.Вольным, М.Зарэцкім далучыліся да літаратурнага аб’яднання «Полымя». У тым жа годзе за ненадрукаваны верш » Пасеклі наш край папалам» высланы на тры гады ў Смаленск. Па вяртанні ён зноў уключыўся ў літаратурнае жыццё. У 1933 годзе ў Мінску, калі быў адкрыты Дзяржаўны тэатр оперы і балета, перакладаў для яго творы на беларускую мову. 31-га  кастрычніка 1936 года арыштаваны і заключаны ў турму, а праз год расстраляны. Такі лёс напаткаў многіх яго паплечнікаў па літаратурнай дзейнасці. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1957 годзе.

Матэрыял, прысвечаны паэту, члены клуба » Ветразь» убачылі на слайдах, якія былі выведзены на экран і распрацаваны  яго кіраўніком Уладзімірам Дарагужом. Вершы Алеся Дудара прачыталі Лідзія Пыка, Марыя Бяжан, Марыя Чаган і іншыя.

Затым была прадстаўлена прэзентацыя зборніка вершаў Уладзіміра Адамовіча «Крылы жыцця», выдадзенага летась аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Чэрвеньскай ЦБС. Пачалася прэзентацыя з верша, які стаў песняй «Заве мяне памяць, заве». Вершы зборніка глыбокія і разважлівыя. Кранальныя да глыбіні  душы творы пра малую радзіму — вёску Мрочкі Уздзенскага раёна, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады паэта. Гэтым мясцінам прысвечаны вершы: «Мая Уздзеншчына», «Лашанская крынічка», «Вось і Лоша мая!», «Мрочкі», «Сняцца Мрочкі». А колькі ў вершах павагі да сваіх бацькоў! З захапленнем напісана, як бацька іграў на скрыпцы і цымбалах у вершах «Бацькава скрыпка», «Бацька грае на цымбалах». Маці, Марыі Яфімаўне, прысвечаны вершы: «Матуля мая, мамачка!», «Матуля родная мая» і да яго эпіграф «Любоў да маці самая чыстая, самая высокая».

З вялікай пашанай да беларусаў напісаны вершы — маналогі, эпіграфам да якіх сталі радкі з верша «Я»: «Беларус — гэта падараваная Богам святыня».   Як шчыры зберагальнік роднай мовы, Уладзімір Адамовіч напісаў вершы «Мова мая», «Я прамаўляю…».

Самыя высокія пачуцці  выказаны да Беларусі ў вершах : «Чулае сэрца», «Люблю цябе, маю рапсодыю», «Каб любіць Беларусь…». Не абышоў аўтар ўвагай важныя пытанні нашай рэчаіснасці ў вершах «Выбух» (пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС), «Застаюцца дзеці без бацькоў…» (пра сацыяльнае сіроцтва).

Значнае месца ў зборніку займаюць творы пра найвялікшае і найважнейшае чалавечае пачуццё «каханне»: «Я цябе не прыдумаў», «Не трэба пытанняў», «Мы. Двое нас», «Прыслухайся», «Зарапад».

Вершы паэта чыталі ўдзельнікі клуба Зоя Сушкевіч, Ганна Сірэнская, Аляксандра Раманькова і іншыя. Эмацыянальна, ўзнёсла і душэўна прачытаў верш «Крылы жыцця», які даў назву зборніку, сам аўтар.

Задорныя прыпеўкі з гэтага зборніка праспявалі ўдзельнікі клуба пад акампанемент Тамары Рухловай.

Алена ШУЛЬГА, бібліёграф цэнтральнай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *