Аляксандр Шыфрын — першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу

Общество

Распараджэннем старшыні Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта Івана Мухі па ўзгадненню з Мінаблвыканкамам, першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання прызначаны Аляксандр Шыфрын.

Аляксандр Мікалаевіч Шыфрын нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Чарнаградзь Чэрвеньскага раёна. Мае вышэйшую адукацыю (у 2002 годзе скончыў Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-механік).

Працаваў памочнікам камбайнера, механікам аўтатранспарту, намеснікам старшыні калгаса імя Фрунзе, старшынёй СВК «Чарнаградзь-Агра», намеснікам старшыні СВК «Валевачы», старшым майстрам Чэрвеньскага аўтапарка №20, старшынёй Валевачоўскага сельвыканкама, галоўным інжынерам Чэрвеньскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. З чэрвеня 2012 года да прызначэння на новую пасаду — дырэктар Чэрвеньскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

Аляксандр Шыфрын — дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў 27 склікання.

ВЫТВОРЧАСЦЬ, ФІНАНСЫ, КАДРЫ

— у клопатах па вырашэнню гэтых праблем правёў першы рабочы дзень на новай пасадзе Аляксандр Шыфрын. Вось што ён распавёў у гутарцы з карэспандэнтам «Раённага весніка»:

— Сёння фінансавы стан нашых гаспадарак, мякка кажучы, пакідае жадаць лепшага. Па прычыне закрэдытаванасці яны не маюць магчымасці самастойна набываць мінеральныя ўгнаенні, паліва. Ёсць складанасці з выплатай заробкаў.

Знайсці грошы на неадкладныя патрэбы зараз можна толькі ад вырабленай і рэалізаванай прадукцыі. Цяперашні рэзерв бачу найперш у павелічэнні вытворчасці малака за кошт паляпшэння кармавой базы, строгага кантролю за працэсам кармлення жывёлы, умацавання кадраў у жывёлагадоўлі. Таму ў самы бліжэйшы час за кожнай гаспадаркай будуць замацаваны спецыялісты райсельгасхарчу, якія зоймуцца вырашэннем гэтых пытанняў.

Таксама сумесна з банкамі шукаем варыянты выйсця з сітуацыі, якая стварылася з-за закрэдытаванасці сельгаспрадпрыемстваў. Бо ўжо зараз патрэбны сродкі на падрыхтоўку да веснавых палявых работ.

Займаемся і пытаннем падбору кіруючых кадраў у гаспадарках. Тут пазіцыя такая: хоча і можа кіраўнік працаваць — калі ласка, не — ніхто ўгаворваць і трымаць на пасадзе не будзе.

Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *