Іван ЯРАШЭВІЧ: «Роднаму краю часцінку душы прысвячаю…»

Люди и судьбы

Яго імя добра вядома чытачам нашай газеты. Многія, асабліва ў Смілавічах і навакольных вёсках, падчас стасункаў з гэтым чалавекам па-добраму заўважаюць яго адкрытасць, шчырасць, разуменне радасцяў і боляў душы.

Іван Паўлавіч вядомы як таленавіты педагог, які працяглы час узначальваў у Смілавічах калектыў СШ №1. А яшчэ — як няўрымслівы краязнаўца, цяперашні руплівы супрацоўнік музея Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, шмат гадоў знітаваны з прэсай. На яго рахунку сотні публікацый у раённай, рэспубліканскіх газетах і часопісах,  кнігі «Чэрвеньшчына: гісторыя ў тапонімах», «Ягада жыцця», «Ад школы механізацыі сельскай гаспадаркі — да ліцэя». Пабачылі свет творы Ярашэвіча ў аўтарытэтных калектыўных зборніках «Галасы роднай старонкі», «Подыхам адзіным», альманаху «Гоман», часопісах «Нёман», «Родная прырода», «Белая вежа», «Планета — сям’я», «Адукацыя і выхаванне». На падыходзе выданне кнігі «Вайна ў лёсе дзяцей».

 Калектыў рэдакцыі «Раённага весніка» асабліва ўдзячны сяброўству і супрацоўніцтву з Іванам Паўлавічам. У нас ён ведае ўсіх і яго ўсе ведаюць як даўняга пазаштатнага аўтара, цікавага субяседніка.

Сёння Івану Паўлавічу Ярашэвічу спаўняецца 70 гадоў. З гэтай нагоды давайце пагартаем кнігу яго жыцця па адказах на пытанні.

  1. — Іван Паўлавіч, як краязнаўца, Вы, канешне ж, добра ведаеце гісторыю свайго роду?

— Карані майго роду знаходзяцца на Ганцаўшчыне. Гэтыя мясціны маляўніча апісаў Якуб Колас у трылогіі “На ростанях”.

…Мусіць, я ў след ягоны ступіў,

Бо сверб вершавання

мяне ахапіў.

Мае продкі спрадвеку займаліся сялянскай справай. Акрамя таго, былі майстрамі на ўсе рукі. Гэта перадалося і нашчадкам. Дзед Андрэй быў аграномам ад Бога — лепей зямлю ніхто ў вёсцы не адчуваў.

Існуе герб Ярашэвічаў. Ён сведчыць, што сям’я шляхетнага роду. Менавіта дзядуля Андрэй мне ў дзяцінстве аб гэтым і расказаў, а я пазней, у часы перабудовы,  адшукаў пацверджанне.

Бацькі сялянскай працай займаліся. Зразумела, адносіліся да дробнай шляхты.

Мы — праваслаўныя. Да прыняцця хрысціянства далёкія продкі абагатваралі зямлю і сонца. Адсюль і пайшло прозвішча. У язычнікаў Яра, Ярыла — Бог сонца і ўрадлівасці. Мне таксама падабаецца працаваць на зямлі. Не забываюцца і балоты. Іх помню, бачу ў сне,  далёка-далёка, як кажуць, унюхваю па паху. І лес на той маёй малой Радзіме — таксама самы прыгажэйшы…

  1. — У якіх традыцыях Вас выхоўвалі ў сям’і?

— Дзеці ва ўсіх сем’ях майго роду выхоўваліся ва ўмовах узаемапавагі, працавітасці, традыцыях беларускай народнай педагогікі. Стрыжань яе — прыклад старэйшых. Ніколі не ўжывалася пакаранне, дрэннае слова. Ніхто не курыў. З самага маленства мы працавалі. Кожнаму знаходзілася справа па ўзросту. Помніцца, як рыхтаваліся садзіць бульбу. Чатырохгадовую малодшую сястру Зоню дзед усаджваў ля капца бульбы і паказваў ёй адкідаць гнілыя клубні. У яе былі вельмі зоркія вочы.

А я з бабуляй Зосяй  яшчэ да школы хадзіў збіраць грыбы, чарніцы, брусніцы. Вазілі іх прадаваць у Баранавічы. І сёння ў мяне да гэтага горада асабліва цёплыя адносіны. Люблю ўдыхаць яго паветра з водарам чыгункі.

Журавіны для мяне — ягада жыцця. Так і назваў пазней сваю паэму.

Даводзілася мне таксама драць кару лазы, збіваць хваёвыя шышкі, пасвіць свіней (апавяданне “Іванкавы парасяткі”).

У маёй вёсцы стаіць будынак сельскага Дома культуры. Яго мураваў сумесна з сябрам-аднагодкам Сяргеем Ярашэвічам і старэйшым хлопцам Васілём Канановічам…

  1. — Які адметны фотаздымак маеце з тых далёкіх гадоў?

— Цешаць душу здымкі, дзе зняты з маці, бабуляй і сёстрамі, а таксама  з гармонікам.

Захаваў фотаздымкі і аб працы ў школьнай вытворчай брыгадзе, дзе з’яўляўся брыгадзірам, за што нават грамату атрымаў і тканіну на кашулю. Уражвае многіх здымак аб уборцы каноплі — сённяшнія вучні не вераць у яго рэчаіснасць. І я задумваюся: чаму здарылася такое пераўтварэнне?

Ёсць здымак, дзе вылажу з кабіны школьнай паўтарытонкі. На ёй вучыліся ездзіць і адначасова вазілі ў школу дровы. Ён памятны мне і тым, што прывезлі аднойчы ажно за трыццаць кіламетраў з вёскі Агарэвічы школьнаму сябру Адаму Канановічу вялікі камень для падмурку. Ледзь-ледзь пагрузілі. Сябрую з Адамам і сёння. Кожны раз, калі яго наведваю, агортвае душу цяпло, успамін пра гэты выпадак. Ён шчаслівы чалавек: выгадаваў дачку і сына, дажыў з жонкай Веркай (таксама, як і ён педагогам) да пенсіі. Нават дынастыя пайшла ў асобе дачкі.

  1. — Адукацыя: што закончылі?

— У 1967 годзе за чатыры гады закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна, гістарычны факультэт. Пры паступленні быў конкурс сем чалавек на месца. У той час патрабаваўся і працоўны стаж, таму два гады працаваў у школьнай бібліятэцы.

Ганаруся сваёй “альма матэр”: у тыя часы яна была толькі адна ў статусе ўніверсітэта. Амаль усе сучасныя навучальныя вышэйшыя ўстановы нарадзіліся ў ім.

  1. — Хто паўплываў на выбар прафесіі?

— Свой ідэал сустрэў яшчэ ў маленстве ў асобе двух хлопцаў-студэнтаў у чорных касцюмах, белых кашулях, гальштуках і блішчастых чаравіках. Яны пазней сталі героямі майго апавядання “Чысты чацвер”. Сёння з удзячнасцю называю іх прозвішчы — браты Кляўчэні. Не забыў імёны ўсіх маіх настаўнікаў з сёмага па дзесяты класы. Яны таксама былі прыкладам.

  1. — Якія ў Вас успаміны ад студэнцтва?

— Самыя найлепшыя, найярчэйшыя, як і ўся студэнцкая пара. Вучоба мне дала вельмі шмат. Удзячны прафесарскаму складу гістарычнага факультэта. Яны былі асобамі з вялікай літары. Напрыклад, У.М.Сікорскі — ураджэнец Чэрвеньшчыны, А.І.Кажушкоў.

І сёння маю стасункі з універсітэцкімі сябрамі Анатолем Пугаўкам, Уладзімірам Кошалевым (прафесар), Ларысай Хоміч, Нінай Быкавай, Зояй Шабан. На жаль, рана пакінуў свет сябра Алег Шарыкаў — галоўны ў нашай тройцы. Ён не меў зроку, але чалавек быў надзвычай таленавіты. Віртуозна валодаў баянам, не меў роўных у шахматах, шашках, картах. Пасля ўніверсітэта кіраваў прадпрыемствамі для інвалідаў па зроку ў Оршы і Полацку. Анатоль Пугаўка да выхаду на пенсію працаваў выкладчыкам у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, кандыдат гістарычных навук.

Падчас студэнцтва мне давялося працаваць: грузіў, разгружаў, супрацоўнічаў у рэспубліканскай дзіцячай экскурсійна-турыстычнай станцыі, ездзіў на цаліну. Не забываюцца археалагічныя раскопкі ў вёсцы Гарадзішча Мінскага раёна, паездка ў Эрмітаж. Заўсёды трапятала сэрца, калі гучала па радыё “Элегія” ў выкананні аркестра народных інструментаў універсітэта. У ім я іграў на балалайцы-секундзе. Нотаў не ведаў і не ведаю. Трапіў туды, бо пілікаў на гармоніку. Успомнілі пра гэтае музыкаванне, калі спатрэбілася паслаць ад факультэта прадстаўніка ў аркестр замест выбыўшага. Мучыўся. Дзяўчына, якая іграла на галоўнай балалайцы, крыху навучыла мяне як трэба перабіраць струны. Балалайку браў з сабою ў інтэрнат.  У пакоі трэніраваўся пад акампанемент рук і віхлянняў целаў студэнтаў з Кеніі. Ім мая ігра падабалася. Чаму не адмовіўся? Не было звычаю дэкану адмаўляць. Акрамя таго, мне, сыну калгаснікаў, жыццёва патрэбны былі інтэрнат і стыпендыя.

А яшчэ я спяваў у хоры — тут ужо з задавальненнем. Меў вопыт з калгаснай самадзейнасці.

  1. — Паслужны спісак. Дзе, кім працаваў?

— Пасля  заканчэння ўніверсітэта ўсё маё жыццё звязана з Чэрвеньскім раёнам. Працаваў выкладчыкам Смілавіцкага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча №23, у Чэрвеньскім райкаме партыі, намеснікам дырэктара ў вышэй названай навучальнай установе, дырэктарам Смілавіцкай сярэдняй школы №1. Зараз займаюся музеем у Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы.

  1. — Калі праявіліся літаратурныя здольнасці? Якія пачуцці выклікала першая публікацыя?

— Яшчэ ў дзяцінстве. Мяне заўжды цікавіла прыгожае і трапнае слова. Першыя замалёўкі, заметкі паявіліся ў газеце Ляхавіцкага раёна “Будаўнік камунізма”. Здаецца, у 1962 годзе ў ёй быў змешчаны мой здымак як лепшага селькора. Пра пачуцці не магу ўзгадаць, а што пачалі мяне заўважаць паважаныя людзі — помню. Першы верш быў надрукаваны ў гэтай газеце ў 1963 годзе пад назвай “Раніца”. Абласная газета “Заря” ў сакавіку гэтага ж года паведамляла аб абмеркаванні на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання пры раённай газеце твораў шэрагу маладых аўтараў, у тым ліку і маіх. Да выдання быў падрыхтаваны невялічкі зборнік вершаў…

Успамінаецца з усмешкай, як перад пачаткам кінасеансаў вёў у клубе гукавую газету “Шэршань”. За “кусанне” “Шэршня” мне паказвалі кулак.

10. — Якая ў Вас сям’я. Дзеці чым займаюцца?

— У мяне дзве любімыя дачушкі-прыгажуні. Яны — маё самае вялікае шчасце, гонар, багацце, дасягненне і сэнс жыцця. Старэйшая Вольга — урач-оталарынголаг. Малодшая Лілія — акушэр-гінеколаг. Дзякую Богу за іх. Унукі — Максім і Фёдар. Ім уся мая ўвага, любоў, клопаты, пяшчота.

... Не засумаваў,

што быць маладым перастаў —

У іх бессмяроцце прыдбаў.

  1. — Хто з’яўляецца падтрымкай у жыцці?

— Жонка Раіса Міхайлаўна. Яна — фундамент і стрыжань майго жыцця, Ангел-ахоўнік. Без яе шмат што ў мяне не адбылося б.

Раіса Міхайлаўна закончыла біяфак універсітэта, працавала выкладчыкам у Смілавіцкім ліцэі.

  1. — Узгадайце, калі ласка, пра рамантыку Вашага кахання.

— Гэта вельмі асабістае пачуццё. Але магу сказаць, што спаткаліся мы ва ўніверсітэцкай бібліятэцы.  Пакахалі адзін аднаго, затым пажаніліся і з 1968 года сумесна ў ладзе і згодзе крочым па жыцці. Памятаю, першага лістапада быў дзень не асенні, а летні: свяціла сонца, стаяла цяпло. Яна ішла ў лёгкай прыгожай сукенцы ў Смілавіцкі сельсавет на рэгістрацыю шлюбу. Прырода спрыяла нам. Больш такога надвор’я першага лістапада я не назіраў.

  1. — Акрамя таго, што Вы шмат пішаце, няспынна займаецеся краязнаўчымі росшукамі, ці ёсць яшчэ якія іншыя захапленні?

— Так. Са школьных гадоў збіраю манеты, папяровыя грошы, гістарычныя дакументы, старыя кнігі, маркі, канверты, каменныя прылады працы і іншае.

Люблю чытаць кнігі, таму маю неблагую бібліятэку. Амаль з дзяцінства захапляюся пчалярствам. У грыбах, ягадах, на балотах знаходзіў чмяліныя гнёзды і прыносіў на мяжу агарода. Сапраўдныя пчолы маю з 1977 года. Сваім настаўнікам у гэтай справе лічу Міхаіла Станіслававіча Арановіча, ветэрынарнага доктара, вельмі паважанага на Чэрвеньшчыне чалавека. Сам ужо маю некалькі вучняў-паслядоўнікаў. І ўсё ж, галоўнае маё захапленне — краязнаўства. Роднаму краю часцінку душы прысвячаю.

  1. — Як ставіцеся да рэлігіі?

— Станоўча. У маленстве і да класа пятага, пакуль функцыяніраваў храм, з бабуляй Зосяй хадзіў у царкву. Любіў і люблю Вялікодную службу. На ўсяночную, прыкмеціў, заўжды ночы цёмныя. Царкоўную кніжку суседа прачытаў, мабыць, у чацвёртым класе. Маю ў сваёй бібліятэцы двухсотгадовае Евангелле, шэраг кніг рэлігійных.

Не прызнаю ў веры фанатызм, КВД (куды вецер дзьме), паказушнае, моду, бо гэта дыскрэдытуе яе. Рэлігія ж — ціхая, з Богам у душы і ў добрых справах. У час дырэктарства плённа супрацоўнічаў з айцом Валер’янам у духоўным выхаванні вучняў Смілавіцкай сярэдняй школы №1. Выконвалі прынятую праграму. Здаецца, што ўпершыню менавіта я запрасіў гэтага святара на ўрачыстую лінейку. Сярод святароў у мяне ёсць добрыя знаёмыя. У прыватнасці, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, ураджэнец вёскі Карзуны нашага раёна. Яго жыццё — прыклад самаадданага служэння людзям.

Не адмаўляю існавання іншых канфесій. Сталася так, што ведаю муфція мусульман Беларусі Шабановіча. З ім вучыўся ва ўніверсітэце. Аб асабістых сустрэчах з Ібрагімам Канапацкім, пачынальнікам татарскага адраджэння, раней распавядаў чытачам “раёнкі”.

Не магу не ўспомніць прасвітара царквы хрысціян веры евангельскай у Смілавічах А.У.Разанцава. А ў мінулым годзе адбыліся ў мяне стасункі з вядомым у Беларусі ксяндзом Уладзіславам Завальнюком.

Вельмі люблю слухаць арган. Да вялікіх святаў нам, дзецям, заўжды рабілі абновы ў адзенні. А хіба можна забыць біткі ў яйкі, падарункі хросных?

І ў савецкія гады вера не знікала — яна была непасрэдна з чалавекам, не выстаўлялася напаказ. Менавіта гэта забяспечыла яе сучасны росквіт у Беларусі.

  1. — Самая каштоўная парада, якую Вы атрымалі?

— Нічога не баяцца, але мець і прадбачлівасць. Пастаянна паглыбляць веды, вучыцца, працаваць, ставіць новыя мэты, не сумаваць аб былым і не адмаўляць яго, якім бы горкім ні было. Усё пражытае-перажытае — тваё і трэба правільна рабіць з яго высновы.

  1. — Якімі сваімі дасягненнямі ганарыцеся?

— У першую чаргу, сям’ёй: дочкамі, унукамі, іх поспехамі. Са зробленага — што даў Бог напісаць, пакінуць пасля сябе, за што дзякую яму і малюся, каб спрыяў яшчэ далей…

  1. — Якую мэту ставіце перад сабой?

— Каб толькі Усявышні падмацаваў маё жаданне здароўем — завяршыць, як сёння модна казаць, пачатыя праекты: выдаць зборнік паэзіі на роднай і рускай мовах, прозы, навукова-папулярнае даследаванне “Што ў прозвішчы тваім?”.

  1. — Што цэніце ў людзях?

— Працавітасць, адкрытасць, шчырасць, годныя адносіны да іншых, спагаду, гатоўнасць дапамагаць на справе, а не на словах, суперажываць, помніць зробленае табе дабро. Трэба бачыць у кожнай асобе чалавека — гэтага так не хапае сёння, асабліва ў начальніцкім асяроддзі.

  1. — А што не ўспрымаеце ў людзях?

— Двурушніцтва: калі на пасадзе — да падлогі паклон, а калі не — не ўбачыць, міне, а ў кішэні — дуля ці ў думках праклён. Зайздрасць — страшная хвароба, шмат бяды яна прыносіць людзям. Не ўспрымаю таксама сквапнасць, узвышэнне сябе над іншымі, абяцанкі-цацанкі, помсту, уласцівасць забываць зробленыя табе добрыя справы, дапамогу. А яшчэ — непаважлівасць да бацькоў, старэйшых, жонкі, дзяцей, продкаў.

  1. — Гістарычная асоба, якая Вас цікавіць?

— Такіх цікавых для мяне асоб шмат. Але асаблівую ўвагу звяртаю на тых, хто і ідэі прапаноўвае, і ажыццяўляе іх…

  1. — Любімае свята?

—  Усе святы люблю адзначаць, таму што яны спрыяюць сустрэчам блізкіх людзей, сяброў, шчырым размовам. Але асаблівыя пачуцці выклікаюць Новы год, Каляды, Вялікдзень, Купалле. У дзяцінстве чакаў Спас — у нас называюць яго Сплянне. Не адцураўся і ад 7 лістапада…

  1. — Любімая песня?

— Матчына:

“…Ой ты, сад мой,

Сад мой, зеленой!

По том садику

Ванюша гулял.

Ой, сладки вишенки

Ванюша щипал…”

Голас у маці быў моцны і прыгожы. Калі яе шукаў у лесе, каб падмяніць ці дапамагчы пасвіць статак, я не блукаў, а прыслухоўваўся. Мелодыі ўзнімаліся вышэй вершалін дрэў і дакладна ўказвалі мне напрамак.

Сам ведаю шмат песень і з задавальненнем спяваю. Іншым разам здзіўляюся — адкуль яны і бяруцца. Шчыміць сэрца, калі гучыць:

“…Незамутимы и глубоки

В пущах Полесских

Бьют родники.

Вечером ранним,

Ночью густой,

Можно в них звёзды

Тронуть рукой…”

  1. — Любімае месца ў нашым раёне?

— Ваколіцы рыбгаса “Волма”. Асабліва балота за падпорнай сажалкай, калі дайсці да яго з боку былога фальварка Манюшкаў Убеля. Малюнак — казачны, фантастычны, асабліва на світанку ці  пры захадзе сонца. Скрозь усё ружова-малінавае ад цвіцення смолкі звініць, зліваецца з небам. Водар — не апісаць.

  1. — Любімы тост?

— Я не арыгінальны. Заўжды жадаю здароўя, здзяйснення таго, што чалавек сам жадае сабе і што пажадалі яму добрыя людзі.

  1. — Любімы анекдот?

— Слухаць іх люблю, асабліва жартоўныя, цёплыя, узятыя з жыцця. Сам жа не расказваю. У гэтым для мяне прыкладам з’яўляецца Мікалай Андрэевіч Барбук з Грабёнкі. З яго мініяцюр можна выдаць кніжку.

  1. — Што па-Вашаму трэба чалавеку для шчасця?

— На маё паразуменне — шчасце чалавека ў сям’і, яе добрым становішчы, выніковай любімай працы, запатрабаванасці ў людзей, іх удзячнасці табе. І, канешне, мець здароўе.

  1. — Любімая пара года?

— Кожная пара года падабаецца сваёй адметнасцю. Асабліва па душы жніво. Спелае жыта чую здалёку. Вельмі любіў пасвіць статак па жніўю. Невыказнае шчасце, калі непадалёку ад чарады кароў збіраецца вялікая колькасць маладых буслоў, якія ўжо рыхтуюцца да выраю і набіраюць вагу на добрым харчаванні.

Мае стыхіі — і грыбная пара, і восень — творца казачных колераў. А самы любімы з іх — зялёнай руні ў сонечны лагодны асенні дзень. Здаецца, ён абуджае гены хлебароба. Мусіць, нездарма, як успамінала бабуля, доўгі час хлеб я называў “жыцін”.

  1. — Калі б надарылася такая магчымасць, што б змянілі ў жыцці?

— Займаўся б толькі навукай і творчасцю. Позна зразумеў, што ў гэтым напрамку шмат не зрабіў.

  1. — Які запавет Вы хацелі б перадаць моладзі?

— Пастаянна здабываць веды, атрымаць любімую прафесію, а не дыплом. Не саромецца раіцца, прасіць парады, выкарыстоўваць вопыт іншых. Мець сям’ю. Любіць дзетак. Пабудаваць дом, пасадзіць сад. Шанаваць продкаў, бацькоў, сваякоў, не забываць сяброў, дабро, зробленае вам. Іншым разам маладым сучаснікам не хапае менавіта такіх цёплых чалавечых адносін.

  1. — Якія зараз у Вас грамадскія клопаты?

— Дапамагаю ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, жыхару вёскі Жураўкавічы Канстанціну Анісімавічу Патапчыку ўсталяваць  мемарыяльны знак у памяць жыхароў яго вёскі і Падгор’я, якія загінулі на фронце. Ён з бацькам пайшоў на вайну, быў цяжка паранены. Бацьку не дачакаліся. Ішлі на фронт па адной дарозе, у адзін дзень. Вярнуўся толькі ён — сын.

Ветэран лічыць сваім святым абавязкам пакінуць напамін аб тых людзях. Доўгі час шаноўны Канстанцін Анісімавіч у гэтай пачэснай справе быў адзін. Але адгукнуліся людзі. Зараз устаноўлены прыгожы камень, на ім умацавана дошка з прозвішчамі, зроблена добрая агароджа. Усё — прыгожае, з густам, з улікам рэкамендацый мінскіх мастакоў.  Мяркую, неўзабаве адбудзецца ўрачыстае адкрыццё. “Раёнка” зможа першай паведаміць пра гэтую падзею.

  1. — Ваш дэвіз?

— Ісці ўперад, не сумаваць, не абцяжарваць родных людзей сумненнямі, скаргамі на хваробы. Радавацца кожнаму Божаму дню, спадзявацца на лепшае.

 

ПАЖАДАННЕ ЮБІЛЯРУ:

Паболей шчаслівых імгненняў у жыцці, новых творчых здабыткаў. А яшчэ — моцы духу, каб здароўе не падводзіла, настрой бадзёрыў, не згасала імкненне быць патрэбным людзям і грамадству. І  хай доўжыцца справамі трывалае супрацоўніцтва з нашай газетай.

З Днём нараджэння, шаноўны Іван Паўлавіч!

Юбіляра распытваў Аляксандр БУШЭНКА.

Фота з сямейнага

архіву Ярашэвіча.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *