Падарункі ад маладзёжнай каталіцкай місіі «Чыстае сэрца»

Общество

Напярэдадні Новага года прывёз іх выхаванцам Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Чэрвеня  дырэктар гэтай місіі, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі ксёндз Юрый Санько (на здымку злева). Каталіцкая місія “Чыстае сэрца”  заснавана тры гады таму Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэушам Кандрусевічам у адпаведнасці з прынцыпамі хрысціянскай  міласэрнасці і дзеля дабрачыннай, сацыяльнай дзейнасці.

— Для акцыі “Калядная ўсмешка” мы выбіраем дзіцячыя цэнтры ў невялікіх гарадах, — зазначыў ксёндз Юрый Санько. — Стараемся прывезці падарункі не толькі з салодкімі ласункамі, але і з рэчамі, прыдатнымі да ўжытку. Сёлета гэта дзіцячыя шапкі, шалікі, пальчаткі і рукавічкі. Сабралі падарункі і для тых, хто ладзіць цудоўную святочную імпрэзу для дзетак. З нагоды Божага  нараджэння і Новага года шчыра жадаю чэрвеньцам супакою і любові, каб усе мы былі адкрытыя адзін да аднаго, умелі дзяліцца светлымі і радаснымі пачуццямі…

Дырэктар маладзёжнай каталіцкай місіі весела бавіў час разам з дзеткамі ля Навагодняй ёлкі, аддаючы ім часцінку ўласнага сэрца і душэўнай цеплыні. Ён таксама з цікавасцю пазнаёміўся з лепшымі работамі гурткоўцаў, пагутарыў з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, з дырэктарам Людмілай Дужавай, пацікавіўся накірункамі далейшай працы па развіццю творчых здольнасцяў.

Людміла Яўгенаўна з задавальненнем адзначыла, што   выхаванцы Цэнтра творчасці пад кіраўніцтвам прафесіянальных педагогаў дабіваюцца высокіх вынікаў. У прыватнасці, сёлета многія работы адзначаны абласнымі дыпломамі. Дастойна ацэнены яны кампетэнтным журы і на нядаўнім абласным этапе конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”. З Мінскай вобласці  11 работ з 56, прадстаўленых на рэспубліканскі этап, гэта з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Чэрвеня.

— Вельмі прыемна, што маладзёжная каталіцкая місія наведалася да нас, — сказала, шчыра дзякуючы гасцям, Людміла Дужава. — Мы ганарымся нашымі адоранымі выхаванцамі. А гэтая дабрачынная акцыя пакінула ў іх яркае ўражанне.

На Навагоднім свяце, дзе шмат незабыўных эмоцый дабавілі падарункі “Чыстага сэрца”, у дзяцей шчасліва блішчалі вочкі, не сыходзіла з вуснаў радасная ўсмешка.

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *