Як у перадачы «Жди меня»

Люди и судьбы

Асабіста для мяне гэты год застанецца запамінальным на ўсё астатняе жыццё вельмі важнай падзеяй. Сталася ўсё, як у перадачы “Жди меня”.

Калі мне быў толькі адзін год, бацька пайшоў у войска, служыў пяць гадоў у Казахстане. Пасля службы дамоў не вярнуўся. Там ажаніўся, пражываў у г.Чымкенце. Мне давялося яго ўбачыць толькі два разы: першы, калі я вучылася ў чацвёртым класе, другі — у 21 год. Ён прыязджаў да сваіх бацькоў, якія жылі ў нашай вёсцы на Стаўбцоўшчыне. Шкадаваў, плакаў, што згубіў сваю сям’ю.

Бег час і нашы сувязі абарваліся. А сёлета мяне адшукалі бацькавы ўнукі, якія пражываюць у Расіі ў г.Белгарадзе. Сустрэча была нечаканай, цікавай. Праўда, ім давялося трохі паблудзіць: замест Смілавіч заехалі ў Смалявічы…

Ад іх я даведалася, што, акрамя мяне, у бацькі было яшчэ чацвёра дзяцей: дзве дачкі і два сыны. Памёр ён вельмі рана, у 53 гады. Маладымі памерлі і яго два сыны (самы старэйшы і самы малодшы). Засталіся дзве дачкі, якія жывуць у г. Чымкенце. Па расповяду ўнучкі я даведалася, што мой бацька быў вельмі добры, спакойны па характару чалавек, майстра на ўсе рукі і меў прыгожы почырк.

Госці наведалі шмат цікавых мясцін, ім вельмі падабалася чысціня і прыгажосць нашай краіны. А мне які быў гонар за сваю Беларусь! Цяпер з імі я падтрымліваю сувязь.

А ў надыходзячым годзе  будзе другая адметная падзея — 45 гадоў як доўжыцца маё супрацоўніцтва з газетай “Раённы веснік”. Таму хачу шчыра павіншаваць увесь калектыў рэдакцыі з надыходзячым Новым годам, пажадаць здароўя, аптымізму, творчых поспехаў і актыўных аўтараў.

Няхай раёнка безумоўна

У хату кожную прыходзіць,

Цікавай будзе і змястоўнай

І чытачоў сваіх знаходзіць.

А калектыву пажадаю:

Здзяйснення мар, усіх даброт!

Няхай вас радасць сустракае,

Шчаслівым будзе кожны год!

А ўсім жыхарам раёна прысвячаю гэты верш:

Дні месяцы адлічваюць,

А месяцы — гады!

За справамі, за лічбамі

Спяшыць год малады.

 

Што прынясе ён кожнаму?

Не ведае ніхто.

Сняжынкі асцярожныя

Ляцяць на паліто.

 

Іду вясковай вуліцай:

У дамах зіхцяць агні…

А думкі просяць, туляцца:

Нястачы прагані.

 

Нясі, год, змены новыя,

Шмат радасных падзей.

Салюты каляровыя

І шчасце для людзей.

 

Дай болей ласкі, святасці,

Спагады, веры дай.

Настрою — прыўзнятасці,

Турбот не прыбаўляй.

 

Больш дзетак нараджаецца,

Пануе ў сем’ях лад.

Хваробы хай вяртаюцца

Адкуль прыйшлі назад.

 

Душа любоўю грэецца,

Шчыруе дабрыня.

Мы будзем жыць, надзеяцца

На лепшае штодня.

 

Дванаццаць набліжаецца…

Я чую ўжо здаля:

Зіма з “казой” вітаецца

І просіць да стала.

 

Раіса ВЕРАЦІЛА,

в. Жураўкавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *