Урад даручыў увесці мараторый на любое павышэнне тарыфаў на паслугі натуральных манаполій

Официально

Урад даручыў Міністэрству эканомікі ўвесці мараторый на любое павышэнне тарыфаў на паслугі натуральных манаполій і суб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становішча на таварным рынку. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 1207 ад 19 снежня 2014 года, якая напярэдадні ўступіла ў сілу, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Дакумент прыняты ў мэтах недапушчэння росту рознічных цэн і забеспячэння спажывецкага рынку шырокім асартыментам тавараў.

«Міністэрству эканомікі (даручана. — Заўвага БЕЛТА) увесці мараторый на любое павышэнне тарыфаў на паслугі натуральных манаполій, а таксама суб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становішча на таварным рынку, без адпаведнага дазволу ўрада Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў дакуменце. Рашэнне кіраўнікоў Мінэканомікі аб павышэнні такіх тарыфаў без названага дазволу будзе лічыцца падставай для адхілення іх ад займаемых пасад па дыскрэдытуючых падставах.

Мінпраму, Мінбудархітэктуры, Мінсельгасхарчу, Мінлясгасу, «Беллегпраму», «Беллеспаперапраму», «Белдзяржхарчпраму», «Белнафтахіму», іншым рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржарганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам, Мінгарвыканкаму даручана не дапускаць росту адпускных цэн на тавары, што вырабляюцца падпарадкаванымі (уваходзячымі ў склад) арганізацыямі. За выкананне гэтага даручэння кіраўнікі названых дзяржорганаў і арганізацый будуць несці персанальную адказнасць.

Вышэй пералічаным міністэрствам і ведамствам, а таксама холдынгам «Атлант» і «Гарызонт» даручана забяспечыць рост паставак выпускаемай прадукцыі ў рознічную гандлёвую сетку, уключаючы гандлёвыя аб’екты сістэмы спажыўкааперацыі, знізіўшы ўзровень складскіх запасаў і знешняй дэбіторскай запазычанасці.

Мінгандаль, Мінсувязі, Белкаапсаюз, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам у адпаведнасці з пастановай павінны будуць не дапусціць росту рознічных цэн на спажывецкія тавары і забяспечыць наяўнасць шырокага іх асартыменту ў гандлёвых аб’ектах, уключаючы інтэрнэт-гандаль. Невыкананне асартыментнага пераліку гандлёвага аб’екта, незабеспячэнне належнай выкладкі тавараў у гандлёвым абсталяванні, невыкананне заканадаўства аб гандлі пры рэалізацыі тавараў праз інтэрнэт-магазін, а таксама перавышэнне рознічных цэн на тавары ў параўнанні з цэнамі, якія дзейнічалі на 18 снежня бягучага года, будуць лічыцца грубым парушэннем правіл гандлю.

Адказнасць за насычэнне спажывецкага рынку нехарчовымі таварамі айчыннай вытворчасці без росту адпускных цэн ускладзена на першага намесніка прэм’ер-міністра Уладзіміра Сямашку і намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Калініна ў адпаведнасці з размеркаваннем абавязкаў, харчовымі таварамі айчыннай вытворчасці без росту адпускных цэн — на намесніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага, за стабільнасць цэн і забеспячэнне шырокага асартыменту тавараў у рознічнай гандлёвай сетцы, а таксама арганізацыю работы ў цэлым па выкананні гэтай пастановы — на намесніка прэм’ер-міністра Пятра Пракаповіча.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *