Наш зямляк Алег Навіцкі рыхтуецца да другога палёту ў космас

Общество

У сярэдзіне снежня рашэннем Міжведамаснай камісіі Федэральнага касмічнага агенцтва (Раскосмас) па адбору касманаўтаў і іх прызначэнню ў саставы экіпажаў пілатуемых караблёў і станцый уключыла ў састаў асноўнага экіпажу працяглай экспедыцыі «МКС-50/51» і дублюючага экіпажу працяглай экспедыцыі «МКС-48/49» касманаўта Алега Навіцкага (Расія), астранаўтаў Тама Пяске (Францыя) і Пэгі Уітсан (ЗША).

Старт экспедыцыі «МКС-50/51» запланаваны на касмічным караблі «Саюз МС-03» напрыканцы лістапада 2016 года, экспедыцыі  «МКС-48/49» — на касмічным караблі «Саюз ТМА-20М» напрыканцы мая 2016 года. У складзе абедзвюх экспедыцый наш зямляк пазначаны камандзірам касмічнага карабля, бортінжынерам міжнароднай касмічнай станцыі.

43-гадовы ўраджэнец Чэрвеня Алег Навіцкі рыхтуецца да свайго другога палёту ў космас. Першы ён здзейсніў у кастрычніку 2012 — сакавіку 2013 года разам з расіянінам Яўгенам Тарэлкіным і амерыканцам Кевінам Фордам. Працягласць палёту склала больш 143 сутак. Указам Прэзідэнта РФ Алегу Навіцкаму прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі.

Астранаўту Еўрапейскага касмічнага агенцтва французу Тама Пяске — 36 гадоў. Дагэтуль у космас не лятаў. Працаваў інжынерам-даследчыкам у Французскім касмічным агенцтве,  пілотам-інструктарам у авіякампаніі Air France. Атрымаў сертыфікат астранаўта пасля праходжання курсу агульнакасмічнай падрыхтоўкі ў Еўрапейскім касмічным агенцтве.

Пэгі Анэт Уітсон
Тама Пяске
Тама Пяске

Астранаўт НАСА амерыканка Пэгі Анэт Уітсон нарадзілася ў 1960 годзе. Мае ступень доктара навук у галіне біяхіміі. Здзейсніла два палёты ў космас. Першы — у чэрвені — снежні 2002 года разам з расійскімі касманаўтамі Валерыем Корзунам і Сяргеем Трашчовым, другі — у кастрычніку 2007 — красавіку 2008 года разам з расійскім касманаўтам Юрыем Маленчанка. Агульная працягласць палётаў склала больш 376 сутак.

Паводле інтэрнэт-крыніц падрыхтаваў

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота з інтэрнэт-сайтаў Раскосмасу, ЕКА і НАСА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *